Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падпісаў пастанову «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 і ад 9 жніўня 2022 г.» № 518. Дакумент уносіць змяненні ў палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, якія заснаваны на прапановах Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2025 годзе.
Што гэта за змяненні і наколькі яны важныя, — з гэтымі пытаннямі звярнуліся да начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея ПІШЧОВА.
— Ніякіх змяненняў, прычым на працягу апошніх некалькіх гадоў, ні ў самі тэсты, якія праходзяць нашы абітурыенты і выпускнікі школ, ні ў спецыфікацыі не ўносіцца, — канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Некаторыя карэкціроўкі ўнесены ў палажэнне аб арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання.
Сяргей Пішчоў спыніўся на тым, што гэта за змяненні. Па-першае, гэта ўнясенне ў дакументы на рэгістрацыю на ЦТ не нумара і серыі пашпарта, а ідэнтыфікацыйнага нумара. Зроблена гэта для таго, каб сертыфікат, які атрымаюць абітурыенты па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, быў сапраўды незалежны ад таго, замяняе пашпарт абітурыент альбо не.

Па-другое, канкрэтызаваны патрабаванні да калькулятара: абітурыентам, якія здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па хіміі і фізіцы, дазваляецца браць на экзамен аднарадковы калькулятар, які можа выконваць найпрасцейшыя функцыі — складанне, адыманне, множанне, дзяленне, здабыванне квадратнага кораня. Іншыя калькулятары праносіць у пункты ЦТ будзе забаронена.
Па-трэцяе, прадастаўлена магчымасць тым, хто паступае і ў каго ёсць праблемы са здароўем, браць з сабой у аўдыторыю прылады, якія патрабуюцца для маніторынгу стану абітурыента. Праўда, для атрымання такога дазволу падчас рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне неабходна пазначыць абставіны і прадаставіць адпаведную медыцынскую даведку. Для хворых з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату прадугледжваецца абсталяванне спецыяльных месцаў у аўдыторыях.

— Хачу праінфармаваць выпускнікоў школ і абітурыентаў аб датах рэгістрацыі і здачы саміх экзаменаў, — працягнуў Сяргей Пішчоў. — Тут таксама няма ніякіх змяненняў. Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе ў адпаведнасці з правіламі прыёму, зацверджанымі Указам кіраўніка дзяржавы, з 9 па 22 красавіка. Цэнтралізаванае тэсціраванне ў гэтым годзе будзе таксама праходзіць у адзіныя тэрміны з цэнтралізаваным іспытам, гэта значыць 26—29 мая — першы этап, 2—6 чэрвеня — другі.

Рэзервовыя дні, па словах спецыяліста, а таксама інфармацыя аб датах рэгістрацыі на іх, ужо размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі, інфармацыйных крыніцах нашых ВНУ і на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Дарэчы, там размешчана самая вычарпальная інфармацыя для абітурыентаў: падлік пярвічных і тэставых балаў, спецыфікацыі па ўсіх вучэбных прадметах, пункты тэсціравання, розныя памяткі і іншыя звесткі, якія растлумачаць абітурыентам, як вырашыць арганізацыйныя пытанні, што ўзнікаюць.

На пытанне, ці могуць парушальнікі правілаў цэнтралізаванага тэсціравання, выдаленыя з аўдыторыі, прайсці яго ў жніўні, як гэта дазволена сёлета для выпускнікоў школ адносна цэнтралізаванага экзамену, адказ прадстаўніка Мінадукацыі быў адмоўным: «Калі абітурыента выдаляюць з аўдыторыі за парушэнне, гэта не будзе падставай атрымаць яшчэ адну магчымасць для здачы ЦТ. Дадзенае новаўвядзенне гэтага года дазваляе яшчэ раз здаць цэнтралізаваны экзамен у жніўні толькі выпускнікам школ: і тым, хто не справіўся з экзаменацыйным заданнем, і тым, каго выдалілі з экзамену за парушэнне». Як патлумачыў Сяргей Пішчоў, зроблена гэта для таго, што выпускнік у выпадку паспяховай здачы мог атрымаць атэстат і ў гэтым жа годзе працягнуць навучанне ў каледжы.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД