Адной з першачарговых задач Міністэрства адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Яшчэ адна не менш важная задача — укараненне і распрацоўка новых інавацыйных і навукова-даследчых праектаў для рэальнага сектара эканомікі. Аб гэтых кірунках мы вырашылі даведацца больш грунтоўна.
Па запытах рэальнага сектара
Як адзначыў начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Мікалай ШЭШКА, месцам, дзе сінтэзуюцца навука і практыка, з’яўляюцца галіновыя лабараторыі — структурныя падраздзяленні, якія працуюць пры ўніверсітэтах і інстытутах.
— 33 такія лабараторыі дзейнічаюць для розных дзяржаўных заказчыкаў і 17 профільных міністэрстваў, — тлумачыць ён.У полі дзейнасці вузаўскай навукі знаходзіцца і стварэнне сумесных лабараторый ужо непасрэдна з прадпрыемствамі.
— У асобных выпадках гэтыя лабараторыі носяць навуковы характар, у іншых — навукова-адукацыйны, але асноўны вектар і там, і там робіцца на рэалізацыі запытаў рэальнага сектара эканомікі праз распрацоўкі і на падрыхтоўку кадраў для ўкаранення гэтых распрацовак, наступную камерцыялізацыю і прасоўванне іх на прадпрыемствах для выпуску новай інавацыйнай прадукцыі.
Пяцігодка: планы і праграмы
Асноўнай задачай на бягучую пяцігодку для Міністэрства адукацыі з’яўляецца яшчэ больш шырокае ўцягванне нашых абласных універсітэтаў у навуковую дзейнасць, дзеліцца планамі Мікалай Шэшка.
— Для гэтых мэт мы запусцілі шэсць рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм, якія стануць важным інструментам у рэалізацыі запытаў ад прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў Беларусі.
І ў гэтым выпадку, па словах прадстаўніка адукацыйнага ведамства, галаўнымі арганізацыямі становяцца тэхнічныя ўніверсітэты, за якімі замацавана дзейнасць па навуковым забеспячэнні.
Кадравы вектар
Падрыхтоўка спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі краіны — асноўны вектар навуковай дзейнасці ў сістэме адукацыі, канстатаваў Мікалай Мікалаевіч.
— Гэта ў тым ліку і дзейнасць па ўключэнні моладзі ў навуковыя даследаванні, у распрацоўкі і вынаходніцкую дзейнасць — ва ўсе тыя кірункі, якія фарміруюць новыя віды прадукцыі, тэхналагічную бяспеку Беларусі, экспартаарыентаванасць і імпартазамяшчэнне.
Падтрымка маладых навукоўцаў у нашай краіне — не проста гучныя словы, а рэальная дапамога таленавітым і мэтанакіраваным.
— Да гэтага адносіцца і адчувальная грантавая падтрымка маладых даследчыкаў, даследчых і аўтарскіх калектываў, — працягвае Мікалай Шэшка. — Напрыклад, летась была аказана падтрымка 6 дактарантам, 54 аспірантам, 18 студэнтам і 35 аўтарскім калектывам. Сёлета запушчаны яшчэ адзін інструмент падтрымкі — конкурс «Найлепшы малады навуковец».
Прадстаўнік Мінадукацыі ўпэўнены, што даследчыя імкненні маладых неабходна заахвочваць. У іншым выпадку краіна праз некалькі гадоў можа сутыкнуцца з пэўнымі кадравымі праблемамі.
Сур’ёзныя заказчыкі
Вядучая тэхнічная ВНУ краіны — БНТУ — за апошнія пяць гадоў рэалізавала больш за 4500 навукаёмістых дагавораў з прамысловымі прадпрыемствамі і арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі.
— Сярод заказчыкаў — такія знакавыя прадпрыемствы, як «Атлант», «Магілёўліфтмаш», «Граніт», Мінскі маторны завод, «БелАЗ» і шэраг іншых буйных прамысловых прадпрыемстваў, — пералічвае дырэктар філіяла БНТУ «Навукова-даследчы політэхнічны інстытут» Віктар КУСЯК. — За апошнія гады ў рамках прамых дагавораў з прамысловымі прадпрыемствамі і выканання заданняў дзяржаўных праграм розных узроўняў было створана больш за 850 навінак, макетаў, лабараторных установак, прамысловых узораў, з якіх больш за 250 укаранёныя ў вытворчасць.
Інтэграцыю навукі і вытворчасці ва ўніверсітэце забяспечваюць 25 навуковых школ і 19 навукова-даследчых падраздзяленняў. У іх адкрыты і паспяхова функцыянуюць доследна-эксперыментальныя ўчасткі па самых розных сферах прамысловасці: металургіі, оптыка-электроннага прыборабудавання, матэрыялазнаўства, інжынерыі паверхняў, энергетыкі.
З прыцэлам на перспектыву
Нядаўна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначыў свой 105-гадовы юбілей.
— За гэтыя гады было вельмі многае даследавана і дасягнута, — расказвае прарэктар на вучэбнай частцы БДУ Алег РОДЗЬКІН. — Я хацеў бы спыніцца на самых значных для нас. Перш за ўсё, гэта цыкл работ у галіне ядзернай фізікі пад кіраўніцтвам акадэміка Уладзіміра Барышэўскага, за які ён атрымаў Дзяржаўную прэмію і вынікі якога сёння маюць сур’ёзны фундаментальны характар.
Навукоўцы Белдзяржуніверсітэта распрацавалі серыю ўнікальных проціпухлінных прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў. Яны таксама ўнеслі свой уклад у сусветнага ўзроўню адкрыццё Базона Хігса на вялікім адронным калайдары. БДУ запусціў уласныя спадарожнікі на арбіту і распрацаваў унікальныя апаратна-праграмныя комплексы для сувязі і дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
— На гэтых комплексах праводзіла даследаванне першы беларускі касманаўт Марына Васілеўская, — дзеліцца прадстаўнік БДУ. — І сёння мы працягваем працаваць па сучасных, інавацыйных і актуальных кірунках — гэта касмічныя тэхналогіі і сістэмы нанаіндустрыі, гэта біяіндустрыя і біяэнергетыка, гэта такія цікавыя кірункі, як эканоміка замкнёнага цыкла і сацыякультурныя аспекты інтэлектуальнай эканомікі.
Сіла ўзаемадзеяння
Навукова-даследчая работа праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце па двух асноўных кірунках.
— Гэта ўдзел у выкананні заданняў дзяржаўных праграм і ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, — расказвае начальнік навукова-даследчай часткі БДТУ Міхаіл ДЗЯДЗЕНКА. — Прывяду канкрэтны прыклад такога ўзаемадзеяння. У нашага ўніверсітэта ёсць галіновая лабараторыя шыннай прамысловасці, якая наўпрост узаемадзейнічае з «Белшынай» і размяшчаецца на дзвюх плошчах — на нашай, універсітэцкай, і на прадпрыемстве. Такі вопыт мы выкарыстоўваем і ў іншых галіновых лабараторыях.
Па словах прадстаўніка ўніверсітэта, гэта дазваляе вельмі цесна ўзаемадзейнічаць з прадпрыемствам, разумець, якія ёсць праблемы і задачы, каб у максімальна кароткія для абодвух бакоў тэрміны выканаць неабходнае. Як доказ Міхаіл Васільевіч прыводзіць наступныя лічбы: за апошнія 5-6 гадоў эканамічны эфект ад выканання навукова-даследчых работ па замове канцэрна «Белнафтахім» для «Белшыны» склаў каля 5-6 мільёнаў рублёў.
— Нашы навукоўцы распрацавалі і ўкаранілі ў вытворчасць Лідскага завода «Оптыка» імпартазамяшчальныя экспартаарыентаваныя складнікі аптычнага шкла. Гэта дазволіла вырабляць з выкарыстаннем такога шкла жорсткае аптычнае валакно, якое ўжываецца не толькі ў медыцыне, абароннай сферы і прамысловасці, але і ў аўтамабілебудаванні, машынабудаванні і шэрагу іншых галін прамысловасці.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА