Фактычна гэта зварот да нас: ці гатовыя мы цяпер дзеля сваёй радзімы ахвяраваць жыццём, як некалі зрабіла Жанна д’Арк? А калі бачыш у яе ролі маладую дзяўчыну — выканаўцу Дар’ю Гаражанка, — то гэтыя думкі ўзмацняюцца: сапраўды юная, кранальная. Але якая магутнасць у паставе і голасе! Гэта ўжо ацанілі гледачы 10-га Фестывалю музычных тэатраў «Бачыць музыку» ў Маскве: у кастрычніку 2025 года опера была прадстаўлена на Новай сцэне Вялікага тэатра Расіі.
І публіка, якая ўпадабала Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, слухала падчас адкрыцця 11 снежня Дар’ю Гаражанка. Але не менш адметны і другі паказ оперы 12 снежня: партыю Жанны ў гэты вечар выконвае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, якая зусім нядаўна ззяла на сцэне славутага тэатра Метраполітэн-опера ў Нью-Ёрку. Што ж, традыцыя мінскага опернага форуму — запрашаць зорак сусветнай опернай сцэны — працягваецца. І гэта выдатна, калі айчынная публіка шануе сваіх артыстаў, разумее іх узровень.
І спектакль варты ўвагі. Над ім разам з рэжысёрам працавала цудоўная каманда, у якую ўваходзілі таксама дырыжор-пастаноўшчык — мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў, хормайстар тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч — тое, што мы чуем, прыемна ўражвае, бо опера складаная, у ёй вельмі шмат масавых сцэн і эпізодаў, калі спявае хор. За дырыжорскім пультам учора быў народны артыст Башкартастана Арцём Макараў, у другі вечар спектакль пройдзе разам з маладым дырыжорам Віталем Грышчанкам. Паказы гэтага спектакля завершаць у тэатры «Год Чайкоўскага», прымеркаванага да 185-годдзя кампазітара.
- Аматары оперы заўсёды чакаюць на форуме спектакляў гасцей — гэта заўсёды нешта адметнае. Аднойчы, напрыклад, у Мінск у рамках Каляднага опернага форуму прывозілі рэдкую пастаноўку оперы Шастаковіча «Любоў да трох апельсінаў». І вось новая сустрэча: Самарскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя Дзмітрыя Шастаковіча 16 снежня прадставіць оперу «Майстар і Маргарыта» расійскага кампазітара Сяргея Слонімскага (між іншым, карані продкаў якога — у Беларусі). Ён напісаў оперу напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, але твор доўгі час не ставіўся на радзіме, хіба што былі асобныя канцэртныя выкананні. І вось ужо пасля смерці аўтара паўнавартасную пастаноўку ажыццявілі ў Самары. У чэрвені 2025 года гэты спектакль адзначаны спецыяльнай прэміяй «Маэстра» ў рамках XXXI Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» (рэжысёр-пастаноўшчык — Юрый Аляксандраў). Дырыжаваць спектаклем у Мінску будзе музычны кіраўнік пастаноўкі Яўген Хахлоў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор тэатра. Сяргей Слонімскі ствараў камерную оперу, але тэатр знайшоў свой шлях сцэнічнага ўвасаблення.
Трыумфатар «Нацыянальнай тэатральнай прэміі» — спектакль «Яўгеній Анегін» нашага Вялікага тэатра — натуральна, у праграме форуму. Але 19 снежня з запрошанымі выканаўцамі. У галоўных партыях выступяць салісты Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дзмітрый Зуеў (Яўгеній) і Наталля Петражыцкая (Таццяна). У гэтых ролях яны неаднойчы выступалі ў вядучых тэатрах Расіі. Таксама на сцэну выйдуць беларускія артысты: Дар’я Гаражанка (Вольга), Таццяна Траццяк (Праскоўя Ларына), Аляксандр Міхнюк (Ленскі), Андрэй Валенцій (Грэмін), Кацярына Міхнавец (Піліпаўна) і іншыя. За дырыжорскім пультам будзе Юрый Караваеў. Хто яшчэ не бачыў гэты спектакль, то зможа зразумець, чаму ў Беларусі высока ацанілі працу пастаноўшчыкаў: дырыжора Арцёма Макарава, рэжысёра Ганны Маторнай, хормайстра, народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч, мастакоў Любові Сідзельнікавай і Таццяны Лісавенка.
Ну, і калядны цуд! 20 снежня ў Камернай зале Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца прэм’ера оперы Георга Фрыдрыха Гендэля «Ацыс і Галатэя». Барочная опера на беларускай сцэне! Няхай і не на вялікай сцэне — але варта паспрабаваць, каб зразумець, які будзе водгук. Над пастаноўкай працуюць дырыжор-пастаноўшчык Віталь Грышчанка (з камерным складам аркестра), рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Бараноўская, мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава, хормайстар-пастаноўшчык Сяргей Аграновіч, балетмайстар-пастаноўшчык Анастасія Голешава. Працаваць з такім творам, ды яшчэ пачынаць знаёміць з ім публіку — высокая адказнасць. Таму ўсё па-сур’ёзнаму: у спектаклі заняты вядучыя салісты оперы Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі, а таксама Кірыл Панфілаў, Настасся Міхнавец, Андрэй Мацюшонак, Руслан Маспанаў. Здзіўляцца напярэдадні Калядаў — цудоўна, і, магчыма, такія сустрэчы будуць і ў наступным годзе.
Заключны канцэрт форуму 21 снежня, і таксама адметны. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі прагучаць галасы лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Міхаіла Глінкі. Канцэрт прысвечаны 100-гадоваму юбілею вялікай спявачкі Ірыны Архіпавай, якая больш за сорак гадоў узначальвала журы гэтага конкурсу. Выступленне ў Мінску — частка маштабнага тура, які пачаўся вясной у Санкт-Пецярбургу і цягам 2025-га года ахапіў 17 гарадоў Расіі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана. Разам з вядомымі артыстамі з Расіі ў ім удзельнічаюць запрошаныя артысты з Нікарагуа Эліза Пікада і Хасэ Луіс Лейтан і салісты Вялікага тэатра Беларусі, што прайшлі праз гэты конкурс: Дар’я Гаражанка, Іосіф Нікіценка і Аксана Волкава (апошняя станавілася лаўрэатам I прэміі XXII Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. І. Глінкі ў 2007 годзе). То-бок, нашы артысты — у цудоўным сузор’і. Ёсць падставы для гонару.
Ларыса ЦІМОШЫК