Top.Mail.Ru

Веру!.. Любому зверу?

Гэту гісторыю я пачуў ад сваёй знаёмай гадоў колькі таму. Далей — з яе слоў, як запомніў.


— У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя нашу сельгасарцель аб’ядналі з суседнімі — утварылі вялікі калгас, прыслалі два трактары для апрацоўкі зямель і — адпаведна — двух трактарыстаў. Адзін быў дзядзька ў гадах, другі — малады нежанаты хлопец. Я таксама была маладой, невялічкай, сарамлівай, працавала ў паляводстве «старшай, куды пашлюць».

Але ж Вася-Васілёк (так звалі трактарыста) чамусьці звярнуў на мяне ўвагу: стаў запрашаць на танцы, праводзіць дамоў. Нам заўсёды было аб чым пагаварыць, мы сталі з паўслова разумець адно аднаго і па восені справілі вяселле.

Жылі спачатку ў ягоных бацькоў, пакрысе абжываліся, будаваліся, знаходзілі новых сяброў і сябровак. У мяне іх было аж дзве. Надзя рана выйшла замуж і рана аўдавела: муж разбіўся на машыне. Так што яна адна гадавала дачку, цягнула дом і гаспадарку... Не хапала там дужых мужчынскіх рук, і мой Васіль калі-нікалі дапамагаў ёй: то дровы прывезці, то бульбу пасадзіць... Я нічога не мела супраць.

А з Яней мы разам працавалі на ферме. Замужам яна не была. І мяне, як часам здавалася, хацела ці не развесці — пасварыць з Васілём. Для гэтага ўсё часцей намякала, што з Надзеяй ён не проста так, што там шуры-муры...

Я не хацела ёй верыць, моўчкі спраўлялася з рэўнасцю, але ж неяк...

Тады ўжо бралася пад восень. Мы на ферме закончылі дойку. Яня была выхадная. А тут раптам з’яўляецца, адводзіць мяне ўбок.

— Ты ўсё не верыш, — шэпча на вуха, — а твой, як толькі сцямнела, — шусь да Надзі ў хату... І святло патушыў...

Не ведаю, што тады са мною зрабілася: выскачыла на двор, схапіла лейцы (падвозчыкі не паспелі вупраж прыбраць), панеслася да Надзеі.

Святла ў яе вокнах сапраўды не было, дзверы не зачынены... Агеньчык цыгаркі на ложку.

Я да яго і лейцамі, лейцамі... Па абаіх.

Мужчына першым ускочыў і ў дзверы... Я за ім... І лупіла ўжо, як магла! Найболей — ля плота: ён «затармазіў», пакуль пераскочыў, а я там прыпынілася.

Стаю і думаю: раней нават слова благога мне муж не казаў (не тое каб руку падняць), а што ж будзе цяпер? Трэба дадому ісці і ногі не нясуць! Баюся...

Але ж прыцягнулася неяк, дзверы адчыняю і вачам не веру: Вася мой... дома з сынам гуляе. Убачыў мяне і спужаўся. Пытаецца:

— Што з табой? Захварэла?

А я і адказаць не магу: раву — як тое дзіця — чым далей, тым гучней, бо і радасна мне, і сорамна, і смешна, і цікава, каго ж гэта я так адхадзіла?!

...У вёсцы, кажуць, нічога не схаваеш, але гэтым разам неяк пранесла: ніхто нічога не чуў, не бачыў: «восень, на вуліцы цёмна»...

Іван Букоўскі, 

Глыбоцкі р-н.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю