Top.Mail.Ru
65

Узнагароджаная ордэнам Маці хацімчанка ганарыцца сваімі дзецьмі і здымае пра іх мультфільмы

Сем «я» Лукашовых


Чатыры хлопчыкі і дзяўчынка — галоўнае багацце сям’і Лукашовых. І не толькі. Ордэн Маці, які Наталля атрымала сёлета, — адзнака дзяржавы за ўмацаванне дэмаграфічнай бяспекі краіны. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як жывецца вялікай сям’і ў глыбінцы і ў чым асабліва адчуваецца дзяржпадтрымка.

Цэлая футбольная каманда

З будучым мужам Наталля пазнаёмілася на Новы год, на дзявочніку, які яна арганізавала ў бацькоўскай хаце. Мікалай прыехаў у госці да адной з яе сябровак, але ўбачыў Наталлю і зразумеў — гэта яго лёс! Спачатку сазвоньваліся, перапісваліся, потым аформілі адносіны. Першапачаткова жылі ў сваякоў, потым здымалі кватэру, затым купілі дом у Хоцімску на вуліцы Гагарына, дзе цяпер у іх летнік. На таблічцы з адрасам так і напісана — «Сям’я Лукашовых». Наталля з усмешкай успамінае, што пакуль дзяцей не было, трымалі жывёлу:

— Яшчэ дзесяць гадоў таму ў нас была вялікая гаспадарка — свінаматка, парасяты. Калі пачалі нараджацца дзеці, часу на гаспадарку стала не хапаць. Але дагэтуль на летніку ёсць работа: пасадзілі маладыя грушы, яблыні, слівы. З савецкіх часоў там расце яшчэ белы наліў. Мой любімы, таму мужу не дазваляю яблыньку спілаваць.

Старэйшай дачцэ Кіры сёлета спаўняецца 18 гадоў. Яна вучыцца ў Магілёве ў індустрыяльным каледжы, атрымлівае адразу дзве прафесіі — швачкі і цырульніка. Тата жартуе, што цяпер у сям’і ёсць каму яго пастрыгчы і шкарпэткі зашыць. Прафесіі ў дачкі самыя што ні на ёсць запатрабаваныя.

Арцём і Улад пагодкі — ім 13 і 12 гадоў адпаведна. Яны — футбалісты, пастаянна ездзяць на спаборніцтвы.

— Яшчэ да нараджэння, відаць, адпрацоўвалі «ўдары» ў мяне ў жываце, — усміхаецца Наталля. — Муж прыходзіў з работы і катаў па ім мячык. Сынуля быццам бы чуў і штурхаў той мяч.

Арцём яшчэ і іншымі відамі спорту займаецца, мае медалі па грэка-рымскай барацьбе і па адзінаборствах. А вось Улад цалкам прысвяціў сябе футболу. У школу яму на другую змену, але ён рана ўстае і бяжыць на трэніроўку. Маці падабаецца, што футбол дысцыплінуе сыноў. Мацвей яшчэ першакласнік, але ўжо таксама марыць пра футбол. Засталося крыху падрасці — набор пачынаецца толькі з другога класа. А калі і самы малодшы Яраслаў захопіцца гэтым відам спорту, то цэлая футбольная каманда атрымаецца на чале з татам.


Сюжэты, народжаныя жыццём 

Наталля, якая пакуль прыглядае за малодшым сынам, таксама знайшла сабе занятак — захапілася маляваннем і стварэннем мультфільмаў пра сям’ю. Дарэчы, яе серыял «МамаСнежка і Ордэн Хауса» можна паглядзець на YouTube. Кожная серыя доўжыцца 2 хвіліны 14 секунд. Наталля робіць сваё кіно з дапамогай нейрасеткі. Адну серыю глядзім разам.

На экране быццам бы дыснееўскія персанажы, але пад іх маскамі схаваліся члены вялікай сям’і Лукашовых. У кадры нават хатнія гадаванцы — сіямскі кот Шлёпа і чорны Сажык. Сюжэт пра тое, як самы малодшы член сям’і паспрабаваў кашачы корм. Старэйшы брат яго спыняе: «Гэта ж для катоў, а не для людзей! Хочаш, каб у цябе хвост вырас?..» Тым часам з трэніроўкі вяртаюцца браты-футбалісты і паслізгваюцца на рассыпаным корме. «Ну вось, ледзь нагу не падвярнуў, — крычыць адзін. — Хто рассыпаў? Чаму ніхто за мелкім не глядзіць?!» З’яўляецца старэйшая сястра, як заўсёды ў навушніках і з тэлефонам. «Ну ўсё, мама ідзе, зараз яна з вамі разбярэцца», — пагражае яна братам...

