Як будуць адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі ў рэгіёнах

Аўтар: Аляксандра Гвоздзева, Данііл Хмяльніцкі, Наталля Капрыленка, Нэлi Зігуля, Святлана Яскевiч
06.05.2025 | 21:40
У кожным куточку — свята

Дзень Перамогі для беларусаў у прамым сэнсе — свята жыцця, другі дзень нараджэння для ўсяго народа. Таму і адзначаем яго шырока, прыгожа, усёй краінай. Няважна дзе — у вялікім горадзе ці ў аддаленым аграгарадку — свята адчуваецца ўсюды. У гэтым пераканаліся ўласныя карэспандэнты «Звязды», пацікавіўшыся на месцах, як будуць адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі.

У пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці сёння пражывае больш за 1,5 тысячы чалавек. Гэта адміністрацыйны цэнтр Усяжскага сельсавета, у склад якога, акрамя самога пасёлка, уваходзіць яшчэ больш за 20 населеных пунктаў.

«Традыцыйна напярэдадні 9 Мая — свята Вялікай Перамогі — у сельскім Савеце праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы. У нас, на жаль, ужо не засталося ветэранаў, але ёсць два былыя малалетнія вязні канцэнтрацыйных лагераў. Людзі ў паважаным узросце, сёння яны маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. Пра іх мы ніколі не забываем, усяляк дапамагаючы не толькі ў святочныя, але і ў звычайныя дні. Для нас гэта сапраўды важна», — расказала старшыня Усяжскага сельсавета Алена ШАБАН.

Галоўнае мерапрыемства па святкаванні 9 Мая пройдзе ў пасёлку Усяж. У ім, паводле слоў старшыні сельсавета, актыўны ўдзел штогод прымае Усяжская сярэдняя школа, у якой сёння навучаюцца каля 200 чалавек, а таксама прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі пасёлка, сярод якіх — ААТ «ТБЗ Усяж». «Сёлета старт памятных мерапрыемстваў дасць сярэдняя школа. Разам з вучнямі, педагогамі, работнікамі прадпрыемстваў арганізаванай калонай мы рушым да помніка ваенных гадоў — брацкай магілы, размешчанай на тэрыторыі пасёлка. Там адбудзецца ўрачысты мітынг з ускладаннем кветак. Далей запланавана канцэртная праграма ў Усяжскім доме культуры. Мясцовыя калектывы будуць спяваць ваенныя песні, танцаваць, чытаць вершы. У цэлым, мы заўсёды стараемся далучаць да такіх мерапрыемстваў нашу моладзь, каб прыходзілі бацькі з дзецьмі», — паведаміла Алена Шабан.

Яна акцэнтавала — на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 18 воінскіх пахаванняў: «Да 9 Мая плануем аб’ездзіць усе, каб ушанаваць памяць людзей, якія аддалі свае жыцці за наша мірнае неба над галавой. Вядома ж, там адбудуцца ўскладанні кветак і вянкоў».

***

Штогод у аграгарадок Заронава, што ў Віцебскім раёне, прыязджаюць сотні сваякоў воінаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сельсавета. Дзень Перамогі тут, у невялікім аграгарадку пад Віцебскам, лічыцца самым галоўным і важным святам. Больш за 80 гадоў таму на гэтай тэрыторыі шэсць месяцаў стаяў фронт, на подступах да абласнога цэнтра загінулі тысячы савецкіх салдат. Ужо не адно дзесяцігоддзе памяць аб іх беражліва захоўваюць на Заронаўскім мемарыяле, дзе ўвекавечаны імёны звыш 10 тысяч байцоў, і ў мясцовым комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю».

