Новы транспарт — гэта перш за ўсё бяспека і камфорт пасажыраў. Чым больш у парк пасажырскага транспарту паступае новай тэхнікі, тым меншы працэнт зносу ўжо існуючай. І тым больш даверу пасажыраў да транспарту — у сучасным аўтобусе, тралейбусе, трамваі з салонам, дзе летам халаднавата, а зімой цёпла, хочацца праехаць, нават калі гэта ўсяго толькі адзін прыпынак...
Летась у краіне абнавілася 10 % рухомага саставу. І гэта, лічыць начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Андрэй ГЛАДКІ, вельмі добры вынік.

— Максімальны працэнт абнаўлення зафіксаваны ў Мінскай вобласці, — удакладняе ён. — Там ён склаў парадку 26 %. Гэта сур’ёзная лічба, да якой трэба імкнуцца ў цэлым па краіне. Ёсць добры прыклад для пераймання, значыць, для ўсіх калег, арганізацый транспарту агульнага карыстання, выканкамаў ёсць пэўны арыенцір, якога павінны прытрымлівацца, у тым ліку і таму, што такі працэнт абнаўлення дазволіў нам знізіць знос рухомага саставу на 6 %.
Прадстаўнік Мінтранса агучыў і канкрэтныя лічбы па абнаўленні рухомага саставу. І яны ўражваюць: у 2025 годзе ў цэлым па краіне набыта больш за 800 адзінак тэхнікі — больш за 550 аўтобусаў, 170 тралейбусаў, каля 50 электробусаў, 15 трамвайных вагонаў і 20 вагонаў метрапалітэна.
— Па выніках рэалізацыі адпаведных мерапрыемстваў і праграмы 2021–2025 гадоў неабходна адзначыць, што ў цэлым транспарт агульнага карыстання заваёўвае больш папулярнасці ў грамадзян. Сведчанне таму — павелічэнне пасажыраабароту па аўтамабільным транспарце на 8,9 %, па гарадскім электрычным — на 5,3 % і па метрапалітэне — парадку 6,8 %, — канстатуе Андрэй Гладкі.

Пастановай урада зацверджана Дзяржаўная праграма «Транспарт Беларусі» на пяцігодку, і ў рамках яе выдзелена асобная падпраграма па аўтамабільным гарадскім пасажырскім транспарце. Якія прыярытэты стаяць у рамках гэтай праграмы?
— Прыярытэт адзін — паляпшэнне якасці транспартнага абслугоўвання насельніцтва, — адказвае начальнік упраўлення. — І ў складзе гэтага прыярытэту — абнаўленне парка рухомага саставу. На наступныя гады плануем абнавіць парк на 8 %. Асноўным кірункам таксама стануць крокі па развіцці транспартных зносін паміж Мінскам і гарадамі-спадарожнікамі.
Па словах начальніка ўпраўлення Мінтранса, цяпер прапрацоўваецца пытанне перавозкі да гарадоў-спадарожнікаў, у тым ліку такім відам транспарту, як электробус.

— Ідзе сумесная работа з Міністэрствам прамысловасці па распрацоўцы мадэлі такога аўтобуса, — падзяліўся планамі Андрэй Гладкі. — Акрамя таго, цяпер на ўзроўні Міністэрства транспарту і камунікацыі мы разглядаем магчымасць сысці ад ліцэнзавання ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах і пераходу на рэестравую сістэму, як гэта зроблена ў сферы перавозак таксі.
З высокім экалагічным класам
Кожны дзень у Мінску на лінію выходзіць каля 1500 адзінак аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў.

Першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Канстанцін ГАЛАЛОБАЎ лічыць, што гэта вельмі высокі каэфіцыент выпуску на лінію.
— Усё гэта дзякуючы планамернаму абнаўленню базы рухомага саставу, — кажа галоўны інжынер. — З 2021 года на прадпрыемствы Мінсктранса паступіла каля 600 адзінак пасажырскай тэхнікі. У гэтым ліку — немалая доля аўтобусаў з высокім экалагічным класам — Еўра-5 і Еўра-6.
Па словах прадстаўніка прадпрыемства, ухіл на развіццё экалагічных відаў транспарту будзе рабіцца і далей.

— Старшынёй Мінгарвыканкама зацверджана канцэпцыя, якая прадугледжвае асноўныя падыходы да электрыфікацыі пасажырскага транспарту сталіцы на 2025–2026 гады, — расказвае аб планах галоўны інжынер Мінсктранса. — І ў рамках гэтай канцэпцыі прадугледжваецца далейшае абнаўленне базы рухомага саставу, набыццё электробусаў і іншае. Гэты ж дакумент прадугледжвае, што да 2031 года сярэдні ўзрост рухомага саставу пасажырскага транспарту сталіцы складзе 7,3 года, а доля наземнага электратранспарту — 53,7 % ад агульнай колькасці рухомага саставу.
730 тысяч пасажыраў у дзень!
У 2025 годзе Мінскі метрапалітэн перавёз 267 мільёнаў пасажыраў — а гэта ў сярэднім 730 тысяч чалавек у дзень.

Эфектыўны гарадскі транспарт, хуткі, надзейны, камфортны. Кіраўніцтвам краіны і горада падтрымана далейшае яго развіццё.
— Калі адкрывалі тры станцыі «зялёнай» лініі, Прэзідэнт нам даў даручэнне аб паскарэнні тэрмінаў будаўніцтва метро, — расказвае дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн» Аляксей ШЫЛАЎ. — І сёння вядуцца кругласутачныя актыўныя работы па будаўніцтве «зялёнай» лініі на поўнач горада Мінска. Эфектыўная сумесная работа многіх арганізацый, задзейнічаных у ёй, дазваляе быць упэўненымі ў тым, што рух на гэтым участку метро мы адкрыем ужо ў бягучай пяцігодцы.
Аднак, па словах дырэктара прадпрыемства, на гэтым работы не скончацца. Пачнецца будаўніцтва так званай Кальцавой лініі, якую таксама плануецца завяршыць у гэтай пяцігодцы.
Рухомы састаў метрапалітэна таксама абнаўляецца.

— У 2025 годзе на электронных таргах перамагла расійская вагонабудаўнічая кампанія, — падзяліўся Аляксей Шылаў. — Яна паставіла нам 20 вагонаў, цяпер заканчваецца афармленне дакументаў на пастаўку наступных 15 вагонаў, якія мы атрымаем ужо сёлета.
А яшчэ кіраўнік сталічнага метрапалітэна падкрэсліў, што, як і ў ранейшыя гады, Мінская падземка будзе працаваць у сумленнай звязцы з Міністэрствам транспарту і калегамі з гарадскога наземнага пасажырскага транспарту.
— У нас адзіныя задачы і мэты, у нас агульная адказнасць — мы возім людзей.
Алена ВІНАГРАДАВА.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і Святланы ЯКАЎЛЕВАЙ.