Top.Mail.Ru

Уражанні ад інтэрв’ю Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Аль-Арабія»

Слабыя лідары развязваюць войны, моцныя — захоўваюць мір


Глыбокае разуменне сусветнага геапалітычнага раскладу, бліскучыя аналітычныя здольнасці, уменне простай мовай растлумачыць складаныя рэчы, а таксама ўласную правераную часам і вопытам палітычную філасофію — усё гэта чарговы раз прадэманстраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў нядаўняй гутарцы з журналістам тэлеканала «Аль-Арабія».


Калі ўважліва слухаць словы беларускага лідара, вельмі хутка разумееш, што аб чым бы ні гаварыў Кіраўнік дзяржавы, якую б тэму ні закранаў — усюды чырвонай ніткай праходзіць ідэя неабходнасці захавання міру там, дзе ён яшчэ ёсць, і аднаўлення міру там, дзе ён цяпер з-за абставін адсутнічае. Міралюбнасць і добрасуседства (прычым не толькі ў рэгіянальным маштабе, але і ў глабальным) — вось тыя філасофскія падставы, на якіх ідэйна грунтуецца знешняя палітыка Беларусі, якая ўжо шмат гадоў паслядоўна рэалізуецца па ўказаннях і пад непасрэдным кантролем Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод ключавых задач, якія ставіць перад сабой наша краіна, — максімальнае ўсеагульнае раззбраенне, пазбаўленне ад найбольш смяротных форм зброі масавага знішчэння (ядзернай, хімічнай, бактэрыялагічнай) і спосабаў яе дастаўкі, а таксама адмова ад вайны як спосабу вырашэння праблем і дасягнення пажаданых вынікаў на знешняй арэне.

Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістам «Аль-Арабія» падкрэсліў, што агульнае распаўсюджванне і валоданне ядзернай зброяй краінамі ўсяго свету — гэта шлях у нікуды, паколькі ён можа прывесці да глабальнай ядзернай катастрофы. І яго асабістая прынцыповая пазіцыя — гэта ўсеагульнае раззбраенне, якое павінна закрануць усіх, без выключэння: «І гэта павінна датычыцца ўсіх: Расіі, ЗША, Кітая, Ізраіля, Індыі, Пакістана і іншых краін. Гэта павінна датычыцца ўсіх».


У той жа час беларускі лідар — не наіўны юнак, а вопытны палітык, які выдатна разумее, што дабіцца ўсеагульнага раззбраення вельмі няпроста. Таму ён робіць упор на яшчэ адзін важны прынцып адносін — на справядлівасць. А па справядлівасці, калі ядзерная зброя ёсць у ЗША, Кітая, Расіі і іншых краін — чаму яе не можа быць у Ірана? Асабліва ў Ірана, бо яму даводзіцца весці няроўны бой адразу з дзвюма краінамі, якія валодаюць гэтым смяротным арсеналам — з Амерыкай і Ізраілем! Магчыма, калі б Тэгеран меў на ўзбраенні ядзерную зброю — і не было б зараз амерыкана-іранскага канфлікту!

Дарэчы, разважаючы пра сітуацыю, што склалася ў раёне Персідскага заліва, Аляксандр Лукашэнка праявіў вельмі глыбокую празорлівасць і дасведчанасць, а таксама прадэманстраваў філігранныя навыкі палітычнага аналізу і прагназавання! Ён зазначыў, што віна за напад на Іран ляжыць і на Ізраілі, які ўцягнуў у канфлікт за свае інтарэсы амерыканцаў, і на ЗША, якія і самі хацелі выкарыстаць сітуацыю, паддаўшыся ўплыву магутнага яўрэйскага лобі ў амерыканскіх кіруючых колах. Дзеянні Ірана ў адказ на напад, калі той пачаў абараняцца ўсімі магчымымі спосабамі ад агрэсара, у тым ліку праз бамбардзіроўкі ваенных баз ЗША, размешчаных у краінах рэгіёна Блізкага Усходу — гэта цалкам чаканая і законная рэакцыя.