Не толькі напярэдадні 80-й гадавіны Перамогі, але і кожны год ініцыятыўныя мясцовыя жыхары, школьнікі і работнікі сацыяльных устаноў, якія функцыянуюць на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета, з пачатку вясны добраўпарадкоўваюць воінскія пахаванні. На працягу некалькіх папярэдніх гадоў дзякуючы сумеснай ініцыятыве сельвыканкама і музея амаль на ўсіх пахаваннях былі заменены старыя помнікі на новыя, наведзены парадак вакол. Сёлета аграгарадок стане пляцоўкай для правядзення раённага свята, прымеркаванага да 80-й гадавіны Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пазітыўныя змены ў добраўпарадкаванні закранулі не толькі памятныя месцы, але і ўсе населеныя пункты сельсавета. «9 мая запланаваны мітынг на Заронаўскім мемарыяле, пасля святочны канцэрт з удзелам артыстаў Віцебскага раёна. Будуць працаваць тэматычныя падворкі, выязны гандаль, дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі. Музей „Гісторыя Заронаўскага краю“ традыцыйна на працягу дня будзе запрашаць на экскурсіі», — паведамілі ў Заронаўскім сельсавеце.

***

Побач з вёскай Горня на тэрыторыі Бяседавіцкага сельсавета Хоцімскага раёна Магілёўшчыны стаіць цікавы помнік — вершнік на баявым кані — у гонар загінулых на гэтым месцы 16 жніўня 1941 года воінаў 112-га горна-кавалерыйскага палка 21-й горна-кавалерыйскай дывізіі. У Дзень Перамогі тут чакаюць родных палітрука Івана Гарабца — камандзіра кавалерыстаў, які загінуў разам з баявымі таварышамі і пахаваны ў брацкай магіле. Мяркуецца, што родныя героя далучацца да аўтапрабегу, які будзе арганізаваны ў гэты дзень з Хоцімска да помніка каля Горні.

Па словах старшыні Бяседавіцкага сельсавета Віталя Каваленкі, на тэрыторыі знаходзіцца 10 памятных знакаў і тры воінскія пахаванні. Усе яны прыведзены ў парадак з удзелам мясцовых арганізацый, грамадскасці, жыхароў. Да ўсіх месцаў смутку прыйдуць жыхары, каб ушанаваць памяць пераможцаў і ўскласці кветкі. У іх гонар прагучаць словы падзякі, а таксама — надзеі, што страшнае гора не паўторыцца і нашы дзеці ніколі не спазнаюць на сабе гэты жах

— У бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Бяседавічах, пройдзе гадзіна памяці, падчас якой моладзі раскажуць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, — удакладняе старшыня сельсавета. — Там жа будзе арганізавана выстава. Невядомыя старонкі ваеннай гісторыі працягваюць адкрывацца. Адна з іх — пра самалёт ПЕ-2, які быў збіты непадалёк ад вёскі Батаева ў пачатку вайны. Сёлета імёны лётчыкаў будуць нанесены на гранітную пліту воінскага пахавання ў Хоцімску. У будучыні плануем устанавіць на месцы падзення самалёта таблічку з QR-кодам. Спадзяёмся, што родныя лётчыкаў таксама прыедуць да нас на Дзень Перамогі, каб пабываць на тым месцы, дзе скончыўся баявы шлях іх гераічных продкаў.

***

Рабочы пасёлак Рэчыца Столінскага раёна Брэстчыны цалкам гатовы да святкавання Дня Перамогі. Цэнтральная плошча населенага пункта носіць сімвалічную назву — 40 гадоў Перамогі.

— Тут і збяруцца 9 мая прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, ветэраны і моладзь 6-тысячнага пасёлка, — расказаў старшыня Рэчыцкага сельскага Савета Андрэй ДАМАШЧУК. — На ўдзел у мітынгу запісаліся каля двух дзясяткаў устаноў і арганізацый. Гэта нашы буйныя прамысловыя прадпрыемствы — Камбінат будаўнічых матэрыялаў, вытворца кансерваў «Рольнік» , таксама пасялковыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя, прадстаўнікі чыгуначнай станцыі «Гарынь», вайскоўцы Пінскага пагранатрада і іншыя. Вучні абедзвюх рэчыцкіх школ возьмуць удзел у шэсці з партрэтамі продкаў у рамках акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага». Установы культуры падрыхтавалі адпаведную праграму.

— На жаль, у нас не засталося ніводнага ветэрана, — працягвае Андрэй Аляксандравіч. — Але мы згадаем пра іх стойкасць і мужнасць на кароткім жалобным мітынгу. Потым у іх гонар ускладзём кветкі да Вечнага агню на плошчы 40 гадоў Перамогі. Сваіх землякоў-франтавікоў, а таксама мірных жыхароў, што сталі ахвярамі вайны, мы памятаем не толькі ў святочныя дні. Матэрыялы па гісторыі ваеннага перыяду, успаміны, здымкі ўдзельнікаў вайны захоўваюцца ў школах. Там праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы патрыятычнага кірунку. Сваім абавязкам лічым даглядаць помнікі, што ўстаноўлены на нашай тэрыторыі. Акрамя помніка ў Рэчыцы, у нас ёсць два мемарыялы ў вёсцы Ніжні Церабяжоў і тры помнікі ваенным падзеям у вёсцы Варані. Усе яны дагледжаны, абноўлены, побач праведзена добраўпарадкаванне. Гэтай работай займаемся штогод. Правялі яе і сёлетняй вясной.

Да кожнага з названых помнікаў у святочны дзень таксама будуць ускладзены кветкі. Ніхто не будзе забыты.

***

Напярэдадні Дня Перамогі на тэрыторыі Лельчыцкага сельсавета Гомельшчыны ўжо праходзіць шэраг святочных мерапрыемстваў. Днямі невялікія святы з віншаваннямі і падарункамі арганізавалі дома для мясцовых старажылаў, малалетніх вязняў Вялікай Айчыннай — Вольгі Трафілеўны Хросцік і Аляксандры Лявонцьеўны Богуш.

— Традыцыйна рыхтуем віншаванні разам з навучэнцамі Ліплянскай сярэдняй школы, работнікамі мясцовага дома культуры. Заўсёды прыязджаюць павіншаваць нашых паважаных старажылаў работнікі сельгаспрадпрыемства ААТ «Новая ніва», — расказала старшыня Лельчыцкага сельвыканкама Алеся Хілько.

Да 80-й гадавіны Перамогі на тэрыторыі Ліплянскай сярэдняй школы заклалі «Сад надзеі». У гэтым годзе да 9 мая жыхары Лельчыцкага сельсавета прадоўжаць традыцыю правядзення аўтапрабегу па маршруце памяці.

— На тэрыторыі ў нас шэсць мемарыялаў і чатыры воінскія пахаванні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Падчас аўтапрабегу каля кожнага мемарыяла праводзім мітынг, ушаноўваем памяць загінулых герояў, слова бяруць нашы старэйшыны, праходзяць невялікія канцэрты. Вельмі вялікі водгук на гэту ініцыятыву ў нашых жыхароў. Падтрымліваюць нас актывісты грамадскіх арганізацый, дэпутаты. Асабліва радуе, што з ахвотай удзельнічаюць дзеці, — адзначае Алеся Хілько

Старшыня сельвыканкама расказала, што вучні Ліплянскай сярэдняй школы і педагогі напярэдадні 9 Мая заўсёды арганізуюць велапрабег да асобных воінскіх пахаванняў.

— Да Дня Перамогі абавязкова ладзім святочныя праграмы для жыхароў двух малых населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета — вёсак Чыяне і Пабеднае. Работнікі Ліплянскага дома культуры даюць выязныя канцэрты. Людзі рады. Вельмі цёпла заўжды праходзяць святы, — дадала суразмоўца.

Непасрэдна на 9 Мая ў цэнтры сельсавета аграгарадка Ліпляны ўпершыню ў рамках акцыі «Беларусь памятае» пройдзе шэсце мясцовых жыхароў з партрэтамі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Вяскоўцы ўшануюць памяць пахаванага ў Ліплянах героя партызанскага руху Сяргея Кашырцава, згадаюць усіх франтавікоў, працаўнікоў тылу, малалетніх вязняў — ураджэнцаў і жыхароў сельсавета, раёна. У Ліплянах будзе арганізаваны і святочны канцэрт, а ва ўсіх населеных пунктах сельсавета прагучаць радыёканцэрты.

— Наш раён на самай граніцы з Украінай. Для нашых жыхароў сітуацыя ў суседняй краіне — наглядны прыклад, які неацэнны мір, як важна захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, каб перадаваць яе дзецям. Мусіць, менавіта таму для нашых людзей гэтыя майскія дні асаблівыя, гэта дні святой памяці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю