Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі цяпер знаходзіцца на ўзроўні сярэдніх шматгадовых даных. Аднак у далейшым спецыялісты прагназуюць сезоннае яе павышэнне. У прыватнасці, у канцы студзеня — пачатку лютага традыцыйна чакаецца хваля грыпу. Таму ў найбліжэйшыя два месяцы эпідэміёлагі рэкамендуюць зрабіць прышчэпкі як ад грыпу, так і ад каранавіруснай інфекцыі.
Лепш папярэдзіць
Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала ДАШКЕВІЧ, яшчэ з пачатку верасня назіраецца павелічэнне колькасці захварэлых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Такая сітуацыя адзначаецца з году ў год і звязана з вяртаннем дзяцей у арганізаваныя калектывы і заканчэннем масавай адпускной кампаніі.
Лабараторныя даследаванні паказалі, што пакуль у нас цыркулююць негрыпозныя рэспіраторныя вірусы: адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльныя вірусы, рынавірусы, а таксама SARS-COV-2, які за апошнія гады таксама набыў сезонны характар. Цыркуляцыі вірусаў грыпу цяпер не адзначаецца. Пры гэтым кастрычнік—лістапад — самы аптымальны час для правядзення прафілактычных прышчэпак супраць грыпу.
У гэтым эпідсезоне будуць выкарыстоўваць тры вакцыны. Цяпер у арганізацыях аховы здароўя ўжо ёсць вакцына «Інфлювак тэтра», якая прымяняецца для імунізацыі на платнай аснове. У хуткім часе чакаецца паступленне яшчэ адной — ёй прышчапляць таксама будуць за сродкі грамадзян і прадпрыемстваў. А вось бясплатная вакцына — «Грыпол плюс» — пакуль праходзіць працэдуру кантролю якасці і бяспекі, якая завершыцца да пачатку наступнага тыдня. Усе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне, змяшчаюць актуальны штамавы склад вірусаў грыпу. Сёлета ў іх, дарэчы, быў абноўлены адзін з кампанентаў.
Што датычыцца каранавіруса, то, як паведаміла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана НЯЧАЙ, да нашай краіны дабраўся яго новы варыянт — «стратус». Улічваючы яго высокую заразнасць, колькасць выпадкаў расце, але гэта не ўплывае на агульную карціну паступленняў у стацыянар. Захворванне працякае ў лёгкай форме і лечыцца ў амбулаторных умовах, а яго адзінымі адметнымі сімптомамі з’яўляюцца асіпласць голасу і павышаная тэмпература.
Прышчапіцца ад каранавіруснай інфекцыі могуць усе ахвотныя дарослыя. У паліклініках ужо маецца вакцына «Канвасэл» расійскай вытворчасці. Прышчапляць дзяцей пакуль немэтазгодна, таму дзіцячая вакцына нашай краінай не закуплялася.
Вакцына, якая папярэджвае рак
Вакцыны ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ) пачалі паступаць ва ўстановы аховы здароўя. Нагадаем: з 2025 года гэта прышчэпка ўнесена ў Нацыянальны каляндар. На бясплатнай аснове вакцынаваць будуць дзяўчынак 11 гадоў. Курс вакцынацыі складаецца з дзвюх прышчэпак з інтэрвалам у шэсць месяцаў. Вакцына ўводзіцца ўнутрымышачна. У нашай краіне будзе выкарыстоўвацца вакцына Сecolіn («Цэкалін»). Гэта рэкамбінантная бівалентная вакцына, вырабленая з вычышчаных вірусападобных часціц ВПЧ тыпаў 16 і 18.
У першай дэкадзе кастрычніка сем’і, у якіх выхоўваюцца дзяўчынкі 11 гадоў, будуць запрошаны на вакцынацыю. Прышчэпку правядуць бясплатна ў медкабінетах устаноў адукацыі, па жаданні можна звярнуцца ў паліклініку. Цягам года, як мяркуецца, будзе прышчэплена каля 30 тысяч дзяўчынак.
У перспектыве за кошт бюджэту пачнуць прывіваць дзяўчынак і іншага ўзросту. Па такім прынцыпе ішлі іншыя краіны, паступова пашыраючы магчымы ўзрост для вакцынацыі. Гэта дазваляе ахапіць максімальную колькасць дзяўчынак вакцынацыяй супраць ВПЧ.
Нараўне з гэтым ёсць магчымасць прышчапляцца за кошт уласных сродкаў. Бацькі дзяўчынак старэйшага ўзросту або маладыя жанчыны (вакцына можа прымяняцца ў дзяўчынак і жанчын ад 9 да 45 гадоў) могуць звяртацца ў арганізацыі аховы здароўя для атрымання прышчэпкі за свой кошт.
Алена КРАВЕЦВакцынацыя ад ВПЧ дазваляе пазбегнуць раку шыйкі маткі. Як расказаў намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н. М. Аляксандрава Сяргей МАЎРЫЧАЎ, штогод на рак гэтай лакалізацыі ў нашай краіне захворвае больш за 800 жанчын, 300 з якіх паміраюць. Вакцына валодае надзвычай высокай эфектыўнасцю ў папярэджанні гэтай хваробы.