Чытальная зала стала экзаменацыйнай
У першым модулі РП задзейнічаны 12 бібліятэк Мінска. Па словах дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрыя МІРОНАВА, на кастрычнік і лістапад усе месцы там забраніраваныя. У адну з іх — Цэнтральную бібліятэку імя Янкі Купалы — у суботнюю раніцу адправіліся і карэспандэнты «Звязды».


«Ціха і ўтульна, як дома»
Бібліятэкі традыцыйна называюць царствам цішыні. Тут заўсёды спакойна і можна хутка настроіцца на сур’ёзную аналітычную работу. У такую вось атмасферу і патрапілі будучыя абітурыенты.
Пакуль заставаўся час да пачатку экзамену, яны займаліся карыснымі справамі: хтосьці аглядаў кнігі на паліцах, хтосьці знаёміўся з адным з галоўных новаўвядзенняў цяперашняй уступнай кампаніі — інтэрактыўным памочнікам РІКВ, які ўпершыню адкрыў школьнікам доступ да аналітычных матэрыялаў проста ў асабістых кабінетах.
.jpg)
Але наша першае пытанне дзецям было аб новым фармаце праходжання РТ і іх уражаннях ад яго.
Любімы прадмет адзінаццацікласніка Дзімы МІРМАНАВА — матэматыка. А ў гэты дзень, як і ўсе астатнія ўдзельнікі РТ, ён пісаў тэст па рускай мове.
%20Дмитрий%20Мирманов.jpg)
— Не скажу, што вельмі моцна хвалююся, — кажа хлопец. — Трэба проста сабрацца і зрабіць усё на «выдатна». Упэўнены, у мяне атрымаецца.

На РТ у бібліятэку Дзмітрый запісаўся невыпадкова.
— Хацеў паглядзець, як гэта — здаваць тэсціраванне ў бібліятэцы, — тлумачыць ён. — Акрамя таго, калі я захацеў зарэгістравацца на РТ у адным з універсітэтаў, свабодных месцаў там ужо не было. Таму гэты варыянт стаў для мяне яшчэ і выратавальным.

У выніку сваім выбарам школьнік застаўся задаволены.
— Ціха і ўтульна, як дома, — прызнаецца Дзіма.
Яшчэ адна ўдзельніца РТ Лізавета АЛЕКСІЮК галоўнай перавагай гэтага месца назвала блізкасць ад дому:
— Гэта ўжо само па сабе ўсяляе дадатковую ўпэўненасць. Бо нездарма кажуць, што дома і сцены дапамагаюць. Ды і ехаць далёка нікуды не трэба.


З высокай пробай якасці
Рэпетыцыйнае тэсціраванне ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы праводзіў сам дырэктар РІКВ Дзмітрый Міронаў:
— Праект, які мы сёння апрабуем, называецца «Ідзём у бібліятэку разам з РІКВ». Таму я проста абавязаны тут знаходзіцца.
Час, што застаўся да іспыту, Дзмітрый Сяргеевіч таксама праводзіў з карысцю — для дзяцей. Ён патлумачыў ім, як правільна запаўняць бланкі, абмеркаваў з імі пытанні, якія ўзнікалі ва ўдзельнікаў падчас рэгістрацыі.
— Гэта спроба новага фармату правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання, і вельмі важна даць ёй ацэнку з улікам меркавання ў першую чаргу ўдзельнікаў РТ, — падкрэслівае дырэктар РІКВ. — З кожным наступным модулем колькасць бібліятэк мы плануем павялічваць, і з часам гэта дасць плюс 6 тысяч месцаў для жадаючых праверыць свае веды на рэпетыцыі тэсціравання.

Асобна Дзмітрый Міронаў спыніўся на асаблівасцях раскладу РТ у бібліятэках:
— У адзін дзень ва ўсіх бібліятэках горада праходзіць тэст па адным прадмеце. Напрыклад, сёння праводзіцца тэсціраванне па рускай мове, у панядзелак — таксама па ёй, а ў сераду — па матэматыцы.
Вяртанне да вытокаў
Дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска» Алена ЧАРНЯЎСКАЯ лічыць, што ідэя праводзіць рэпетыцыйнае тэсціраванне ў бібліятэках — цудоўная:
— У нашых бібліятэках ёсць вялікая адукацыйная прастора, таму падрыхтаваць іх для тэсціравання было няцяжка. А для бібліятэчных работнікаў гэта стала як бы вяртаннем да вытокаў — калі мы рабілі аўдыторную рассадку ў чытальных залах.
%20Елена%20Чернявская.jpg)

Адзіны недахоп, па меркаванні Алены Уладзіміраўны, у тым, што чытальныя залы ў бібліятэках могуць прыняць ад 20 да 28 чалавек. У астатнім усё арганізавана так, як і ў іншых пунктах здачы РТ.
— Супрацоўнікі ўстаноў і РІКВ зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць будучым абітурыентам камфортныя ўмовы: забяспечылі пітны рэжым, арганізавалі рэгістрацыю і праверку бланкаў. Работнікі бібліятэк выконваюць свайго роду валанцёрскую функцыю: тлумачаць, куды прайсці, у гардэробах прымаюць на захоўванне рэчы і мабільныя тэлефоны. Калі камусьці спатрэбіцца невялікая медыцынская дапамога, — не праблема: у кожнай бібліятэцы ёсць аптэчка.
Яшчэ адна высакародная мэта праекта — вярнуць дзяцей у бібліятэкі, да чытання кніг, адзначае Алена Чарняўская:
— Я спадзяюся, што дзеці, калі напішуць тэст, не будуць як мага хутчэй уцякаць з бібліятэкі, а затрымаюцца, каб пазнаёміцца з ёй, яе магчымасцямі і фондамі.

Яна ўпэўнена таксама ў тым, што вельмі важны ўдзел у гэтым працэсе бацькоў:
— Для таго каб разам з дзецьмі, а ў нас, дарэчы, 80 працэнтаў чытачоў — дзеці і падлеткі да 18 гадоў, у дзіцячыя бібліятэкі прыходзілі іх бацькі, мы запісваем у іх і дарослых. І фонд дарослай літаратуры таксама ёсць. Сямейныя паходы ў бібліятэку — вельмі патрэбнае, карыснае і запамінальнае мерапрыемства для выхаднога дня. І не толькі для выхаднога.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД