Пасля 9 класа многія падлеткі выбіраюць каледж або ліцэй. І быццам бы ўсё правільна: самі вырашылі, самі паступілі, радаваліся летам. Але калі надыходзіць 1 верасня, эйфарыя часта змяняецца разгубленасцю, а часам і адчаем. Бацькі здзіўляюцца: «Мы ж хацелі туды, што здарылася?» А дзіця раптам пачынае казаць, што вучоба не тая, людзі чужыя...
Не спяшайцеся панікаваць і наракаць на дзіця. Падлетак сутыкнуўся з тым, што псіхолагі называюць «адаптацыйным крызісам». Гэта натуральны этап, праз які праходзяць амаль усе, хто змяніў месца вучобы, у тым ліку студэнты першых курсаў ВНУ. Розніца толькі ў тым, што нехта праходзіць яго за месяц, а камусьці патрэбны цэлы семестр.
Што змянілася?
Сацыяльнае асяроддзе: ад «сваіх» да «чужых». У школе ў падлетка была свая кампанія. Там было зразумела, ад каго чакаць падтрымкі, а ад каго — «падколак». У каледжы ж ён трапляе ў групу, дзе ўсе — пачаткоўцы. Учарашнія школьнікі, што прыехалі з розных школ, — з рознымі каштоўнасцямі і звычкамі. Выбудоўваць адносіны даводзіцца літаральна з нуля. І тут важна разумець: падлетак не проста шукае сяброў, ён шукае сваё месца ў новай іерархіі. Гэта ўнутранае напружанне часта выліваецца ў замкнёнасць або, наадварот, у дэманстратыўныя паводзіны. І тое, і другое — не «характар», а спроба перамагчы трывогу.
Адносіны з выкладчыкамі. У школе настаўнік часта выступае ў ролі «амаль аднаго з бацькоў»: нагадае, пракантралюе, падкажа, часам палае... У каледжы або ліцэі выкладчык — прафесіянал, які дае матэрыял і чакае самастойнай працы. Ён не будзе правяраць, ці зрабіў ты «дамашку», не будзе тэлефанаваць маме, калі ты прагуляў. Для падлетка, які прывык да знешняга кантролю, такая свабода становіцца шокам. Адны ўспрымаюць гэта як «мяне не любяць, я нікому не патрэбны», іншыя — як дазвол расслабіцца, што вядзе да хуткага адставання ў вучобе.
Вучэбная нагрузка: тэмп і аб’ём. Яшчэ адзін сюрпрыз — хуткасць падачы матэрыялу. У школе можна было расцягнуць тэму на тыдні, у каледжы некаторыя дысцыпліны «пралятаюць» за пару заняткаў. Аб’ём тэрмінаў, новых паняццяў, практычных заданняў можа быць вышэйшы, чым школьны, у разы. І калі дзіця не ўмела вучыцца самастойна, яно губляецца. А гэта правакуе страх, нежаданне вучыцца і канфлікты з бацькамі.
Рэжым і самастойнасць. Для тых, хто прыехаў вучыцца ў іншы горад, дадаецца яшчэ адзін пласт — побыт. Уставаць своечасова раніцай, гатаваць ежу, мыць адзенне, прыбіраць, планаваць бюджэт... Дома гэтым займалася маці, а цяпер усё на ім. І калі хлопец ці дзяўчына не мелі хатніх абавязкаў, першы месяц можа ператварыцца ў хаос: недасып, недаяданне, беспарадак. Гэта не «лянота», а адсутнасць навыку, які фарміруецца гадамі.
Страта звыклага асяроддзя і настальгія. Нават калі падлетак хацеў пакінуць школу, ён будзе сумаваць. Па знаёмых калідорах, па настаўніках, якія памяталі яго імя, па старых сябрах,
з якімі можна было сустрэцца на перапынку. Гэтая туга часта выяўляецца не ў словах, а ў раздражняльнасці, у ідэі «ўсё кінуць і вярнуцца», у бясконцых параўнаннях «там было лепш». І гэта не няўдзячнасць, а нармальная рэакцыя на разрыў з мінулым.
Рэкамендацыі бацькам
Як дапамагчы прайсці адаптацыю і не нашкодзіць?
Дайце час. Мінімум месяц. Не патрабуйце ад падлетка «ўвайсці ў каляіну» за тыдзень. Псіхіка прывыкае да новага даволі доўга. Дазвольце яму быць разгубленым, злым, сумным. Гэта нармальна. Ваша задача — не паскараць працэс, а быць побач.