Пры гэтым беларускі Прэзідэнт заўважыў, што ракетнымі бамбардзіроўкамі вайну не выйграць, а на наземную аперацыю ЗША ў цяперашніх умовах не вырашацца, і гэта было прадказальна. Таксама было прадказальна і тое, што несправакаваны напад на Іран прывядзе да кансалідацыі грамадства ўнутры краіны і да фарміравання блока тых, хто спачувае, з ліку іншых мусульманскіх дзяржаў, нават якія знаходзіліся да гэтага з Ісламскай Рэспублікай у не вельмі сяброўскіх адносінах. Пры гэтым працяглае развіццё канфлікту нявыгадна ні ЗША, ні большасці краін Персідскага заліва, ні самому Ірану. Адсюль і прагноз беларускага Прэзідэнта аб магчымым спыненні гэтай вайны: «І яна сёлета будзе спынена. Я спадзяюся, што нават у бліжэйшы час». І гэтае сцвярджэнне Аляксандра Лукашэнкі пацвердзілася літаральна праз пару дзён пасля інтэрв’ю, калі ЗША і Іран абвясцілі аб планаваным падпісанні мемарандума і маштабных перагаворах аб умовах завяршэння вайны.


Не застаўся за межамі ўвагі кіраўніка беларускай дзяржавы і іншы канфлікт, значна бліжэйшы да нас. Прычым у разважаннях аб сітуацыі ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка ўжо не быў такі аптымістычны. На яго думку, гэты канфлікт больш складаны, чым на Блізкім Усходзе, але і яго вырашэнне ў ваеннай плоскасці немагчыма, толькі шляхам перагавораў.

Беларускі Прэзідэнт адзначыў, што і Расія, і Украіна сутыкаюцца цяпер з сур’ёзнымі праблемамі, асабліва ў адносінах да галоўнага ваеннага рэсурсу — людзей. У гэтай сітуацыі спробы ўцягнуць Беларусь у эскалацыю канфлікту, прынесці вайну на беларускую зямлю — контрпрадуктыўныя і не патрэбныя ні Расіі, ні Беларусі, ні самой Украіне.

Правакацыйныя заявы, зробленыя нядаўна Уладзімірам Зяленскім, у якіх гучалі пагрозы не толькі на адрас усёй нашай краіны, але і асабіста беларускага лідара, Аляксандр Лукашэнка лічыць інспіраванымі з боку Заходняй Еўропы, якая сёння спрабуе раздуць пажар вайны на кантыненце і падштурхоўвае кіраўніцтва Украіны да неабдуманых слоў і дзеянняў. Дэманструючы якасці сапраўднага палітыка, моцнага лідара, які клапоціцца пра народ і дзяржаву, Прэзідэнт Беларусі не палічыў для сябе ганебным прынесці прабачэнні Уладзіміру Зяленскаму, калі таго закранулі рэзкія словы, якія Аляксандр Рыгоравіч сказаў у адказ на пагрозы ў свой адрас. Але галоўнае, на думку беларускага Прэзідэнта, — гэта, нягледзячы ні на якія асабістыя крыўды, амбіцыі, ні на ўсе папярэднія падзеі — знайсці ў сабе мудрасць, сілы і мужнасць і пачаць дамаўляцца: «І мы пачнём дамаўляцца, пачнём думаць аб тым, як зрабіць так, каб яшчэ столькі людзей не загінула. Каб аднавіць для жывых тое, што можна аднавіць, і супакоіць мёртвых. Усё роўна гэта давядзецца рабіць».


Гэта і ёсць філасофія сапраўднага моцнага лідара — думаць не пра асабістыя крыўды, а пра людзей, не шукаць шчасця і багацця шляхам уцягвання ў крывавыя войны, а захоўваць і падтрымліваць мір на сваёй зямлі і дапамагаць гэта рабіць іншым. І добра, што ў беларусаў такі лідар ёсць.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю