Top.Mail.Ru

У Магілёве збіраюцца аднавіць адзін са знакавых помнікаў сакральнай архітэктуры XVІ стагоддзя

Свята-Траецкая царква ў Магілёве адраджаецца не ўпершыню. Яна была спалена падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай, аднавілася і ... зноў моцна пацярпела падчас вайны, на гэты раз Вялікай Айчыннай. У атэістычныя 50-я гады мінулага стагоддзя яе цалкам разбурылі. Прыкладна на тым месцы, дзе стаяла царква, пабудавалі мост. Ён атрымаў імя 21-гадовага Героя Савецкага Саюза Мікалая Яшына, які загінуў у баях за вызваленне Магілёва. Дзевяць гадоў таму каля моста нечакана адкрыліся контуры разбуранага храма.



Цудоўнае вяртанне

Элементы падмурка былі знойдзены пры рэканструкцыі моста ў 2016 годзе. Для гісторыкаў Магілёва гэта стала сенсацыяй. Усе лічылі, што храм цалкам страчаны. Каб абазначыць яго межы, а з часам і адрадзіць, змянілі першапачатковы план рэканструкцыі моста. Знойдзеныя элементы падмурка былі захаваныя і ўключаныя ў турыстычны маршрут.

Сёлета ў Магілёве гучней загаварылі пра адраджэнне святыні. У апошнюю нядзелю ліпеня да месца знаходжання храма быў здзейснены хросны ход, тут заклалі капсулу з пасланнем, якое падпісалі архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і мэр Магілёва Сяргей Чарткоў. Уладыка Сафроній правёў малебен, прысвечаны аднаўленню святыні.

— Гэта адзін з пазнавальных сімвалаў Магілёва, — кажа мясцовы краязнаўца Аляксандр Белахвостаў. — Храм захаваўся на малюнках вядомага мастака Напалеона Орды, а таксама на папулярных у турыстаў паштоўках, зробленых з эфектам гравюры. Ёсць меркаванне, што благаславенне на яго аднаўленне ў XVІІІ стагоддзі даў архіепіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі і Аршанскі, свяціцель Георгій Каніскі. На жаль, адбудоўваўся храм ужо пасля яго смерці. Некаторыя знаўцы кажуць, што асвечаны ён быў у прысутнасці расійскага імператара Аляксандра І у 1810 годзе. Наогул, гісторыя храма вельмі цікавая, таму яго абавязкова трэба вярнуць гораду. Гэта частка нашай багатай беларускай спадчыны. Я ведаю шмат каго, хто хацеў бы сур’ёзна паўдзельнічаць у аднаўленні храма. Вельмі спадзяюся, што ў будучым яго званы зноў загучаць над Дняпром.

«Траецкая набярэжная»

Напэўна, нават у Магілёве не ўсе сёння ведаюць, чаму прыпынак грамадскага транспарту перад мостам носіць такую назву. А звязана яна менавіта са Свята-Траецкім храмам. Траецкая сотня, Траечча, Троіцкі пасад — так калісьці называлі гэту самую ажыўленую частку старадаўняга Лупалава. Праз гэта месца праходзілі гандлёвыя шляхі на ўсход і поўдзень.

— Храм вельмі цікавы, — кажа старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк. — Па сутнасці, ён быў апошні пабудаваны з мясцовай цэглы-пальчаткі ў стылі класіцызму ў эпоху Расійскай імперыі. Да рэканструкцыі моста ўсе думалі, што храм цалкам знаходзіцца пад дарогай. Аказалася, што ацалеў увесь яго перыметр. Першапачатковая ідэя была закансерваваць падмуркі, зрабіць музеефікацыю і праз прызму гэтага храма паказаць, колькі цэркваў увогуле існавала ў Магілёве, зрабіць лакалізаваную карту. Калі знойдзецца магчымасць яго ўзнавіць, я буду гэта толькі вітаць. Тады мы адновім яшчэ адзін помнік таго вялікага Магілёва, які ў пачатку ХХ стагоддзя называлі маленькай беларускай Прагай. Тым больш мы ведаем, як ён выглядаў, ёсць ілюстрацыі, замалёўкі. У музеі захаваўся нават дзённік дзяўчынкі, якая малявала гэты храм падчас паводкі.

З Божым благаславеннем

Дырэктар музея гісторыі Магілёва Сяргей Бяспанскі сведчыць, што архіўныя дакументы, па якіх можна адрадзіць Свята-Траецкую царкву, захаваліся.

— Праект пачынаецца з гістарычнай даведкі, па якую да нас ужо звярталіся, — кажа ён. — І мы яе выдалі.

Аднаўленне пабудовы, а тым больш гістарычнай, — задача нялёгкая. Трэба будзе праводзіць комплексныя навуковыя, археалагічныя даследаванні. Побач з храмам знаходзяцца старадаўнія пахаванні.

— Я атрымаў благаславенне нашага архіепіскапа Сафронія афіцыйна займацца адраджэннем царквы, — кажа іерэй Дзмітрый Чумакоў. — Работа наперадзе вялікая і складаная, бо гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. Мы вялі перамовы з Міністэрствам культуры, атрымалі рэкамендацыі, з чаго пачынаць. Трэба аформіць дакументальна прыход, каб была юрыдычная асоба, разліковы рахунак. Тады мы зможам больш упэўнена рухацца наперад. Да гэтага мы — проста група веруючых людзей, аб’яднаных агульнай ідэяй.

Айцец Дзмітрый расказвае, што назіраў за аднаўленнем Свята-Пакроўскай царквы, якая адбудавалася літаральна на вачах. Там нават больш складаная сітуацыя была. У Свята-Траецкай царквы падмурак захаваўся, а ў Пакроўскай на яго нават намёку не было. Але былі пройдзены ўсе этапы, і сёння храм упрыгожвае магілёўскае Задняпроўе.

— Знайшліся і людзі добрыя, і спонсары, якія дапамаглі фінансава адрадзіць святыню, — кажа іерэй. — Ёсць спадзяванні, што і ў нас атрымаецца. Сабралася каманда вельмі вопытных людзей, якія шмат папрацавалі на адраджэнне і будаўніцтва іншых святыняў. Наша ідэя не толькі ў тым, каб стварыць пабудову, а ў тым, каб аб’яднаць веруючых, і ў цэлым магіляўчан. Месца, дзе быў гэты храм, не простае. Там яшчэ з XV стагоддзя, калі царква была драўляная, маліліся людзі, потым яна была адбудавана з каменя.

Клірык таксама ўказвае на патрыятычны складнік ідэі. 

У раёне моста падчас вызвалення Магілёва ішлі бязлітасныя баі, лепшыя сыны Айчыны паклалі свае жыцці за будучае Радзімы. Не выключна, што на базе храма будзе зроблены музей. Ёсць прапановы захаваць памяць аб абаронцах і вызваленцах у выглядзе сімвалічнага звона або памятнага знака, дзе б адбываліся паніхіды ў Дзень Перамогі і іншыя важныя для краіны даты.

— Абараняць краіну — гэта вялікі хрысціянскі подзвіг, і мы збіраемся праслаўляць нашых герояў, маліцца за іх, — адзначае суразмоўнік. — У гэтым ёсць і выхаваўчы момант. Сёння грамадства імкнецца жыць для сябе, у сваё задавальненне. А павінна існаваць ахвярнасць. Трэба працаваць не толькі для сябе, але і на карысць радзімы. І ў храм трэба часцей прыходзіць, бо без Бога чалавек не бачыць доўгатэрміновай перспектывы.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота з архіва Аляксандра БЕЛАХВОСТАВА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю