За прыклад ініцыятыўная група ўзяла Трафімаву крыніцу на малой радзіме Прэзідэнта, у Александрыі.
У выніку перамогі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў 18 тысяч рублёў на добраўпарадкаванне выдзелілі з мясцовага бюджэту, яшчэ 2 тысячы рублёў, або 10 % ад усяго кошту ўвасаблення праекта, ахвяравалі самі жыхары і арганізацыі.
За гэтыя сродкі набылі калодзежныя кольцы, неабходныя матэрыялы для агароджы, абароннага навеса і іншых патрэб. Да таго ж прадпрыемствы раёна выдзялялі тэхніку, пабудавалі альтанку.
Добраахвотнікі арганізоўвалі суботнікі амаль кожны тыдзень на працягу двух з паловай летніх месяцаў. Да прыборкі смецця, выдалення залішняй расліннасці далучаліся жыхары не толькі найбліжэйшых населеных пунктаў Сянно і Багушэўска, але і госці з Брэста, Мінска — ураджэнцы тутэйшых мясцін.
Талакою дэманціравалі крутую драўляную лесвіцу, якая абмярзала ў халодную пару года, замянілі яе на новую металічную са зручнымі парэнчамі. Вычысцілі месца вытоку, падсыпалі шчэбнем дарогу і аўтастаянку, устанавілі на патрэбным павароце ўказальны знак. А яшчэ пасадзілі навокал дрэвы.
«Папярэдне мы заказалі лабараторны аналіз вады з крыніцы, — расказаў старшыня Багушэўскага сельсавета Вячаслаў Багданаў. — Даследаванні паказалі, што яна чыстая, утрыманне жалеза і нітратаў ніжэйшае за ўстаноўленыя для пітной вады нормы. Тэсціраванне праводзілі і пасля ўладкавання новай крыніцы, аказалася, вада стала яшчэ чысцейшай».
Існуе паданне, што крыніца, асвечаная ў гонар Пятра і Паўла, біла з-пад зямлі каля Заветнага яшчэ сто гадоў таму, яе ваду людзі лічылі гаючай, лячылі ёю хваробы. І хоць пісьмовых і іншых пацвярджэнняў паданню не знайшлі, аддаючы даніну павагі мінуламу, у дзень урачыстага адкрыцця крыніцу асвяцілі ў імя апосталаў, устанавілі паклонны крыж.
У выніку перамогі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў 18 тысяч рублёў на добраўпарадкаванне выдзелілі з мясцовага бюджэту, яшчэ 2 тысячы рублёў, або 10 % ад усяго кошту ўвасаблення праекта, ахвяравалі самі жыхары і арганізацыі.
«Я з маленства ведаў пра гэты выток, хадзіў да яго па ваду з бабуляй, — успамінае кіраўнік праекта, загадчык кафедры факультэцкай хірургіі ВДМУ, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Вячаслаў Станавенка. — Для многіх тутэйшых жыхароў гэта адметнае, сакральнае месца. Цяпер няхай і іншыя наталяюць смагу вадой з глыбінь нашай зямлі».
Вячаслаў Станавенка разам з аднадумцамі, сярод якіх рэктар акадэміі сучаснай сям’і (Масква) Марыя Праскурава, ветэран пагранічных войск Вячаслаў Пулко, аб’ядналіся ў суполку «Патрыёты Багушэўска». Пры іх непасрэдным удзеле на малой радзіме, у Багушэўску, адкрыты помнік землякам — воінам-інтэрнацыяналістам, а таксама скульптура «Рэха кахання» ў памяць аб сям’і Багушэўскіх. Палкоўнік Дзмітрый Багушэўскі бязвыплатна перадаў кавалак уласнай зямлі пад будаўніцтва чыгуначнай станцыі пры ўмове, што яна будзе насіць імя яго жонкі Марыі — Багушэўская. Ініцыятыўная група дапамагае зрабіць больш відовішчнымі святы землякоў, мае многа новых цікавых задум. Сённяшнія патрыёты дзейнічаюць пад дэвізам «Ганарымся мінулым, будуем цяперашняе, упэўнены ў будучыні».
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц