Top.Mail.Ru

У сталіцы пройдзе форум «Адукацыя і кар’ера»

У Міністэрстве адукацыі адзначылі, што актыўная прафарыентацыйная дзейнасць, якая вядзецца сёння ва ўстановах адукацыі краіны, дапамагае школьнікам падысці да ўступнай кампаніі з выразным уяўленнем сябе ў той ці іншай спецыяльнасці, а значыць, з матывавацыяй да навучання. Профільныя — педагагічныя, інжынерныя — класы ў агульнаадукацыйных школах паспяхова выконваюць яшчэ адну важную місію — павышаюць прэстыж прафесіі педагога і інжынера. Вынікі ўступнай кампаніі мінулага года паказалі, што ў моладзі ўзрасла цікавасць да прафесіі педагога.


Такі ж усвядомлены выбар сёння можа зрабіць любы школьнік, нават не навучаючыся ў профільным класе. Для гэтага ў Беларусі шмат магчымасцяў. Адна з іх — наведаць форум «Адукацыя і кар’ера», які пройдзе ў Мінску з 14 да 16 лютага. Выстава праводзіцца ўжо 22 гады, і з году ў год яе папулярнасць расце. У мінулым годзе форум падтрымалі больш за 120 удзельнікаў, з іх — 40 устаноў вышэйшай адукацыі, 44 каледжы і шэраг падведамных арганізацый, арганізацый — заказчыкаў кадраў, гасцямі выставы сталі больш за 12 тысяч чалавек.

— Сёлета заяўку на ўдзел у гэтым маштабным форуме ўжо падалі каля 45 ВНУ і 70 каледжаў Беларусі, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Пішчоў. — У апошнія гады мерапрыемства праводзіцца ў абноўленым фармаце і паслужыць стартам актыўнай фазы ўступнай кампаніі ва ўстановы прафесійнай адукацыі, дазволіць арганізацыям — заказчыкам кадраў правесці дадатковую работу з выпускнікамі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, каледжаў, ВНУ, ажыццявіць падбор маладых спецыялістаў для далейшага працаўладкавання на свае прадпрыемствы.

Удзел у выставе запланавалі 42 арганізацыі — заказчыкі кадраў практычна з усіх міністэрстваў, ведамстваў, вядучых валаўтваральных арганізацый краіны.

— Яны таксама трымаюць руку на пульсе, — канстатуе Сяргей Пішчоў. — Таму што падрыхтоўка будучых спецыялістаў, іх працаўладкаванне, замацаванне на прадпрыемствах — задача, якая павінна вырашацца і вырашаецца ўжо сёння не на студэнцкай лаве, не з выпускнікамі ВНУ і каледжаў, а з выпускнікамі школ. У краіне створана вялікая колькасць магчымасцяў для паступлення ва ўстановы прафесійнай адукацыі.

Менавіта таму ў апошнія гады выставу наведвае ўсё больш студэнтаў, якія становяцца, па сутнасці, яе мэтавай аўдыторыяй. Сярод вялікай колькасці прадпрыемстваў маладыя людзі маюць вялікі шанц знайсці і сваё першае працоўнае месца, і месца для праходжання вытворчай практыкі, наладзіць кантакты для далейшага кар’ернага росту.

На выставе традыцыйна будуць прадстаўлены тры буйныя кірункі. Першы — «Адукацыя», куды ўвойдуць установы вышэйшай адукацыі і каледжы, другі — «Кар’ера», які прадставяць арганізацыі — заказчыкі кадраў, і трэці — «Дадатковая адукацыя і адукацыйныя тэхналогіі», дзе будуць прадстаўлены магчымасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Увогуле, праграма форуму ўключае больш за 60 мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць тры дні ў рэжыме нон-стоп. Па традыцыі ВНУ і каледжы таксама падрыхтуюць свае праграмы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю