Top.Mail.Ru

Што трэба ўлічваць пры выбары тавараў для школы?

Праверана, можна браць!

Для адзення важны склад тканіны

З першага жніўня ў Магілёве працуе вялікі школьны кірмаш, дзе можна цалкам апрануць падлетка — купіць яму заплечнік, сшыткі, дзённік, алоўкі і ўсё астатняе, без чаго не абысціся вучню. Калі вы думаеце, што гэта можна рабіць наўздагад, то вельмі памыляецеся. Бо не ўсё тое, што прыгожа, карысна для здароўя.

Каб параўнаць асартымент і геаграфію тавару, спачатку заходзім у вялікую краму ў цэнтры Магілёва, а затым накіроўваемся на рынак.

У краме паклапаціліся, каб школьнае адзенне і канцылярскія тавары прадаваліся ў адным аддзеле. І гэта вельмі зручна. Прыпыняемся каля стойкі з дзявочымі спадніцамі, каб ацаніць тавар айчыннага вытворцы.

  • — Пры выбары школьнага адзення ўвагу трэба звяртаць перш за ўсё на склад, які ўказаны на ўшытай стужцы, — інструктуе Людміла Белюсь. — Пажадана, каб прысутнічалі натуральныя валокны, тады будуць лепшымі гіграскапічнасць і паветрапранікальнасць вырабу. Але казаць пра гэта мы можам толькі ўмоўна. Паказчыкі ўстанаўліваюцца лабараторным шляхам. Як і напружанасць электрастатычнага поля. Але спажыўцу дастаткова візуальна ацаніць якасць тавару, паглядзець, каб былі апрацаванымі радкі, не было дэфармацыі, асіметрычнасці. Калі ўзніклі сумненні, можна спытацца ў гандлёвым аб’екце пра дакументы на адпаведнасць — на адзенне другога слоя павінен быць такі сертыфікат. Пытанне да якасці павінна ўзнікнуць і тады, калі маркіроўка не поўная або адсутнічае інфармацыя аб складзе, вытворцы. У дадзеным выпадку ўсё гэта ёсць. Наогул беларускія вытворцы заўсёды даюць поўную інфармацыю для спажыўца. Кантроль якасці ў іх ажыццяўляецца яшчэ на этапе стварэння вырабу.

На рынку выбар адзення больш шырокі. Шмат расійскай, кітайскай прадукцыі. Галоўнае, не забывацца пра якасць, бо шмат вельмі прывабных на выгляд сукенак і пінжакоў. Спецыялісты раяць звяртаць увагу на значок ЕАС на этыкетцы, які сведчыць, што прадукцыя прайшла выпрабаванне, але трэба пытацца і пра адпаведны дакумент.

— На ўсю прадукцыю для дзяцей і падлеткаў дзейнічае тэхрэгламент Мытнага Саюза ТР ТС 007/2011, — кажуць эксперты. — Гэта пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах тэхрэгулявання ў Беларусі і Расіі па бяспецы гэтай прадукцыі.

Людміла Белюсь разглядае спадніцу на дзяўчынку малодшага школьнага ўзросту. Падкладка — 100 % поліэстэр. Трэба задумацца, ці пройдзе яна выпрабаванне на адпаведнасць тэхрэгламенту.

Для сшытка — шчыльнасць паперы

Канцтавары, сшыткі, нататнікі, альбомы для малявання часцей за ўсё правяраюцца лабараторным шляхам. Але і тут не перашкодзіць падыйсці да выбару па-гаспадарчы.

— Візуальна можна праверыць шчыльнасць паперы, — кажа Людміла Белюсь. — У альбомах для малявання яна павінна быць 100-160 грамаў на квадратны метр. Іншымі словамі, калі навобмацак папера тонкая і празрыстая, значыць, нешта не тое.

На канцтавары таксама распаўсюджваюцца дзеянні тэхрэгламенту, які на маркіроўцы пазначаны літарамі ТР ТС 007/ 2011. Пры адсутнасці спасылкі на яго, лепш устрымацца ад пакупкі.

А для заплечніка?

Асноўнае патрабаванне пры выбары школьнага заплечніка — прысутнасць спераду, збоку і на верхнім клапане святлоадбівальных элементаў. Важная таксама наяўнасць формаўстойлівай спінкі. Некаторыя вытворцы заманьваюць спажыўца надпісам: адобрана ўрачом-артапедам. Але не трэба купляцца на танныя рэкламныя хітрасці. Трэба цвяроза ацэньваць тавар. Бо на кожнае сцвярджэнне павінна быць пацверджанне. Вядома, што без лабараторных даследаванняў мы не можам зрабіць заключэнне, што тавар няякасны, аднак візуальна ацэнку даць можам.

На заплечнікі для дарослых, напрыклад, распаўсюджваюцца патрабаванні тэхрэгламенту ТР ТС 017/2011. Ці можна іх купляць першакласніку?

16-11 копия.jpg

— Перш, чым купляць, трэба чытаць на маркіроўцы, для каго рэч прызначана, — папярэджвае Людміла Белюсь. — Калі на прадукцыю распаўсюджваюцца патрабаванні тэхрэгламенту ТР ТС 017/2011, для школьнікаў такі заплечнік не падыдзе. Нам патрэбны тавар, які падпадае пад дзеянні тэхрэгламенту ТР ТС 007/2011. Ён абавязвае, каб прысутнічалі святлоадбівальныя элементы, маса заплечніка для першакласніка павінна быць не болей 700 грамаў, для вучняў сярэдніх і старшых класаў — не болей кілаграма. Звяртайце ўвагу на плечавыя рамяні. Па даўжыні яны павінны быць не меней 600-700 міліметраў, шырыня ў верхняй частцы павінна складаць на працягу 40-45 сантыметраў 35-40 міліметраў, а далей, знізу — 20-25. Якасць сцяжкоў, мацаванне ручак вызначаюцца ўжо лабараторным шляхам. Але гэта таксама можна ацаніць пры аглядзе.

На рынку на вочы трапляюць модныя 3D-заплечнікі. Рука сама цягнецца ў кішэнь за грашыма, каб купіць гэтую прыгажосць. Між тым мае эксперты звяртаюць увагу на маркіроўку, дзе няма значка ЕАС. Значыць, гарантый наконт якасці гэтай прыгажосці ніхто даць не зможа.

16-10 копия.jpg

Абутак павінен «дыхаць»

У краме мы зазірнулі яшчэ і ў абутковы аддзел. Гэта той тавар, які абавязкова трэба правяраць на цэлы шэраг патрабаванняў.

— Агульнае для абутку закрытага тыпу — гэта вусцілка з натуральнай скуры, — кажуць спецыялісты. — Падкладка таксама павінна быць з натуральнай скуры або тэкстылю. Знешне гэта не заўсёды можна вызначыць, часам здаецца, што скура натуральная, а яна, напрыклад, кампазіцыйная. Таму перш за ўсё чытайце маркіроўку, дзе гэта пазначана. Перавагу лепш аддаваць абутку з натуральнай скуры. Звяртайце ўвагу на вышыню абцаса. Сёмы рэгламент рэгулюе яе ў залежнасці ад узросту. Для дзяцей 7-12 гадоў не менш 25 міліметраў, а ад 12 да 16 не больш 35-ці.

Напаследак падсумоўваем вынікі нашага рэйду.

— Бацькам трэба звяртаць увагу на якасць вырабу, наяўнасць поўнай маркіроўкі, назвы вытворцы, склад, — раіць Людміла Белюсь.

— На сайце Дзяржстандарта ёсць рэсурс, дзе размяшчаецца інфармацыя пра прадукцыю, якая выпрабоўвалася на прадмет адпаведнасці рэгламенту і не прайшла выпрабаванне, — звяртае ўвагу Алег Буракоў. — Для бацькоў будзе не лішнім прааналізаваць яе. Калі гэта прадукцыя забаранялася для продажу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, лепш ад яе адмовіцца. Бо нічога добрага для здароўя яе ўладальніка не будзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю