Начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Андрэй МАЦКЕВІЧ нагадаў, што ў перыяд з 15 па 18 кастрычніка на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра пройдзе XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш «Лесдрэўтэх». У рамках выставы будуць працаваць некалькі лакацый. Адна з іх — пляцоўка «Беларускі падворак», які размесціцца на вуліцы. На ёй лясгасы прадставяць прадукцыю драўлянага домабудавання — домакамплекты, лазні, альтанкі. Гасцям пакажуць новы тыпавы праект садовай хаткі, вырабленай па тэхналогіі сухога бруса.
Гэтыя чатыры дні можна набыць не толькі піламатэрыялы рознага прызначэння, але і замовіць домакамплект.
«Мы не маем на мэце зарабляць на насельніцтве, для нас важна — быць даступнымі. А тое, што попыт на дадзеную прадукцыю ёсць, пацвярджаюць лічбы: у 2024 годзе было рэалізавана больш за 90 домакамплектаў і 60 лазняў, а за 9 месяцаў 2025-га сумарна было прададзена больш за 200 камплектаў. Цікавасць насельніцтва да нашай прадукцыі прадыктаваная ў тым ліку і цаной: напрыклад, домакамплект на 100 „квадратаў“ з ацыліндраванага бервяна абыдзецца ў 32 тысячы рублёў», — адзначыў Андрэй Мацкевіч. Самым запатрабаваным у айчынных лясгасаў у гэты час стаў дом з сухога прафіляванага бруса — яго выбірае большасць пакупнікоў.
Для гасцей выставы-кірмашу будуць створаны спецыяльныя аўтобусныя маршруты. Гэта аўтобусы № 912э «Станцыя метро „Акадэмія Навук“ — Міжнародны выставачны цэнтр» і № 962э «Станцыя метро „Пушкінская“ — Міжнародны выставачны цэнтр». Яны будуць курсіраваць з 9:00 да 19:00 (у суботу — да 17:00) з інтэрвалам руху 15 хвілін 15 кастрычніка, 30 хвілін — у астатнія дні.
Сяргей КУРКАЧ