Персанажы ўсе ўгадваюцца, толькі імёны зменены. Кіра, напрыклад, у серыяле — Ліза.

— Сюжэты бяруцца з жыцця, — раскрывае сакрэты сваёй творчасці Наталля. — Кашачы корм Ярык не спрабаваў, але ў каціны латок можа залезці, прыходзіцца хаваць.

Шматдзетная маці збіраецца шліфаваць свае кінематаграфічныя навыкі, набыла ўжо ўсё для таго, каб маляваць персанажаў, вучыцца самастойна іх агучваць. Атрымліваецца нядрэнна. Працэс вельмі цікавы і захапляльны. Да таго ж прысутнічае выхаваўчы момант. Можа дзяцей накіроўваць, не папракаючы. Яны бачаць сябе з боку і ўсё разумеюць. І пакрыху выпраўляюцца.


Рэцэпт шчаслівай сям’і

Наогул вялікая сям’я — гэта добра, лічыць Наталля:

— Мне вось цікава, хто прыдумаў, што сям’я — гэта цяжар, што трэба пажыць для сябе, без дзяцей? Калі мне хочацца пабыць адной, папіць кавы і адпачыць, старэйшыя дзеці заўсёды падстрахуюць. Мне сям’я наогул нічым не перашкаджае займацца, нават на мульцікі час застаецца.

Калі Наталля нараджала ўпершыню, у яе было жаданне ніколі больш у радзільны дом не вяртацца. Але стыхійнае пачуццё хутка прайшло, захацелася для старэйшай Кіры нарадзіць браціка. Аднак ніяк не атрымлівалася. І толькі калі сям’я вярнулася з іншага населенага пункта ў Хоцімск, жаданне здзейснілася. З гэтага Наталля зрабіла дзве высновы. Па-першае, ніколі нельга нават у думках казаць сабе, што не хочаш дзяцей. І па-другое, нараджаць лепш там, дзе табе ўсё блізка і знаёма. Дзеці, нават яшчэ не народжаныя, гэтыя моманты вельмі добра адчуваюць.

Трэцяе дзіця, Улада, як заўважае Наталля, ім Бог паслаў. Яна яшчэ ад папярэдніх родаў не паспела адысці, калі даведалася, што зноў зацяжарыла. Аналізы былі добрыя, і гэта суцяшала. Але да апошняга не ехала ў радзільны дом. Ужо схваткі пачаліся, а яна яшчэ дома мужу пельмені гатавала. Потым толькі і рванулі на Касцюковічы да найбліжэйшага радзільнага дома. Муж не паспеў у кватэру вярнуцца, а яна ўжо нарадзіла. Вось табе і пятніца 13-га!..

Наталля прызнаецца, што заўсёды адчувае на сабе клопат дзяржавы. І ордэн Маці для яе вельмі ганаровая ўзнагарода.

— Быць маці — вялікая заслуга і вялікая праца, — кажа яна. — І вельмі важна і прыемна, калі цябе дзяржава падтрымлівае. Вось гэту вялікую двухпакаёвую кватэру, якая па метрах як трохпакаёвая, менавіта дзяржава нам падарыла — мы стаялі на чарзе як шматдзетная сям’я. Кватэра ў цэнтры горада, на другім паверсе. І нумар яе — 25, дзень майго нараджэння. Прыгожае супадзенне.

Пасля дэкрэта Наталля збіраецца займацца самазанятасцю — маляваць лічбавыя шаржы і партрэты, рабіць мастацкія альбомы для дзіцячых садкоў. І час будзе заставацца на дом і дзяцей.

— Усіх грошай не заробіш — іх колькі ні давай, заўсёды будзе мала,— па-філасофску разважае яна. — Шчасце не ў вялікіх грашах. Галоўнае, каб іх на жыццё хапала. У дзяцей заўсёды ёсць на стале і садавіна, і розныя прысмакі. Ды і ўвогуле я не сказала б, што нам чагосьці не хапае. Дзяржава нам і адрасную дапамогу аказвае. У школе на святы падарункі атрымліваем. Карацей кажучы, пра нас не забываюць. І мы за гэта вельмі ўдзячныя!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю