Top.Mail.Ru

У Полацкім раёне рэканструяваны мемарыяльны комплекс у гонар партызан

Мемарыяльны комплекс «Партызанам брыгады імя К. Я. Варашылава» ў аграгарадку Гомель Полацкага раёна ўрачыста адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі.


Атрады брыгады, штаб якой дыслакаваўся каля Гомеля, дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі Ветрынскага, Пліскага, Полацкага, Ушацкага раёнаў. Партызаны наносілі ўдары па чыгунцы Полацк — Маладзечна, шашэйных і грунтавых дарогах, па варожых гарнізонах, удзельнічалі ў знакамітым «Прарыве», вялі жорсткія баі за ўтрыманне раёна дыслакацыі да злучэння з Чырвонай Арміяй 1 ліпеня 1944 года.

Мемарыял, узведзены ў 1977 годзе ў памяць аб 580 загінулых партызанах брыгады імя К. Я. Варашылава, час не пашкадаваў. Устарэлі помнікі з інфармацыяй аб партызанскіх атрадах «Бальшавік», імя М. Ф. Гастэлы, «За Радзіму», «Мсціўца», «КІМ», «Смерць фашызму». Раскрышылася пліта, якая адлюстроўвае карту размяшчэння атрадаў, а таксама стэла і мемарыяльныя пліты з напісанымі на іх імёнамі загінулых герояў.

Ініцыятыва адрамантаваць, рэстаўраваць і добраўпарадкаваць комплекс зыходзіла ад УП «Віцебскаблводаканал». За сродкі і сіламі прадпрыемствы тут замянілі тратуарную плітку, абліцавалі элементы мемарыяла гранітам, устанавілі сучаснае асвятленне, выканалі іншыя работы.

— Палітыка нашага прадпрыемства накіравана ў ліку іншага на падтрыманне патрыятычных настрояў, захаванне гістарычнай памяці сярод членаў калектыву, — адзначыў генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько. — У нас створана пошукавая група, якая ўстанаўлівае імёны невядомых загінулых салдат, шукае іх сваякоў. Рэканструкцыя комплексу ў Гомелі — ужо трэці праект, увасоблены намі ў жыццё. У папярэднія гады мы правялі аналагічныя работы ў вёсках Пышнякі і Рудакі Віцебскага раёна, узялі гэтыя месцы памяці на абслугоўванне. Лічым гэта сваім маральным і грамадзянскім абавязкам.

Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, кіраўніцтва Віцебшчыны і Полаччыны, прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, школьнікі, мясцовыя жыхары.

Яны ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі. Устаноўлены тут QR-код дазволіць азнаёміцца з гістарычнай даведкай аб дзейнасці партызанскай брыгады ім. К. Я. Варашылава.

Дарэчы, у ваколіцах Гомеля знаходзіцца гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы», адкрыты ў 2006 годзе. Тут захаваўся арыгінальны дот, аднавілі сістэму абарончых збудаванняў (траншэі, супрацьтанкавыя загароджы) Полацкага ўмацаванага раёна — аднаго з нямногіх, якія выканалі баявую задачу летам 1941 года.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,

фота з адкрытых крыніц.

Чытайце таксама: «Гэта месца павінны наведаць усе». Што ўразіла замежных журналістаў у «Хатыні»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю