Уступная кампанія працягваецца
У Мінсельгасхарчы праінфармавалі, што прымаць дакументы ў абітурыентаў, якія абралі гэты кірунак навучання, афіцыйна пачалі 15 кастрычніка. Працягнецца ён досыць доўга — да 30 лістапада. Заявы прымаюць як на бюджэтныя, так і на платныя месцы. Залічэнне абітурыентаў у каледжы плануецца завяршыць да 10 снежня.


«Бітва» атэстатаў
Паступіць у аграрныя каледжы на завочную форму можна на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, патлумачылі ў Мінсельгасхарчы:
— Для большасці звычайных спецыяльнасцяў асобныя ўступныя іспыты не патрабуюцца. Значэнне мае толькі сярэдні бал атэстата — на яго падставе і вызначыцца выніковае месца абітурыента ў рэйтынгу прэтэндэнтаў.
У міністэрстве таксама ўдакладнілі, што на завочную форму сярэдняй спецыяльнай адукацыі прымаюцца грамадзяне з агульнай сярэдняй адукацыяй (гэта 11 класаў), а таксама з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, калі яна атрымана адначасова з агульнай сярэдняй.

Выбар ёсць: сертыфікаты або экзамены
А 15 лістапада эстафету прыёму дакументаў на завочнае навучанне падхопяць аграрныя ВНУ. Да 5 снежня падаць іх можна будзе ў чатыры профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі: Беларускую дзяржаўную сельска-гаспадарчую акадэмію, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

— Уступныя іспыты для завочнікаў у ВНУ пройдуць з 6 да 15 снежня, а залічэнне на бюджэтныя і платныя месцы завершыцца да 20 снежня, — расказалі ў Мінсельгасхарчы.
У ведамстве пазнаёмілі з некаторымі нюансамі здачы экзаменаў. Для тых, хто паступае на кірункі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы», прадугледжаны два профільныя экзамены. Пры гэтым абітурыенты маюць права выбару найбольш зручнага для іх фармату: прадставіць сертыфікаты ЦЭ/ЦТ альбо здаць два ўнутраныя экзамены ў самім універсітэце. Конкурс фарміруецца з улікам гэтых двух выпрабаванняў і сярэдняга бала атэстата.

Тыя, хто абраў спецыяльнасць, якая не адносіцца да чатырох пералічаных, павінны будуць здаць тры экзамены: беларускую або рускую мову і два профільныя прадметы.

Што трэба мець пры сабе
Нагадалі ў Мінсельгасхарчы і пра тое, што трэба прадставіць абітурыенту пры падачы дакументаў у ВНУ або каледж.
У прыёмнай камісіі абітурыент запаўняе заяву на імя кіраўніка ўстановы, а з сабой у яго павінен быць пашпарт або дакумент, што сведчыць асобу, таксама арыгінал дакумента аб адукацыі з дадаткам — атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі або дыплом аб прафесійна-тэхнічнай/сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Плюс медыцынская даведка аб стане здароўя ўстаноўленай формы, 6 фатаграфій памерам 3×4 см, сертыфікаты ЦЭ і/або ЦТ — для ВНУ гэтага або папярэдняга года, калі яны патрабуюцца па абранай спецыяльнасці, альбо вынікі ўнутраных уступных іспытаў у самой навучальнай установе.
Алена ВІНАГРАДАВА