Сёлета фармат свята быў зменены — агульнарэспубліканскі «Апошні званок» вырашылі не праводзіць з-за вялікай загрузкі выпускнікоў, звязанай са здачай экзаменаў. Аднак апошні званок 23 мая прагучаў святочна, весела па ўсёй прасторы нашай краіны, па ўсіх вялікіх і малых гарадах — як і належыць такому маштабнаму мерапрыемству і знакавай падзеі. Яно і зразумела: мы адпраўляем у дарослае жыццё тысячы нашых дзяцей, чарговую плеяду маладых, дзёрзкіх, таленавітых — тых, хто будзе будаваць сваю будучыню і будучыню сваёй краіны.
У сталіцы маштабнае гарадское свята «Апошні званок» для выпускнікоў сярэдніх школ прайшло на «Мінск-Арэне». Тут зладзілі сапраўднае шоу з рамантычнай назвай «Па хвалях Мінскага мора». І гледачамі, і ўдзельнікамі яго стала больш за 13 тысяч выпускнікоў сталічных школ.
— Па ўсёй краіне больш за 58 тысяч выпускнікоў 11 класаў пачулі сёння апошні званок, — вітаў моладзь міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. — Ён празвінеў ва ўсіх школах краіны, а літаральна праз некалькі дзён у выпускнікоў 11 класаў будуць заключныя выпрабаванні — два цэнтралізаваныя экзамены. Кожны будуе свае планы на будучыню, кожны выбірае свой далейшы адукацыйны лёс, і, вядома, усе перажываюць — выпускнікі, іх настаўнікі і бацькі. Але мы верым, што нашы выпускнікі гатовыя да дарослага жыцця, таму што на працягу 11 гадоў настаўнікі ўкладвалі ў іх веды і душу, выхоўвалі іх сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што нягледзячы на тое, што дзеці ўжо скончылі школу, настаўнікі ўсё роўна застануцца блізкімі ім людзьмі.
— Яны і вашы бацькі — гэта тыя людзі, якія заўсёды падкажуць, дапамогуць і падтрымаюць. Вы выбралі свае прафесіі, навучальныя ўстановы, я ўпэўнены, у вас усё атрымаецца!
23 мая са школай развітваліся і каля 8 тысяч адзінаццацікласнікаў Міншчыны. У навучальных установах прайшлі класічныя лінейкі са школьным вальсам і перадачай сімвалічных ключоў.
* * *
Сёлета Брэст праводзіў у дарослае жыццё 2860 адзінаццацікласнікаў і 3941 дзевяцікласніка. Маштабная падзея прайшла пры падтрымцы і з удзелам кіраўніцтва горада, а таксама адміністрацый раёнаў. Галоўнае дзеянне разгарнулася на брэсцкім вяслярным канале — там прайшлі грандыёзныя гулянні моладзі, якія адзначылі заканчэнне навучальнага года і першыя крокі ў дарослае жыццё.
Выпускнікоў віталі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ і кіраўнікі раённых адміністрацый. У гэты майскі дзень дарослыя і дзеці танцавалі пад любімыя мелодыі, падпявалі артыстам і весяліліся ад душы. Лепшым выпускнікам былі ўручаны ўзнагароды.

* * *
У Віцебску апошні званок для выпускнікоў празвінеў на плошчы Перамогі. Для юнакоў і дзяўчат канцэртную праграму падрыхтавалі лепшыя калектывы і выканаўцы горада. Удзельнікаў урачыстага мерапрыемства вітала начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама Святлана ДАРОШЧАНКА. Звяртаючыся да больш чым 1,9 тысячы выпускнікоў 11 класаў і звыш 3,6 тысячы вучняў, якія скончылі 9 клас, яна выказала ўпэўненасць, што кожны з іх набыў неабходны багаж ведаў і навыкаў.
— За гэтыя гады вас навучылі любіць, шанаваць і берагчы сваю Радзіму педагогі, якія заўсёды былі побач з вамі, і сёння я выказваю ім асаблівую падзяку за тое, што выхавалі і падрыхтавалі ў сценах нашых школ пераможцаў заключных этапаў рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд і конкурсаў. Гэта годная моладзь, патрыёты нашай краіны.

* * *
У Гомелі выпускнікоў школ павіншавала старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Алена АЛЕКСІНА.
— Апошні званок — асаблівае, хвалюючае і адначасова светлае свята, якое азначае сабой развітанне са школай. Гэта не толькі фінальны пункт у навучальным годзе, а ўрачысты рубеж, які аддзяляе дзяцінства ад дарослага жыцця і напоўнены адначасова радасцю прадчування будучыні і лёгкім сумам расстання з роднымі школьнымі сценамі.

* * *
Урачыстыя лінейкі ў Гродне аб’ядналі навучэнцаў 1, 9 і 11 класаў. Па традыцыі выпускнікі вывелі на свята першакласнікаў, якім яшчэ толькі трэба прайсці ўвесь шлях ведаў. Сёлета ў Гродзенскай вобласці з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выпускаецца каля 6,7 тысячы адзінаццацікласнікаў і каля 11,2 тысячы дзевяцікласнікаў.

* * *
У Магілёўскай вобласці апошнія званкі празвінелі для амаль 8 тысяч школьнікаў.
— Магілёў дае дзецям якасную адукацыю, ствараючы роўныя магчымасці яе атрымання для абсалютна кожнага дзіцяці, не залежна ад таго, гімназія гэта або агульнаадукацыйная школа, — падкрэсліла начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына АСМАЛОЎСКАЯ.
— З 8 класа мы праводзім з навучэнцамі шырокую прафарыентацыйную работу. Каб дзеці, якія не маюць высокіх балаў і разумеюць, што ва ўніверсітэт яны могуць не прайсці па конкурсе, змаглі працягнуць навучанне ва ўстановах сярэдняга спецыяльнага і прафесійнага кірунку.
...Апошні званок адгучаў некалькі дзён таму. Адгучаў прыгожа, урачыста, кранальна. А 26 мая, у 11.00 выпускнікі зоймуць свае месцы ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, класах каледжаў і школ, дзе будуць здаваць свой першы іспыт — ужо ў самастойным, дарослым жыцці.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА