Сёння ва ўрачыстай атмасферы ў сталічным кінатэатры «Піянер» агучылі вынікі конкурсу для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік-2025». Званне «найлепшага» журы прысудзіла кінастужцы «Планета 7693» рэжысёра Гойкі Беркуляна з Чарнагорыі.
Як падзяліўся сам рэжысёр, «Гэтая гісторыя з’явілася дзякуючы яго ўласнай перакананасці ў тым, што дзеці валодаюць асаблівай сілай і здольнасцю пераадольваць нават самыя складаныя жыццёвыя сітуацыі, дзякуючы ўяўленню і творчасці». Галоўны герой фільма — хлопчык Лука сутыкаецца з крызісам у сям’і, а пасля сустракае дзяўчынку, якая называе сябе 7693, і ўсё раптам змяняецца... І гэта кінастужка якраз вучыць таму, што быць непадобным на іншых, — не недахоп, а ваша перавага. І тут менавіта ўяўленне можа стаць вашым самым моцным саюзнікам. А любоў у сям’і здольная загаіць усе раны. Фільм сапраўды варты ўвагі не толькі дзяцей, яго карысна паглядзець і ўсёй сям’ёй. Ён можа натхніць вас на размовы на важныя тэмы.
Кожная з конкурсных работ гэтага года, вядома, мела свае акцэнты і перавагі. Давала аўдыторыі нагоду разважаць, абмяркоўваць і натхняцца. Нагадаем, арганізатарам конкурсу з’яўляецца Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», а заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Сёлета ў конкурснай праграме змагаліся і радавалі гледачоў шэсць кінастужак з пяці краін свету. Кожную з іх ацэньвала прафесіянальнае дарослае журы, дзіцячае журы і непасрэдна самі гледачы, якія збіраліся на паказы кінастужкі. На ўсіх была ўскладзена важная місія — вызначыць найлепшых з лепшых. Вынікі атрымаліся наступныя... У намінацыі «Спецыяльны прыз дзіцячага журы «Кіно вачамі дзяцей» узнагароду атрымаў фільм «Супер Ван Ван» кітайскага рэжысёра Лінгшоу Конга. У намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» перамога дасталася расійскаму фільму «Легенда пра золата скіфаў» рэжысёра Вячаслава Казанцава.
Таксама конкурсныя кінастужкі атрымалі дыпломы ад прафесіянальнага журы. У прыватнасці, «За захаванне магіі дзяцінства пры дапамозе анімацыі» адзначылі анімацыйны фільм «Бем і я» рэжысёра Леапольда Агілара (Мексіка), «За мастацкае ўвасабленне агульначалавечых каштоўнасцяў» узнагароду атрымала кінастужка «Краіна мрояў» іранскага рэжысёра Махсена Энаяці, а дыплом «За мастацкае ўвасабленне нацыянальнай спадчыны» дастаўся фільму «Слёзы цмока» Таццяны Мірошнік (Расія). Таксама яго адзначылі «За найлепшы акцёрскі ансамбль». «За найлепшую рэжысуру» ўзнагародзілі кінастужку «Планета 7693» Гойкі Беркуляна (Чарнагорыя). Гэту ж работу ўзнагародзілі «За найлепшую аператарскую работу».
Што да пераможцаў спецыяльных намінацый конкурсу «Лістападзік-2025», то тут таксама ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. Прыз за найлепшую работу дарослага акцёра ў фільме для дзяцей і юнацтва дастаўся Сяргею Раманюку (кінастужка «Легенда пра золата скіфаў»), у намінацыі «Найлепшая дзіцячая роля ў фільме для дзяцей і юнацтва» перамогу прысудзілі Іліе Пеяковічу («Планета 7693»). І яшчэ спецыяльнага прыза журы была ўдастоена кінаработа «Краіна мрояў» з Ірана.
Як падзялілася член журы, актрыса Святлана Сухавей, выбраць пераможцу было няпроста, але яна вельмі ўдзячная, што конкурсную праграму сфарміравалі так, што туды трапілі кінагісторыі з важнымі пасыламі: «Усе фільмы розныя, але гавораць яны пра любоў, узаемадапамогу, жаданне захаваць мір, любіць і падтрымліваць адно аднаго».