Дзіцячую пісьменніцу Кацярыну Хадасевіч-Лісавую добра ведаюць чытачы ўсёй нашай краіны. Аўтар многіх кніг, большасць з якіх пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» — удзельнік розных фестываляў дзіцячага чытання, часты госць у бібліятэках і школах.
Не забываецца казачніца і пра гарады беларускай правінцыі. Вось днямі прайшлі літаратурныя гастролі Кніжнай Феі ў Жодзіна. На сустрэчу з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў горад аўтамабілебудаўнікоў Кніжная Фея адправілася з валізкай казкай. Сустрэчы прайшлі ў Жодзінскай гімназіі нумар 1, у СШ нумар 5 горада Жодзіна. Юныя чытачы адчулі, што пісьменніца прыехала да іх не адна, а ў кампаніі з Вухуцікам і лісачкай Красуняй, іншымі сваімі героямі. Шмат хто з жодзінскіх прыхільнікаў творчасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой ужо добра ведае гэтых літаратурных персанажаў. Таму сустрэчы былі наўздзіў шчырымі, праніклівымі. Былі і гульні, і пытанні. Пісьменніца расказала пра свае новыя планы.
Адзін з будучых творчых клопатаў звязаны з кнігай «Сакрэты аднаго каралеўства», якую толькі што выдалі масавым накладам у выдавецтве «Беларусь». Пад адной вокладкай схаваліся героі, якія жывуць у грыбным каралеўстве, дзе хапае розных таямніц і прыгод. Кацярына Хадасевіч-Лісавая разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і выдавецтвам «Беларусь» мяркуе правесці ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адмысловы казачны грыбны фестываль. Запрасіла пісьменніца да ўдзелу ў гэтым свяце, якое прымеркавана на верасень сёлетняга года, і жодзінскіх школьнікаў і гімназістаў, а таксама іх настаўнікаў і бацькоў. «Павінна быць цікава!», — паабяцала Кацярына Хадасевіч-Лісавая.