14 ліпеня скончыўся прыём дакументаў у выпускнікоў профільных класаў і абітурыентаў, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў перыяд знаходжання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. 17 ліпеня — апошні дзень прыёму дакументаў для усіх, хто паступае ў ВНУ на агульных падставах. 18 ліпеня для іх пачнуцца і 25-га скончацца ўступныя экзамены, у тым ліку па творчых спецыяльнасцях.
Сёлета беларускія ўніверсітэты гатовы прыняць каля 48,2 тысячы першакурснікаў, прычым пераважную большасць, каля 31,8 тысячы чалавек, — на бюджэтную форму навучання. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, сярод іх больш за 7,5 тысячы складуць будучыя інжынеры, 3,9 тысячы — педагогі, 2,9 тысячы — медыкі, 2,8 тысячы — аграрыі.
Як бачна, у прыярытэце спецыяльнасці, неабходныя рэальнаму сектару эканомікі і рэгіянальнаму развіццю. Яшчэ каля 16,4 тысячы чалавек прымуць на платную форму.
У адукацыйным ведамстве таксама падкрэслілі, што беларускія ВНУ сёлета прапануюць больш за 10 новых спецыяльнасцей на стыку некалькіх дысцыплін. У кожнай зроблены акцэнт на міждысцыплінарным кірунку.
У асобных выпадках выпускнік атрымлівае прафесію, якая дазваляе быць запатрабаваным у розных сферах прафесійнай дзейнасці.
Алена ВІНАГРАДАВА