Слухайце не перабіваючы. Калі ён скардзіцца, не ўстаўляйце «а вось я ў тваім узросце...» або «сам абраў, цяпер трывай». Проста ківайце, задавайце пытанні, каб удакладніць: «Што менавіта цябе хвалюе? А як бы ты хацеў, каб было?» Часам дзіцяці трэба проста выгаварыцца, каб прыйсці да рашэння самому.
Дапамажыце з арганізацыяй побыту. Калі дзіця жыве асобна (у інтэрнаце, або вы здымаеце для яго кватэру ў горадзе, дзе знаходзіцца каледж), першыя тыдні дапамажыце з раскладам дня, размеркаваннем бюджэту. Навучыце простым рэцэптам. Зрабіце гэта ненадакучліва, не як «я цябе вучу», а як «мы разам разбіраемся з сітуацыяй». Гэта здыме бытавы хаос і вызваліць сілы для вучобы.
Не параўноўвайце. «Вось у Ілоны ўсё атрымліваецца!» — лепшы спосаб забіць самаацэнку. У кожнага свой тэмп. Хтосьці адаптуецца за два тыдні, камусьці трэба паўгода. Гэта не спаборніцтва.
Заахвочвайце сустрэчы са старымі сябрамі. Камунікацыя з былымі аднакласнікамі — «якар», напамін, што падлетак патрэбны камусьці з аднагодкаў. Хай прыязджае дадому на выхадныя.
Вучыце прасіць дапамогі. Растлумачце: «Калі ты не зразумеў тэму, спытай у выкладчыка або іншых навучэнцаў». «Калі складана з аднагрупнікамі, мы падумаем разам. Ты не абавязаны спраўляцца ў адзіночку». Многія падлеткі лічаць просьбу аб дапамозе прыкметай слабасці. Разбурыце гэты стэрэатып.
Задавайце правільныя пытанні. Замест «Як справы?» спытайце «Што сёння здзівіла?», «Што было самым цяж-
кім?», «Хто з групы падаецца табе цікавым?». Канкрэтныя пытанні выклікаюць канкрэтныя адказы.
Нагадвайце аб мінулых перамогах. «Ты ўжо паступіў туды, куды хацеў. Ты справіўся з экзаменамі. Такім чынам, у цябе ёсць сілы і здольнасці. Проста зараз яны трохі схаваліся». Гэта не пустая пахвала, а апора на факты.
Прапануйце варыянты, а не гатовыя рашэнні. Калі ён кажа, што ў групе яго не прымаюць, не бяжыце тэлефанаваць куратару. Спытайце «Што ты хочаш зрабіць? Можа, паспрабуеш загаварыць з тым, хто сядзіць побач?» Дайце яму адчуць, што ён можа ўплываць на сітуацыю.
Гаварыце спакойна і з падтрымкай. Замяніце «Ты павінен» і «Чаму ты не...» на «Я хачу табе дапамагчы» і «Мне важна, каб табе было добра». Інтанацыя і словы ствараюць клімат даверу.
Што параіць падлетку
Часам парады лепш даваць не наўпрост, а як бы «паміж справай» або спасылаючыся на вопыт іншых.
• Дай сабе час. Ты не абавязаны быць «як дома» ў першы ж дзень. Гэта нармальна — быць няўпэўненым.
• Не трэба сябраваць з усімі адразу. Дастаткова знайсці аднаго-двух чалавек, з якімі камфортна. Астатняе прыйдзе з часам.
• Праяўляй ініцыятыву, але без напору. Простыя пытанні «Ты не ведаеш, як прайсці ў бібліятэку?» або «Як завуць нашага выкладчыка?» часта становяцца першым крокам да знаёмства.
• Плануй дзень. Вучоба плюс адпачынак. Абавязкова вылучы час на тое, што прыносіць задавальненне: музыку, спорт, серыялы.
• Калі зусім сумна — пішы. Дзённік ці нататкі ў тэлефоне дапамагаюць «выгрузіць» эмоцыі і ўбачыць, што не ўсё так дрэнна.
• Памятай: першы месяц — самы цяжкі. Далей будзе лягчэй. Ты прывыкнеш да нагрузкі, увойдзеш у каляіну. Азірніся праз паўгода — і ты здзівішся, наколькі шмат ужо прайшоў па сваім новым шляху.
Сямейны псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА
Фота з адкрытых крыніц