Любіць бацькоў, бацькоўскі дом і той куток, дзе нарадзіўся. Не здраджваць памяці продкаў і шанаваць дадзенае табе ў спадчыну — мірнае неба над галавой. Усяго некалькі простых ісцін, якія спасцігаюць нашы дзеці сёння з дапамогай настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавальнікаў, дазволяць Беларусі вырасціць пакаленне патрыётаў.
Моладзь ва ўстановах адукацыі, арганізацыях, на вытворчасці сёння прывучаюць да думкі аб тым, што на яе ўскладзена асаблівая місія і асаблівая адказнасць за развіццё грамадства, росквіт роднай краіны, за пераемнасць пакаленняў і ўслаўленне роднай зямлі поспехамі ў вучобе, працоўнымі дасягненнямі, спартыўнымі і творчымі. На калегіі Міністэрства адукацыі, якая праходзіла нядаўна, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка сказаў з нагоды патрыятычнага выхавання наступныя словы:
«Гэта краевугольны камень, калі хочаце, асаблівасць беларускай адукацыі: мы займаемся і выхаваўчым, і патрыятычным складнікам навучання. Гэта важна, каб мы фарміравалі сапраўдных паўнавартасных грамадзян...»
Летась Беларусь адзначала 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета мы рыхтуемся сустрэць 80-годдзе Вялікай Перамогі. Таму мерапрыемствы, якія праводзіліся ў краіне і ў якіх актыўна ўдзельнічала моладзь, працягваюцца. У Міністэрстве адукацыі распрацаваны аб’ёмны план іх, практычна ўсе ўстановы адукацыі ўключыліся ў яго рэалізацыю. Днямі на дыялогавай пляцоўцы «Рэлігія і вайна: вера, мужнасць, стойкасць», якая праводзілася на базе Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі», адбылася дыскусія на тэму «Роля рэлігіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», у якой бралі ўдзел студэнты, супрацоўнікі гістарычнага факультэта БДУ і прадстаўнікі вядучых рэлігійных канфесій Беларусі на чале з намеснікам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргеем Герасіменем. У БНТУ прайшла прэзентацыя праектаў студэнтаў па аднаўленні помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.
Мерапрыемствы праходзяць па ўсёй краіне, да іх далучаецца ўсё больш арганізацый і ўдзельнікаў.
— У Нацыянальнай бібліятэцы працягвае працаваць выстава экспазіцый музеяў устаноў адукацыі «Час. Спадчына. Памяць», прымеркаваная да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — расказвае намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Эла Новікава. — З бягучага месяца і да красавіка 2025 года выстава прысвечана тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені — новая экспазіцыя: будзе адлюстраваны партызанскі і падпольны рух, а таксама прадстаўлены экспанаты, прысвечаныя воінскім часцям і злучэнням, якія вызвалялі нашу Радзіму.
У экспазіцыях сабраны дакументы і асабістыя рэчы вязняў канцэнтрацыйных лагераў і гета (Віцебскага, Навагрудскага, Дараганаўскага), прадстаўлены матэрыялы па тэме Халакосту і подзвігу праведнікаў народаў свету.
Яна таксама расказала, што з лютага і да канца 2025-га ва ўстановах адукацыі краіны праходзіць пяты этап Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». Мэта экспедыцыі — далучаць моладзь да турысцка-экскурсійнай і экспедыцыйнай дзейнасці. Удзельнікі — юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 гадоў, аб’яднаныя ў экспедыцыйныя атрады, турысцкія і экскурсійныя групы, створаныя пры УА. У маладзёжнай экспедыцыі пяць кірункаў: «Гісторыі слаўныя імёны», «Нам дарогі гэтыя забыць нельга», «Святынямі роднага краю», «Спадчына зямлі беларускай» і «Запаведнымі сцежкамі прыроды».
2025-ы — Год добраўпарадкавання. Акцыя «Вахта памяці» збярэ маладых людзей — ад школьнікаў да студэнтаў — у работы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў. Будзе вывучацца і гісторыя гэтых пахаванняў. Працы наперадзе нямала: за ўстановамі адукацыі краіны замацавана тры тысячы помнікаў.
Па-ранейшаму актуальным застаецца патрыятычны праект «Цягнік Памяці», які стартаваў у 2022 годзе і аб’яднаў моладзь Беларусі і Расіі, стаўшы наглядным урокам гісторыі для маладога пакалення. У 2024 годзе ў акцыі ўдзельнічалі 55 прадстаўнікоў Расіі, 55 — Беларусі, а таксама па 15 удзельнікаў з Арменіі, Кыргызстана, Узбекістана, Азербайджана і Таджыкістана — усяго 205 школьнікаў і 65 суправаджальнікаў.
— «Цягнік Памяці», вядома ж, адправіцца ў свой шлях і сёлета, — кажа Эла Новікава. — Праект настолькі запомніўся яго былым удзельнікам, яны так шмат распавядаюць пра яго сваім настаўнікам, бацькам, аднагодкам, што ўдзельнічаць жадаюць многія. Але такую паездку трэба заслужыць.
Фота Віктара драчова