Пра гэта паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падчас знаходжання ў Бялыніцкім раёне.
Святочная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая праходзіць пад патранатам і па ініцыятыве Прэзідэнта, працягвае падарожжа па краіне. У панядзелак, 22 снежня, гасцей сустракалі ў Бялыніцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце. Ужо па традыцыі з навагоднімі святамі дзяцей і педагогаў павіншаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Ён — ураджэнец Бялыніч і заўсёды з цеплынёй адносіцца да сваёй малой радзімы.
У Бялыніцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце жывуць і вучацца каля 100 выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Пасля заканчэння 10 класаў частка выхаванцаў працягвае вучобу ў прафесійна-тэхнічных каледжах, астатнія ідуць на пастаяннае месца жыхарства ў Веснаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця або Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.
Дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Мамчанка расказвае, што дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць зімовыя святы, гасцей і падарункі. Яны рыхтуюцца да выступленняў, упрыгожваюць класы і калідоры, пішуць лісты Дзеду Марозу. І гэтым разам выхаванцы ўстановы былі задзейнічаны ў тэатралізаваным дзействе. Хлопчыкі і дзяўчынкі танцавалі, вадзілі вясёлыя карагоды вакол прыгожай ёлкі, разам з гасцямі запальвалі на ёй святочныя агеньчыкі. І вельмі радаваліся, калі атрымалі ад іх падарункі.
Дзмітрый Крутой паведаміў, што сёлета акцыяй «Нашы дзеці» будзе ахоплена каля мільёна дзяцей. Ён звярнуў увагу на тое, што сёлета акцыя «Нашы дзеці» адзначае трыццацігоддзе. Менавіта Прэзідэнт ініцыяваў гэты праект у далёкім ужо 1995-м.
— Гэта было адно з першых яго праграмных рашэнняў, — выказаўся Дзмітрый Крутой. — Гэта той час, калі краіна перажывала нялёгкі перыяд. Ва ўразлівым становішчы былі дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты, дзе знаходзілася каля 6500 дзяцей. Прэзідэнт даручыў у той момант звярнуць на іх асаблівую ўвагу. І з тых часоў акцыя пачала набіраць абароты, крочыць па краіне.
Высокі госць адзначыў, што за 30 гадоў адбылася вялікая трансфармацыя гэтай сістэмы. Цяпер дзіцячых дамоў засталося няшмат, дзеці жывуць у асноўным у дамах сямейнага тыпу.
— Мяркую, што з часам іх не будзе зусім, — удакладніў Дзмітрый Крутой. — І мы да гэтага вельмі блізка падышлі. У Беларусі жывуць вельмі сардэчныя і добрыя людзі, добра працуе інстытут усынаўлення. Дзяржава забяспечвае добрым пакетам ільгот падобныя сем’і. І мы будзем рабіць усё, каб не засталося ніводнага дзіцяці, якое б утрымлівалася ў школе-інтэрнаце або дзіцячым доме.
— Нядаўна ў сваім Пасланні Прэзідэнт вялікую ўвагу ўдзяліў сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Ён шмат казаў пра школьную адукацыю, тую асаблівую катэгорыю скаргаў, якія былі наконт школьнага харчавання. Прыемна, што апошнім часам у сувязі з гэтым пайшлі добрыя водгукі нашых бацькоў. Становішча значна палепшылася пасля ўсіх гэтых нарад і папрокаў, якія былі выказаны. Наш Прэзідэнт вельмі хутка адрэагаваў. З такіх вось маленькіх дэталяў, элементаў складваецца тая вялікая дзяржаўная апека, якую наша дзяржава аказвае дзецям.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падарыў Бялыніцкай спецыяльнай школе-інтэрнату сертыфікат на медыцынскае абсталяванне.
— Акрамя сірот, тут ёсць дзеці з фізічнымі асаблівасцямі, з якімі займаюцца кваліфікаваныя педагогі, ёсць урачэбныя кабінеты, і медыцынская апаратура ім вельмі патрэбна, — рэзюмаваў ён.
Нэлі ЗІГУЛЯ
г. Бялынічы