Top.Mail.Ru

Указ аб павышэнні эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўнай ветэрынарнай службы павысіць эфектыўнасць яе работы

Дакумент, які падпісаў кіраўнік дзяржавы 1 красавіка, комплексна скарэктаваў указ ад 28 чэрвеня 2019 года № 252. Якія навацыі нясе ў сабе ўказ, як ён будзе павышаць эфектыўнасць работы Дзяржаўнай ветэрынарнай службы, расказвае намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь. 


— У дакуменце вызначаны асноўныя задачы дзяржаўнай ветэрынарнай службы, парадак арганізацыі яе дзейнасці, правы і абавязкі дзяржаўных ветэрынарных інспектараў, а таксама парадак прызначэння на пасаду і вызвалення ад яе дзяржаўных ветэрынарных урачоў і дзяржаўных ветэрынарных інспектараў, — тлумачыць кіраўнік дэпартамента. 

Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча надзяляецца паўнамоцтвамі і абавязкамі па правядзенні ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўнай ветэрынарнай службы абласцей і раёнаў, па ацэнцы кваліфікацыі дадзеных спецыялістаў і неабходнасці правядзення праверак. 

— Акрамя таго, кіраўніцтва дэпартамента атрымлівае права выдаваць абавязковыя для выканання ўказанні ў частцы ветэрынарнага дабрабыту рэспубліканскім органам дзяржкіравання, мясцовым распарадчым і выканаўчым органам, юрыдычным і фізічным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам, — працягвае намеснік міністра.

Адной з істотных навацый, з яго слоў, з’яўляецца прыпыненне ветэрынарнай сертыфікацыі інспектарамі. 

— На ўзроўні ўрада будуць вызначаны абставіны і ўмовы, пры якіх ветэрынарныя ўрачы, як дзяржаўныя, так і тыя, што працуюць у сельгасарганізацыях і на перапрацоўчых прадпрыемствах, могуць быць пазбаўлены права выдаваць ветэрынарныя дакументы. Гэта заклікана павысіць бяспеку прадукцыі і здароўе жывёл, — паясняе Іван Смільгінь. 

Яшчэ адна навіна заключаецца ў тым, што галоўныя дзяржаўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў будуць абавязаны ўзгадняць распрацаваныя схемы лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў з дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна. Па словах дырэктара дэпартамента, указ дакладна вызначае вертыкаль падпарадкавання ў ветэрынарыі. Цяпер уся дзяржаўная ветэрынарная служба будзе падпарадкоўвацца Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча. 

— Таксама вызначаны ўмовы ўзгаднення прызначэння на пасады дзяржаўных ветэрынарных урачоў абласцей, раёнаў, гарадоў — у абавязковым парадку ўсе яны будуць праходзіць праз узгадненне з дэпартаментам, — праінфармаваў прадстаўнік Мінсельгасхарча. 

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю