У Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы з раніцы ўрачыста. Шмат усмешак, музыкі, віншаванняў. Дзень сапраўды асаблівы, бо тут ушаноўваюць пераможцаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод гарадоў і раёнаў. У фае працуе выстава, прысвечаная Году беларускай жанчыны. На палотнах працаўніцы, майстрыхі, маці, жанчыны з ордэнамі і медалямі за баявыя і працоўныя заслугі.
Мастацкія творы і скульптурныя кампазіцыі вядомых беларускіх аўтараў яскрава перадаюць тую моц і энергетыку, якія праз гісторыю нясе ў сабе беларуская жанчына. Нездарма выстава так і называецца «Жанчына — душа краіны». Цёплыя словы ў адрас жанчын, якія ўнеслі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, гучалі неаднойчы і са сцэны, на якую запрашаліся пераможцы спаборніцтва і тыя, хто сваёй прафесійнай дзейнасцю праслаўляе Прыдняпроўскі край.
— Магілёўшчына па праву можа ганарыцца сваімі жыхарамі — гэта самая наша галоўная каштоўнасць, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Што датычыцца вынікаў мінулага года, то вобласць спрацавала нядрэнна. Мы прыраслі па асноўных кірунках. Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў каля 5 мільярдаў, што на 10 % болей за ўзровень 2024 года, амаль на 10 % падрасла рэальная зарплата, сабраны рэкордны ўраджай збожжа і рапсу — звыш мільёна 404 тысяч тон — на трэць болей, чым у 2024-м. Мы выканалі ўсе сацыяльныя абавязацельствы па Магілёўскай вобласці, стварылі новыя прадпрыемствы, працоўныя месцы. Мы рухаліся ў тых параметрах, якія былі нам зададзеныя.
Пераможцам спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2025 год стаў Магілёў. Старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргею Чарткову ўручаны пераходны сцяг, дыплом I ступені і грашовая ўзнагарода ў памеры 750 базавых велічынь. Сярод раёнаў з колькасцю звыш 20 тысяч чалавек пераходны сцяг, дыплом I ступені і грашовая прэмія ў памеры 525 базавых велічынь прысуджана Шклоўскаму раёну. Пераходны сцяг, дыплом І ступені і грашовую ўзнагароду ў памеры 450 базавых велічынь сярод раёнаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек уключна атрымаў Клічаўскі раён.
Дыпломы другой ступені і грашовыя прэміі атрымалі Горацкі і Кіраўскі раёны, дыпломы трэцяй ступені і адпаведныя грашовыя прэміі Клімавіцкі і Дрыбінскі раёны.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізаваны святочны канцэрт.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby