Top.Mail.Ru
176

У Міністэрстве адукацыі абнавілі спіс спецыяльнасцяў, даступных школьнікам у рамках прадмета «Працоўнае навучанне»

Са школы — з атэстатам і з прафесіяй

Больш за 16 тысяч пасведчанняў аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі атрымалі навучэнцы XІ класаў у 2025 годзе. Гэта значыць, што ўчарашнія школьнікі атрымалі яшчэ больш шырокі выбар у вызначэнні сваёй будучыні — ісці далей за вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй або адразу пасля заканчэння школы пачаць працоўную дзейнасць. Гэта ў адным выпадку. 

У другім — атрыманая кваліфікацыя застанецца з маладым чалавекам, нават калі ён абраў справай свайго жыцця іншую прафесійную дарогу. А запас, як кажуць у народзе, бяды не чыніць.

Прадмет «Працоўнае навучанне» ў 2025–2026 навучальным годзе ёсць у раскладзе 33 130 навучэнцаў Х—XІ класаў. Адукацыйны працэс на базе школ арганізаваны для 12,3 тысячы навучэнцаў X—XІ базавых класаў, ва ўстановах прафесійнай адукацыі — для 20,8 тысячы навучэнцаў X—XІ класаў. Што гэта за працэсы і як у цэлым арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў школах, мы разбіраліся разам з начальнікам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандрай ПЯТРОВАЙ.

Тры прыступкі адной мэты

— На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, вучням І—ІV класаў прывіваюць элементарныя веды і ўяўленні аб розных матэрыялах, тэхналогіях іх апрацоўкі і гэтак далей, — тлумачыць Аляксандра Пятрова. — На другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а гэта V—ІX класы, хлопчыкі навучаюцца па праграме «Тэхнічная праца», а дзяўчынкі — «Абслуговая праца». Па словах начальніка ўпраўлення, тут прадугледжаны і варыятыўны кампанент, які ўключае розныя віды дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці і накіраваны галоўным чынам на азнаямленне навучэнцаў з народнай творчасцю, тэхнічным канструяваннем і мадэляваннем.

— Трэцяя ступень, для вучняў X—XІ класаў, прадугледжвае рэалізацыю адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), — кажа Аляксандра Мікалаеўна. — На прафесійную падрыхтоўку адводзіцца па 6 вучэбных гадзін у тыдзень.

У школах, каледжах, на вытворчасці

Такая падрыхтоўка арганізоўваецца як у школах, так і ў профільных каледжах, якія знаходзяцца ў месцах навучання дзесяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў. Важная ўмова — наяўнасць адпаведнай матэрыяльнай базы.

— У Мінску ўсе дзесяцікласнікі размяркоўваюцца па адпаведных каледжах, якім у свой час была перададзена база вучэбна-вытворчых камбінатаў, — расказвае Аляксандра Пятрова.

Многія ў гэтай сувязі ўспамінаюць ВПК.

— Але ёсць істотнае адрозненне, — кажа начальнік упраўлення. — Гэта абноўлены набор прафесій. На сёння загадам міністра адукацыі зацверджана больш за 90 прафесій, якія можна асвойваць у рамках прафесійнай падрыхтоўкі.

Вучні старэйшых класаў такім чынам, не адрываючыся ад вучобы, могуць асвоіць базавыя навыкі па такіх прафесіях, як муляр, цясляр, аўтаслесар, кухар, тынкоўшчык, швачка, а таксама іншыя прафесіі, якія запатрабаваныя на рынку працы. Па завяршэнні навучання маладым людзям, якія паспяхова засвоілі змест праграмы прафесійнай падрыхтоўкі і здалі кваліфікацыйны экзамен, прысвойваецца разрад, які пацвярджае іх уменні і адкрывае дадатковыя перспектывы для далейшай прафесійнай дзейнасці.

Каштоўнасць гэтага дакумента ў тым, што ў Рэспубліцы Беларусь прафесію кваліфікаванага рабочага можна набыць двума шляхамі: атрымаць у каледжы дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі або асвоіць праграму прафесійнай падрыхтоўкі або перападрыхтоўкі як ва ўстановах адукацыі, так і непасрэдна на вытворчасці.

У жыцці спатрэбіцца

Разуменне рынку працы, сферы, у якой малады чалавек, магчыма, захоча працягнуць адукацыю, — несумнеўны бонус прафесійнай падрыхтоўкі, і гэта адбываецца адначасова з асваеннем праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

— Магчыма, пасведчанне аб прафесійнай падрыхтоўцы ніколі выпускніку і не спатрэбіцца, але ён атрымае тыя неабходныя навыкі і ўменні, якія не будуць лішнімі ў паўсядзённым жыцці, — разважае Аляксандра Пятрова. — Узяць нават такія прафесіі, як швачка, слесар-сантэхнік, слесар-рамонтнік. У побыце заўсёды знойдзецца тое, што трэба прышыць, прыбіць, адрамантаваць. Разгледзім і іншую сітуацыю: у выпускніка складанае фінансавае становішча, і ён, маючы на руках пасведчанне аб кваліфікацыі, вырашыць падпрацаваць. Пытанняў з працаўладкаваннем не будзе, таму што прафпадрыхтоўка вядзецца па рабочых альбо іншых прафесіях, якія сёння запатрабаваныя эканомікай краіны.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю