Top.Mail.Ru

У нядзелю ў меліяратараў — прафесійнае свята. З якім настроем яны яго сустракаюць?

У час рабочай паездкі ў Мазырскі раён 24 красавіка 2026 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка засяродзіў асаблівую ўвагу на меліярацыі, падкрэсліўшы, што захаванне ўрадлівасці глебы з’яўляецца дзяржаўнай задачай разам з будаўніцтвам дарог: «На Палессі гэта найважнейшае пытанне». Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў не пашыраць плошчы за кошт лясоў і балот, а якасна прыводзіць у парадак землі, якія былі асушаны раней.



Захаваць, што маем

За мінулую пяцігодку ў краіне праведзены меліярацыйныя работы на плошчы 416 тыс. га, план на найбліжэйшыя пяць гадоў павялічаны на 15 тыс. га, расказаў начальнік аддзела меліярацыі і радыялогіі галоўнага ўпраўлення інвестыцый, будаўніцтва і меліярацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей НАЗАРУК:

— Сёлета мы прадугледжваем увесці ў карыстанне каля 90 тыс. га. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы акцэнт зроблены на выдаленне драўняна-хмызняковай расліннасці.

У найбліжэйшы час нашы меліяратары будуць працаваць над аднаўленнем меліярацыйных сістэм, уцягваннем меліяраваных зямель у сельскагаспадарчы абарот, выкананнем комплексу рамонтна-эксплуатацыйных работ, правядзеннем культуртэхнічнай меліярацыі і падтрыманнем аптымальнага воднага рэжыму.

— У Беларусі асушана 3 млн га пераўвільготненых зямель, з іх 2,8 млн га задзейнічаны ў сельскай гаспадарцы, — прыводзіць статыстыку Сяргей Назарук. — Гэта трэцяя частка плошчаў усіх сельскагаспадарчых зямель, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне. Меліярацыйны комплекс уяўляе сабой каля 5 тыс. меліярацыйных сістэм, якія ўключаюць 163 тыс. км каналаў, водапрыёмнікаў, амаль 1 млн км дрэнажаў, 87 тыс. водарэгулюючых пераезных збудаванняў, каля 500 помпавых станцый, 4,8 тыс. км агароджвальных дамбаў і 18 тыс. км эксплуатацыйных дарог.

Уся гэтая буйная гаспадарка, вядома ж, мае патрэбу ў пастаянным абслугоўванні, таму працы для 132 меліярацыйных арганізацый, уключаючы праектныя інстытуты, хапае. Па словах спецыяліста, прыкладзеныя намаганні прыносяць адчувальныя вынікі:

— У галіну прыходзяць новыя тэхналогіі, якія мяняюць працэсы. Прадукцыйнасць вырасла ў разы, і як вынік — павялічваецца вытворчасць раслінаводчай прадукцыі і ўраджайнасць культур.

У якасці пацвярджэння Сяргей Міхайлавіч прыводзіць наступныя факты: за мінулую пяцігодку вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур павялічылася на 119 %, ільновалакна — на 169, цукровых буракоў — на 147, бульбы — на 103, агародніны — на 117, кукурузы — на 104. Павялічылася і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур: збожжавыя і зернебабовыя прыраслі на 4,2 ц/га, ільновалакно — на 2,3, цукровыя буракі — на 16 і агародніна — на 14 ц/га.

У рэчышчы навацый

Для таго каб падтрымліваць меліярацыйную сістэму ў працоўным стане, беларускія навукоўцы распрацоўваюць тэхналогіі рэканструкцыі меліярацыйных сістэм і тэхнічныя рашэнні для захавання вільгаці.

— Мы выкарыстоўваем лічбавыя тэхналогіі, якія дазваляюць больш дакладна і кропкава праводзіць мерапрыемствы з мінімальнымі выдаткамі і максімальным вынікам, — падкрэсліў дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр АНЖАНКОЎ.

У сферы кампетэнцый беларускіх навукоўцаў — праца над праектам па сістэме аналізу спадарожнікавых фатаграфій і здымак з беспілотных лятальных апаратаў з выкарыстаннем ШІ. Сістэма, па словах дырэктара інстытута, прадаставіць магчымасць аператыўна выяўляць пераўвільготненыя, зарослыя хмызняком, участкі і тэрыторыі, дзе патрабуецца добраўпарадкаванне ці маюцца рэльефныя асаблівасці.

У дзейнасць па меліярацыі ўкараняецца сучаснае дыягнастычнае абсталяванне для ацэнкі стану закрытага дрэнажу. Прымяняюцца гідратэхнічныя збудаванні з палімерных канструкцый, у тым ліку ўстойлівыя да ўльтрафіялету, наўзамен бетонных.

— Новаўвядзенні ў праектаванні — гэта шырокае выкарыстанне беспілотных лятальных комплексаў для пабудовы лічбавай мадэлі рэльефу зямлі, — дзеліцца навацыямі Аляксандр Сяргеевіч. — Цяпер ідзе работа над агульнарэспубліканскай сістэмай дзяржаўнага ўліку меліярацыйных сістэм.

Навуковец адзначыў, што Беларусь размяшчаецца ў зоне залішняга ўвільгатнення, дзе сярэднегадавая колькасць ападкаў перавышае аб’ёмы вільгаці, якія могуць выпарыцца:

— Такая сітуацыя ўплывае не толькі на аграрную вытворчасць, але і на меліярацыю. У прыватнасці, выяўляюцца элементы кантынентальнага клімату: рэгулярныя засухі змяняюцца залпавымі ліўнямі. На ўсё гэта меліярацыйная галіна павінна рэагаваць, і мы гэта робім, карэктуючы падыходы да яе дзейнасці.

У бягучай пяцігодцы ў краіне плануецца рэканструяваць меліярацыйныя сістэмы і правесці культуртэхнічную мелія-рацыю на плошчы больш за 430 тысяч гектараў.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю