Уклад Рэспублікі Беларусь у забеспячэнне сусветнай харчовай бяспекі, прычым у розных аспектах гэтага паняцця, сапраўды, важкі. Так, прамы экспарт харчавання з нашай краіны па выніках мінулага, 2025 года, склаў рэкордныя 10 мільярдаў долараў!
Але, разумеючы рэальныя магчымасці аграрнапрамысловага комплексу Беларусі, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ставіць амбіцыйную задачу — нарасціць харчовы экспарт да 2030 года да 12 мільярдаў.
І сумневаў, што гэта будзе зроблена, практычна ні ў кога няма.

У агульным аб’ёме беларускага харчавання, якое прадаецца за мяжу, каля 40 % складае малочная прадукцыя. Па долі сусветнага экспарту сметанковага масла і сухой сыроваткі мы ўваходзім у тройку лідараў, па экспарце сыроў займаем чацвёртае месца, па сухім малаку — пятае! І то няхітра, бо Беларусь прадае да 70 % усяго малака, якое вырабляецца, а вырабляем мы яго па тоне на кожнага беларуса! Але спажываем усяго 247 кілаграмаў на чалавека, так што ёсць, чым падзяліцца з іншымі краінамі.
Дарэчы, краін гэтых нямала — беларускае харчаванне сёння пастаўляецца ў 116 дзяржаў свету! Прычым адбываецца пастаянны рост як аб’ёмаў, так і геаграфіі нашых харчовых паставак.
Выконваючы задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, найболей актыўна ў апошні час нашы вытворцы заходзяць у Афрыку і Азію.
А менавіта там сёння патрабуецца экстраная дапамога, бо, паводле даных ААН, апублікаваных у дакладзе «Стан спраў у галіне харчовай бяспекі і харчавання ў свеце» (САФІ 2025), у 2024 годзе ад голаду на планеце ў цэлым пакутавалі ад 638 да 720 мільёнаў чалавек. Пры гэтым у краінах Афрыкі галадала больш за 20 % насельніцтва (прыкладна 307 мільёнаў чалавек), а ў Заходняй Азіі — каля 12,7 %. Па пазнейшых ацэнках ААН, у 2025 годзе востры недахоп харчавання адчувалі 266 мільёнаў чалавек у 47 дзяржавах, сярод якіх найбольш катастрафічнае становішча склалася ў 10 афрыканскіх і азіяцкіх краінах.
Так што каму пастаўляць і беларускую малочку, і мясную прадукцыю (а яна складае 19 % ад нашага харчовага экспарту) — зразумела. Але не толькі гэтым абмяжоўваецца ўклад нашай краіны ў гарантаванне сусветнай харчовай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Цюй Дун’юем асабліва адзначыў:
«...Мы гатовы ўнесці свой уклад у забеспячэнне спажыўцоў у свеце мінеральнымі ўгнаеннямі. Больш за тое, каля 20 % усіх мінеральных угнаенняў у свеце — за вытворцамі ў Беларусі. Таму ўсялякія санкцыйныя абмежаванні, усялякія спробы ізаляваць Беларусь ад сусветнага рынку мінеральных угнаенняў контрпрадукцыйныя і вельмі негатыўна ўплываюць на забеспячэнне людзей на планеце прадуктамі харчавання».

Для краіны, адной з нямногіх у свеце, якая вырабляе адразу тры асноўныя віды ўгнаенняў — калійныя (ААТ «Беларуськалій»), азотныя (ААТ «Гродна Азот»), а таксама фосфарныя і комплексныя (ААТ «Гомельскі хімічны завод») — тэма незаконных санкцыйных абмежаванняў, безумоўна, балючая. Але асабліва маштабна яна выглядае з пункту гледжання шкоды для сусветнага рынку харчавання.
Як заявіў беларускі Прэзідэнт на нядаўнім саміце ЕАЭС у Астане, свае праблемы Беларусь вырашыла, пераарыентаваўшы пастаўкі не толькі калійных, але і астатніх угнаенняў.

На фоне росту цэн і павышанага попыту на ўгнаенні ўсе іх аб’ёмы закантрактаваны і будуць адпраўлены тым пакупнікам, якія не прытрымліваюцца жорсткіх правіл, прыдуманых калектыўным Захадам. А вось еўрапейскія і амерыканскія вытворцы ўжо сутыкнуліся з іх недахопам, што прывядзе да чарговага павышэння кошту на харчовых рынках ЕС і Паўночнай Амерыкі, да новых бунтаў фермераў і да пратэстаў насельніцтва. І віна ў гэтым цалкам ляжыць на ўрадах заходніх краін, якія дагэтуль уяўляюць сябе лідарамі глабальнага свету, але па факце даўно страцілі як гэты статус, так і рэальную магчымасць кіраваць сусветнымі працэсамі.

Беларускія ж магчымасці па аказанні ўплыву на міжнародны харчовы рынак і гарантаванне харчовай бяспекі далёка не вычэрпваюцца толькі экспартам гатовай прадукцыі і пастаўкамі ўгнаенняў. Шырокая лінейка сельскагаспадарчай тэхнікі, якая пастаўляецца нашымі вытворцамі за мяжу, прыносіць айчынным экспарцёрам не менш за 2,5 мільярда рублёў. Пры гэтым і асартымент, і колькасць адзінак прадукцыі, якая пастаўляецца, пастаянна растуць. Адзін толькі Мінскі трактарны завод (МТЗ) у мінулым, 2025 годзе, на 60 % нарасціў пастаўкі трактароў на афрыканскі рынак. А беларусы не толькі прадаюць гатовую тэхніку, але і ствараюць сэрвісныя вытворчасці, дзеляцца сакрэтамі агратэхналогій!
Менавіта таму высокі госць з ФАО па заслугах ацаніў уклад Беларусі і асабіста яе лідара Аляксандра Лукашэнкі ў справу міжнароднай харчовай бяспекі, адзначыўшы выгаднае адрозненне ад падыходаў калектыўнага Захаду: «Справа не стаіць за словам. Заходнія палітыкі толькі гавораць-гавораць, шмат гавораць, а да справы звычайна не даходзіць».
Аляксей Бяляеў, палітолаг
Планы на ўраджай
Перад пачаткам урачыстага адкрыцця выстаўкі намеснік Прэм’ер-міністра Юрый ШУЛЕЙКА ў размове з журналістамі падкрэсліў, што «Белагра» — галоўны сельскагаспадарчы форум:
— Сёлета вельмі пастараўся Мінпрам, прадстаўлена больш за 130 мадэляў. Каля 30 — гэта новыя мадэлі. Таксама ўдзельнікі сённяшняй выстаўкі прыехалі з напрацоўкамі, якія знойдуць месца і прымяненне ў сельскай гаспадарцы.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што ўзровень «Белагра» ўжо пачынае фарматавацца ў сусветны:
— Раней мы выязджалі ў суседнія заходнія краіны. Сёння такой магчымасці няма. Да нас паехалі іншыя вытворцы. І мы сваё праектаванне і выпуск падцягнулі выдатна.
На палях «Белагра» плануецца вырашыць шэраг задач — гэта і купля тавараў, і азнаямленне з экспанентамі, і ўстанаўленне доўгатэрміновага супрацоўніцтва.
— Мы не толькі выстаўляем тэхніку, але і будзем паказваць яе магчымасці на полі. Прафесіяналы прадэманструюць свае ўменні ў ворыве і заадно пакажуць якасць тэхнікі. Сустрэнемся з расійскімі рытэйлерамі — гэта таксама пытанні рэалізацыі прадукцыі. Наша сельгасвытворчасць развіваецца дастаткова ўпэўненымі крокамі.

Адказваючы на пытанні, якія выклікі стаяць сёння перад галіной і як выстаўка дапамагае іх вырашаць, Юрый Шулейка адзначыў, што Беларусь разлічвае ў 2026-м атрымаць не менш за 11 мільёнаў тон збожжа.
— Нягледзячы на ўмовы надвор’я, вы памятаеце, што быў вельмі вялікі снег, нялёгкая пасяўная, але сёлета ўсё ідзе па плане.
Мы ўжо займаемся корманарыхтоўкай, бачым вегетацыю нашых асноўных культур.
Мы сёння жывём у іншых умовах, ужо пачынаем лічбаваць палі, перасаджваемся на энерганасычаную тэхніку. Менавіта тут, на гэтых пляцоўках, сёння дэманструем ужо больш прагрэсіўныя падыходы і пазначаем нашы мэты і задачы на будучыню.

Беларусь — значны гулец на рынку харчавання ў свеце, і нам сёння неабходныя такія пляцоўкі для сустрэч, каб пазначаць наш удзел у пытаннях забеспячэння сусветнай харчовай бяспекі. Вядома, рынак сёння абмяжоўваецца і санкцыямі ў тым ліку, але, нягледзячы на гэтыя досыць складаныя ўмовы, вытворцы знаходзяць рынкі збыту.
Беларусь дабілася міжнароднага прызнання
Генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй ДУН’ЮЙ, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей выстаўкі, адзначыў, што «Белагра» дэманструе сусветную важнасць інавацый, прадпрымальніцтва, навукі і тэхналогій.
— На гэтым мерапрыемстве сустракаюцца земляробы, вучоныя, вытворцы тэхнікі, прадуктаў харчавання, інвестары і палітыкі. І ўсе яны робяць унёсак у будучыню аграхарчовых сістэм. Я вельмі рады бачыць такія маштабы гэтага мерапрыемства і прагрэс, які тут дэманструецца, — пачынаючы ад высокіх тэхналогій сельскагаспадарчай тэхнікі да тэхналогій высокадакладнага земляробства.
Цюй Дун’юй выказаў удзячнасць Беларусі за высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, якасць прадстаўленай прадукцыі і ацаніў тэхналагічны ўзровень беларускай сельскай гаспадаркі.

— Беларусь зарэкамендавала сябе як важны вытворца сельгаспрадукцыі ва Усходняй Еўропе і Еўразіі, — сказаў гендырэктар ФАО. — Вы таксама адыгрываеце значную ролю ў рэгіянальных ланцужках паставак прадуктаў харчавання і робіце ўнёсак у сусветную харчовую бяспеку шляхам гандлю і сельскагаспадарчага супрацоўніцтва. І ў той жа час Беларусь дасягнула міжнароднага прызнання за свой вопыт у сельскагаспадарчай інжынерыі, вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і пастаўках тэхналогій у многія краіны, — дадаў ён.
Намеснік генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Ахмад САІДМУРАДЗАДА падкрэсліў, што высокі ўзровень, колькасць краін і маштабнасць выстаўкі сёлета — відавочнае пацвярджэнне росту аўтарытэту гэтай пляцоўкі не толькі для Беларусі, але і ўсяго рэгіёна ШАС, Еўразійскага рэгіёна.
— З уступленнем Беларусі ў 2024 годзе ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва Мінск паказвае сапраўды канструктыўны падыход да больш практыка-арыентаванага супрацоўніцтва ў рамках арганізацыі, — дадаў Ахмад Саідмурадзада. — Для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з’яўляецца прадметам вялікага гонару, што Беларусь стала чарговай, дзясятай дзяржавай-удзельніцай. У наступны перыяд насчакае вельмі цікавая работа, у тым ліку з удзелам экспертызы беларускіх калег у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Усе «зоркі» — на «Белагра»
На адкрытай пляцоўцы выстаўкі прадэманстраваны тэхнічны патэнцыял сельскагаспадарчай галіны — буйное машынабудаванне, цяплічная гаспадарка і іншае. Экспазіцыя змяшчае звыш 130 узораў сучаснай тэхнікі і абсталявання, уключаючы і навінкі.

Сапраўднымі зоркамі выстаўкі сталі нашы айчынныя гіганты-вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі. Экспазіцыя BELARUS TRACTORS традыцыйна стала адной з самых
маштабных, дзе прадставіла больш за 20 адзінак тэхнікі, — пачынаючы ад мотаблока і заканчваючы самым магутным трактарам у 540 л. с. — BELARUS 5425. Паводле слоў спецыялістаў прадпрыемства, на МТЗ ужо сабраны 4 звышмагутныя энерганасычаныя трактары. Цікавасць да дадзенай тэхнікі ўжо на выстаўцы праявілі Казахстан і Расія. «Гомсельмаш» на «Белагра-2026» прадставіў як флагманскія мадэлі тэхнікі, так і навінкі — збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны FS450, FS650. Холдынг «Гомсельмаш» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, які ўваходзіць у лік лідараў сусветнага рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Прадпрыемства выпускае мадэльныя шэрагі збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельгастэхніку. Камбайны «Гомсельмаша» працуюць на палях Расіі, Казахстана, Аргенціны, Бразіліі, Кітая, Рэспублікі Карэя і інш. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, сумесныя прадпрыемствы і зборачныя вытворчасці. Генеральны дырэктар прадпрыемства «Гомсельмаш» Віталь Шэлег назваў «Белагра» добрай пляцоўкай для наладжвання кантактаў.
— На палях выстаўкі мы чакаем заключэнне мемарандумаў аб супрацоўніцтве, дагавораў аб пастаўках тэхнікі, — сказаў ён. — І адзін з прыярытэтаў — засваенне рынкаў краін «далёкай дугі».
Значную цікавасць да тэхнікі прадпрыемства праяўляюць дзяржавы Афрыкі.
— Мы пастаўляем нашу тэхніку ў 28 краін, з іх каля дзясятка — у Афрыку, — канстатаваў дырэктар.
Тэматыка раздзелаў выстаўкі ахоплівае практычна ўсе галіны АПК: ад перадавой тэхнікі і сучасных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці да тавараў перапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Адрозненне гэтага года — запуск спецыяльнай пляцоўкі, дзе айчынныя сеялкі, глебаапрацоўчыя агрэгаты, апырсквальнікі прадэманструюць у рабоце з улікам рэальнага рэльефу і глеб.
Алена ВІНАГРАДАВА, Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ і БелТА