Top.Mail.Ru

Уступная кампанія ў каледжы на ўзровень ПТА завяршаецца

Падаць дакументы ў каледж на ўзровень ПТА абітурыенты змогуць да 23 жніўня, паведамілі ў Міністэрстве адукацыі. 



На першы курс плануецца залічыць 28 тысяч юнакоў і дзяўчат. Навучанне будуць ажыццяўляць 160 каледжаў краіны. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці звязаны з інжынернымі, перапрацоўчымі, будаўнічымі галінамі, а таксама сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркай, ветэрынарыяй, аховай здароўя і сацыяльнай абаронай. 

Што датычыцца траекторыі паступлення, то, як правіла, каледжы ажыццяўляюць набор абітурыентаў на аснове конкурсу сярэдняга бала атэстата. Таму здаваць ЦТ і прад’яўляць сертыфікаты няма неабходнасці. Экзамены трэба здаваць толькі ў некаторых установах, калі будучая прафесія — творчая, спартыўна-педагагічная або звязаная з фізічнай культурай. У адукацыйным ведамстве звярнулі ўвагу на такі факт: паступленне ў каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі кадраў становіцца ўсё больш папулярным у беларускай моладзі. У 2025-м колькасць мэтавых месцаў у каледжах павялічылі. Так, на ўзровень ПТА на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі плануюць набраць звыш 5,5 тысячы чалавек. Гэта на 1,3 тысячы больш, чым было год таму. 

Нагадваем абітурыентам аб неабходнасці падаць у прыёмную камісію разам з пакетам дакументаў даведку аб стане здароўя. Таксама маладыя людзі могуць пазначыць не адну, а некалькі спецыяльнасцяў, каб павялічыць шанцы на паступленне па альтэрнатыўных кірунках.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю