Top.Mail.Ru

У Мінску прайшло пасяджэнне Савета па аграпрамысловай палітыцы Еўразійскага эканамічнага саюза

Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый ГОРЛАЎ, цяпер дастаткова важкія перспектывы супрацоўніцтва краін — членаў ЕАЭС. «На дадзеным этапе існуе магчымасць вырашэння любых пытанняў. Для нас гэта вельмі важна, бо мы з’яўляемся краінай-экспарцёрам: калі больш за 90 % нашай харчовай прадукцыі пастаўляецца ў краіны ЕАЭС. Забеспячэння харчовай бяспекі Беларусь дасягнула яшчэ ў пачатку 2000-х, і сёння мы заяўляем аб тым, што павінны забяспечваць харчовую бяспеку Еўразійскай эканамічнай прасторы», — сказаў ён і дадаў, што Беларусь гатова выпрацоўваць з краінамі ЕАЭС сумесныя рашэнні і пераадольваць бар’еры, якія ўзнікаюць.



Юрый Горлаў расказаў пра шэраг праектаў, па якіх ужо вядзецца сумесная работа. Яна звязана з імпартазамяшчэннем. «У раслінаводстве мы сёння, на жаль, залежныя ад імпарту па насенні цукровых буракоў. Будзе прынята рашэнне выпрацаваць адзіны гібрыд на прасторы ЕАЭС, які будзе выкарыстоўвацца і ў насенняводстве нашай краіны», — растлумачыў міністр. Ён заўважыў, што на базе Нясвіжскага раёна супрацоўнікі доследнай станцыі вядуць выпрабаванні насення цукровых буракоў. Прычым беларускія навукоўцы пастаянна ўзаемадзейнічаюць з расійскімі калегамі па гэтым пытанні.

Як падкрэсліў Юрый Горлаў, Прэзідэнтам нашай дзяржавы пастаўлена задача атрымаць 9 мільярдаў долараў сёлета ад рэалізацыі прадукцыі АПК. І па выніках года мы атрымаем больш за 9 мільярдаў. Міністр адзначыў, што асноўным рынкам збыту застаюцца краіны ЕАЭС. Туды ідзе больш за 90 % паставак. «Мы працуем таксама і па іншых рэгіёнах: па краінах далёкай дугі, па краінах Азіі. Таму для сябе адкрываем новыя рынкі. Мы рэалізоўваем прадукцыю ў больш чым 100 краін свету», — дадаў кіраўнік ведамства.

У пасяджэнні Савета па аграпрамысловай палітыцы Еўразійскага эканамічнага саюза ўдзельнічаюць галоўныя эксперты і міністры аграрных ведамстваў краін — членаў ЕАЭС для абмеркавання ключавых кірункаў развіцця аграпрамысловага комплексу на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Як адзначыла падчас пасяджэння міністр сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Аксана ЛУТ, адным з асноўных кірункаў супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС з’яўляецца навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне ў сферы як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі. «Ужо не першы год Беларусь з’яўляецца лідарам па малочнай жывёлагадоўлі, дэманструючы добры вопыт, які вельмі карысны ў тым ліку і для Расіі. Думаю, што і іншыя краіны ў малочнай жывёлагадоўлі пойдуць па гэтым шляху», — расказала Аксана Лут.

У сваю чаргу міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Гоар БАРСЕГЯН падкрэсліла, што ў рамках ЕАЭС забяспечанасць сацыяльна значнымі таварамі складае не менш за 92 %. Яна лічыць, што гэтыя лічбы сведчаць аб высокім самазабеспячэнні таварамі, калі на тэрыторыі краін мы цалкам закрываем унутраны рынак. «У ЕАЭС ёсць вялікі патэнцыял, таму краінам-удзельніцам неабходна прымаць дадатковыя меры ўзаемадзеяння па пытаннях харчовай забяспечанасці, каб наша насельніцтва наўпрост адчула вынік, — адзначыла Гоар Барсегян. — Мы распрацоўваем нарматыўна-прававую базу па фінансаванні кааперацыйных праектаў у сферы АПК па чатырох кірунках (раслінаводства, жывёлагадоўля, перапрацоўка харчовай прадукцыі і агралагістыка), зыходзячы з разумення, што менавіта з Беларуссю неабходна пашыраць магчымасці супрацоўніцтва, у тым ліку і на ўзроўні бізнесу».

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: Для павышэння ўстойлівасці вытворчасці прадуктаў харчавання мэтазгодна паглыбляць кааперацыю ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю