Восеньскія канікулы працягнуцца восем дзён — з 1 па 8 лістапада. Тым не менш нядоўгая перадышка ад школьных заняткаў абяцае быць насычанай і цікавай — для дзяцей падрыхтаваны шматлікія пазнавальныя, творчыя і аздараўленчыя мерапрыемствы. Якія? Пра гэта мы папрасілі падрабязней расказаць начальніка Цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Інстытута дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ДУА «Акадэмія нацыянальнай адукацыі» Людмілу ФІЛІПОВІЧ.
Разам весялей!
Калектыўныя творчыя справы і масавыя мерапрыемствы дапамагаюць з’яднаць школьнікаў і ўмацаваць камандны дух. І канікулы — найлепшы час, каб гэта зрабіць, лічыць Людміла Анатольеўна.
— Масавыя мерапрыемствы — гэта перш за ўсё масавыя выязды дзяцей, тут на першае месца ўстае іх бяспека. Не варта і пра гэта забываць, — падкрэслівае яна. — Таму перш чым адпраўляцца на экскурсію, у тэатр ці ў кіно, педагогам неабходна нагадаць дзецям аб правілах паводзін у месцах масавага збору людзей, у транспарце або на дарозе.
Вельмі папулярным і зручным — як для бацькоў, так і для дзяцей — застаецца адпачынак апошніх у школьных лагерах, дзе яны ў сценах навучальнай установы ці ў культпаходзе знаходзяцца пад пастаянным наглядам вопытных выхавальнікаў і педагогаў.
Па словах спецыяліста, каб забяспечыць максімальны аздараўленчы эфект, рэкамендавана шырока задзейнічаць работу фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных залаў у школах, плавальных басейнаў і іншых спартыўных аб’ектаў.
Што дзецям па душы
Шырокі спіс дзіцячых мерапрыемстваў прапануюць у дні школьных канікул і рэспубліканскія ўстановы дадатковай адукацыі: квэсты, квізы, віктарыны.
— Дзеці абавязкова знойдуць тое, што ім па душы, — упэўнена Людміла Філіпенка. — Юныя «тэхнары», напэўна, зацікавяцца экскурсіяй у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Шмат мерапрыемстваў арганізуюць і бібліятэкі. Так, Нацыянальная бібліятэка прапануе наведаць экскурсію «Мінск малады». Падчас яе школьнікі змогуць убачыць сталіцу Беларусі ва ўсёй яе красе з назіральнай пляцоўкі. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтавана праграма з элементамі квэста для вучняў малодшых класаў і іх бацькоў. А Нацыянальны гістарычны музей запрашае навучэнцаў не толькі наведаць выстаўку «Музей ёлачных цацак», але і ўзяць удзел у майстар-класе па роспісе ёлачнай цацкі, якую потым можна забраць у якасці сувеніра.
Цікавыя праграмы для дзяцей прадставяць музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа.
Пазнавальным будзе і наведванне Цэнтральнага батанічнага саду — у гэтым царстве раслін дзеці і іх бацькі змогуць пазнаёміцца таксама з экзатычнымі прадстаўнікамі фаўны — птушкамі і рыбкамі.
А яшчэ школьнікам прадставіцца магчымасць паглядзець фільмы на дзіцячым «Лістападзіку», які традыцыйна ладзіцца ў кінатэатры «Піянер» у рамках кінафестывалю «Лістапад».
Алена ВІНАГРАДАВА