Гэтаму маштабнаму форуму ўжо дваццаць два гады, і ўвесь гэты час ён дэманструе адукацыйныя дасягненні ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння, калі ў школах, ВНУ і каледжах стаўка робіцца на прафарыентацыйны кірунак, калі набірае сілу траекторыя мэтавай падрыхтоўкі студэнтаў, і сам форум, і мерапрыемствы, якія праводзяцца ў яго рамках, становяцца ўсё больш актуальнымі. Паказальным з’яўляецца і той факт, што школьная і студэнцкая моладзь становіцца мэтавай аўдыторыяй выставы.
Сёлета на выставачнай пляцоўцы «БелЭкспа» сабраліся прадстаўнікі 46 вышэйшых навучальных устаноў і 68 каледжаў Беларусі. Да іх далучыліся 16 расійскіх устаноў адукацыі і ўдзельнікі з Казахстана.
На ўрачыстым адкрыцці выставы міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў актуальнасць і важнасць мерапрыемства, на якім сустрэліся зацікаўленыя ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў прадпрыемствы Мінпрама, лёгкай прамысловасці, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры і тыя, хто рыхтуецца рабіць свой усвядомлены выбар у прапанаваным вялікім пераліку прафесій і спецыяльнасцяў.
Сёлета ўпершыню рамкі выставы пашырыліся новай тэматыкай — «Навучальныя тэхналогіі», якая цікавая для настаўнікаў і выкладчыкаў. У яе экспазіцыю ўвайшлі інтэрактыўнае абсталяванне, адукацыйныя тэхналогіі, электронныя сродкі навучання, метадычныя дапаможнікі, выдавецтвы, адукацыйныя сэрвісы, спартыўны інвентар і іншае. Наведвальнікі змогуць даведацца аб найноўшых, прагрэсіўных кірунках у прафесійнай адукацыйнай дзейнасці, дэталёва пазнаёміцца з дасягненнямі нашай краіны ў навукова-тэхналагічнай сферы.
Фота Віктара ДРАЧОВА