Уступная кампанія ўвайшла ў актыўную фазу — стартаваўшы ў студзені 2026-га, сёння ўжо набрала абароты і здабыла рэальныя абрысы. Яна будзе праводзіцца з улікам вопыту мінулых гадоў, а таксама дапаўненняў і карэкціровак, якія датычацца некаторых арганізацыйных пытанняў. У астатнім, як сцвярджаюць спецыялісты Міністэрства адукацыі, якіх-небудзь сур’ёзных змяненняў у працэс здачы ЦЭ і ЦТ, тэставыя заданні і іх ацэнку, не ўносілася.
Пад пільным кантролем
У сераду прайшоў адзін з асноўных этапаў у падрыхтоўцы да выпускнога экзамену і ўступнай кампаніі — выбарка экзаменацыйных матэрыялаў па кожным з 14 прадметаў, якія будуць здаваць выпускнікі школ і абітурыенты ВНУ. Працэс праходзіў пры непасрэдным удзеле намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі ПЯТКЕВІЧ, якая з’яўляецца старшынёй Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у Беларусі, а таксама першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра БАХАНОВІЧА.
— Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу ўступнай кампаніі, бо самае галоўнае, што павінна быць у ёй, — справядлівасць, — нагадала Наталля Пяткевіч. — Каб яе забяспечыць, была створана дзяржаўная камісія.
З гэтага года камісія пачала працаваць з больш ранніх стадый — правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд, і гэта дае магчымасць ахапіць увесь перыяд падрыхтоўкі да ўступнай кампаніі. Пераможцы адносяцца да катэгорыі абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ без экзаменаў. Па словах старшыні дзяржкамісіі, былі выяўлены некаторыя недапрацоўкі пры вызначэнні пераможцаў і прызёраў алімпіяд:
— На жаль, асобныя рэктары не зусім сур’ёзна падышлі да гэтага працэсу. Жаданне паказаць сваю ўстанову адукацыі ў найлепшым выглядзе зразумелае. Але насамрэч паступленне па выніках універсітэцкай алімпіяды — гэта льгота, і несправядліва, калі яе пераможца з 50 баламі зойме месца больш падрыхтаванага абітурыента. Таму неабходна забяспечыць справядлівасць і празрыстасць ужо на гэтым этапе, адкарэкціраваўшы падыходы да вызначэння тых, хто атрымае права паступаць па льготнай траекторыі.

На думку Наталлі Уладзіміраўны, вельмі важна, каб у працэсе ацэнкі ведаў быў бескантактавы механізм адбору абітурыентаў, які забяспечвае празрыстасць і справядлівасць.
— Каб гэта было так, як адбываецца ў РІКВ, дзе пры фарміраванні заданняў, іх паступленні і размеркаванні ўсё механізавана. Важна, каб ні на якой іншай стадыі не было ніякіх магчымасцяў паступіць у ВНУ не зусім заслужана, — падкрэсліла старшыня дзяржкамісіі. — Прэзідэнт кантралюе гэты працэс шмат гадоў, і гэта дало свае сур’ёзныя вынікі, якія дазваляюць з упэўненасцю сцвярджаць, што на ўступнай кампаніі забяспечана рэальная справядлівасць.
Як усё праходзіць
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый МІРОНАЎ адзначыў, што такое мерапрыемства праходзіць штогод напярэдадні арганізацыі ЦТ і ЦЭ:
— Сёння мы будзем ажыццяўляць выбарку экзаменацыйных матэрыялаў па кожным з 14 прадметаў. З наяўных заданняў будуць фарміравацца ўжо тэставыя матэрыялы для цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання. На момант выбаркі экзаменацыйных заданняў яны ўжо былі сфарміраваныя метадыстамі інстытута — на падставе прапаноў і матэрыялаў, якія былі прадстаўлены экспертамі і аўтарамі-распрацоўшчыкамі. Папярэдне міністрам адукацыі зацвярджаюцца адпаведныя спецыфікацыі па прадметах, на падставе якіх мы ўжо распрацоўваем адпаведныя заданні,тэставы матэрыял. Сёння з тысячы заданняў сфарміруюцца варыянты, якія будуць выносіцца на ЦЭ або ЦТ. Усе гэтыя заданні цалкам адпавядаюць школьнай праграме.

На імправізаванай выстаўцы Дзмітрый Сяргеевіч наглядна прадэманстраваў гадавы цыкл работы інстытута па падрыхтоўцы да ўступнай кампаніі, усе этапы фарміравання тэставых заданняў — аж да выдачы сертыфіката.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА