Top.Mail.Ru

Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр адначае 900-годдзе

У 1125 годзе каля Полацка быў заснаваны манастыр, які цягам стагоддзяў заставаўся асветніцкім цэнтрам беларускага народа

У Полацку, найстаражытнейшым горадзе Беларусі, праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 900-годдзя заснавання Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра і дня памяці прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, асветніцы і нябеснай заступніцы беларускіх зямель.

У гістарычных крыніцах Полацкі манастыр згадваецца як адзін з першых жаночых манастыроў на тэрыторыі нашай краіны. У розныя часы гэта святое месца перажывала перыяды росквіту, заняпаду, разбурэнняў і адраджэння. Гісторыя манастыра з’яўляецца адлюстраваннем гісторыі беларускага народа.

Пра гэта, у тым ліку, ішла размова на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у гісторыі і культуры Беларусі». Мерапрыемства доўжылася два дні і ўчора завяршыла сваю работу ў сценах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Перад пачаткам форуму адбылася цырымонія гашэння паштовага блока «900-годдзе Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку».

«Заснаваны ў XІІ стагоддзі Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр стаў адной з апор Праваслаўя, цэнтрам асветы і дабрачыннасці, куды накіроўваліся людзі, якія жадалі жыць у адпаведнасці з евангельскімі ідэаламі і шукалі душэўнага выратавання, — агучыў у пачатку канферэнцыі прывітальны адрас Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. — Прападобная Ефрасіння сваім падзвіжніцкім служэннем засведчыла, што сапраўдная сіла чалавека заключаецца ў вернасці Богу і дзейнай любові да бліжніх. Яе спадчына актуальная і сёння, яна здольная натхняць на пераадоленне варожасці і падзелаў, на стварэнне міру і грамадскай згоды».

Таксама былі зачытаны прывітальныя адрасы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі, Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Сяргея Глазьева, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыса Грызлова.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў, што Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр — выдатны духоўны, культурны і інтэлектуальны цэнтр усходнеславянскага свету. «Мы сабраліся на канферэнцыі для таго, каб абмеркаваць найважнейшыя пытанні, звязаныя з захаваннем традыцыйных каштоўнасцяў, умацаваннем духоўнага адзінства і пошукам адказаў на выклікі сучаснасці. Асаблівую ўвагу ў нашых дыскусіях мы ўдзяляем гістарычнаму, рэлігійнаму і культурнаму значэнням Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра і падзвіжніцкага жыцця прападобнай Ефрасінні Полацкай, якая пакінула багатую памяць пра сябе ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў. Яе асоба — гэта не проста старонка гісторыі, а жывы прыклад таго, як вера і любоў да Айчыны могуць змяняць свет. Заснаваны ёю манастыр ператварыўся ў цэнтр духоўнасці, адукацыі і культуры, сімвал нязгаснай веры і пераемнасці традыцый. І ў нашы дні манастыр працягвае заставацца месцам паломніцтва і навуковага асэнсавання багатай духоўнай спадчыны, якая звязвае стагоддзі», — сказаў Уладзімір Каранік.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларуская праваслаўная царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі НАН, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай, Мінская духоўная акадэмія, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр. Мерапрыемства сабрала ў Полацку больш за 70 даследчыкаў з Беларусі і Расіі: багасловаў, гісторыкаў, лінгвістаў, філосафаў, культуролагаў і рэлігіязнаўцаў.

Навуковы форум стаў пачаткам святкавання, якое працягнецца культурнымі, адукацыйнымі, асветніцкімі праектамі: Міжнародны праваслаўны фестываль «Радасць» будзе доўжыцца да сярэдзіны чэрвеня, а ў кастрычніку пройдуць Свята-Ефрасіннеўскія адукацыйныя чытанні. Асноўныя царкоўныя мерапрыемствы адбудуцца 5 чэрвеня — у дзень памяці святой.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю