Купальскі фестываль у Александрыі — яркая візітоўка Шклоўскага раёна. Дзякуючы фестывалю яго ведаюць далёка за межамі рэгіёна. На Купаллі людзі не толькі адпачываюць душой, але і знаёмяцца, знаходзяць кропкі сутыкнення, дамаўляюцца наконт будучых сустрэч, якія вельмі часта потым пераўтвараюцца ў значныя эканамічныя і культурныя праекты. Праз месяц рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») запросіць на гасцінную пляцоўку каля Дняпра. Сёння нашы суразмоўцы — народныя выбраннікі — гавораць пра тое, наколькі ўплывовы, карысны і важны для ўсёй краіны гэты праект.
— Для Магілёўскай вобласці «Александрыя» стала свайго роду акном у свет, — адзначае член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Аляксандр ГАРОШКІН. — Я бачу, колькі ўзаемавыгадных сувязяў было наладжана менавіта падчас нефармальных сустрэч на беразе Дняпра. Фестываль стаў брэндавай асаблівасцю рэгіёна, ён павышае турыстычную прывабнасць не толькі Шклова, але і Магілёва, Горак, Быхава, іншых нашых населеных пунктаў. Пабываўшы аднойчы на «Александрыі», людзі не спяшаюцца з’язджаць хутчэй дадому, застаюцца тут яшчэ на пэўны час, на наступны год прыязджаюць зноў.
На думку сенатара, свята спрыяе духу яднання, згуртоўвае людзей яшчэ на этапе падрыхтоўкі да яго.
— Галоўны рэсурс, які не закладзены ні ў адзін бюджэт, — дух яднання, — падкрэслівае суразмоўца. — Сёння органы мясцовага кіравання і самакіравання вырашаюць тысячы задач: ад рамонту дарог да добраўпарадкавання. Менавіта свята «Александрыя збірае сяброў» стала тым унікальным феноменам, які ператварае гэты калектыўны дух у канкрэтныя пункты росту. Без гэтага галоўнага складніка нельга сабе ўявіць развіццё Шклоўшчыны. Штогод дзякуючы намаганням выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх актывістаў і проста неабыякавых людзей мы бачым: Шклоўскі раён здольны стварыць умовы для прыёму сотні тысяч гасцей. Гэта не проста свята — гэта экзамен для нашай камунальнай інфраструктуры, лагістыкі і сэрвісу. І Магілёўшчына здае яго на «выдатна».
Вядома, што любая добрая справа пачынаецца з дыялогу. І фестываль дае магчымасць у нязмушанай атмасферы пабудаваць той дыялог, які потым перарасце ў канкрэтныя справы.
— На адной пляцоўцы сустракаюцца кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і нашых партнёраў з-за мяжы, прадпрыемстваў, дэпутаты і простыя сем’і з розных куткоў, — кажа Аляксандр Гарошкін. — Менавіта тут, у неафіцыйнай абстаноўцы, я часта чую рэальныя наказы, якія потым кладуцца ў аснову перспектыўных планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Мы павінны выкарыстоўваць гэты патэнцыял на ўсе сто. Фестываль ужо стаў брэндам Магілёўскай вобласці, наша задача — зрабіць так, каб пасля гэтых яркіх сустрэч у раёне заставаліся не толькі цёплыя ўспаміны, але і новыя працоўныя месцы, сумесныя праекты і моцныя сяброўскія сувязі.
Сёлета свята «Купалле збірае сяброў» праводзіцца ў Александрыі сямнаццаты раз. Нельга не звярнуць увагу на тое, наколькі за гэты час папрыгажэў раён, стаў больш зручным для пражывання. У навядзенні парадку ўдзельнічае і насельніцтва на чале з дэпутатамі.
— Жыхары непасрэдна задзейнічаныя ў падрыхтоўцы, акультурваюць тэрыторыю каля дамоў, каб годна прымаць гасцей, якія прыязджаюць на свята, — кажа старшыня Шклоўскага райсавета дэпутатаў Аляксандр ДАВЫДОВІЧ. — Арганізацыі, прадпрыемствы, установы — усе робяць свой унёсак у добраўпарадкаванне раёна. Прыводзяцца ў парадак населеныя пункты, дарогі, якія вядуць да Александрыі. Тыя задачы, якія раён ставіць перад усімі намі, выконваюцца. Мы зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць гэты прыгожы куточак Беларусі яшчэ больш прывабным і ўтульным.
А інакш і быць не павінна — гэта ж радзіма Прэзідэнта. А купальскае свята наведвае штогод больш як 100 тысяч гасцей! І сярод іх прадстаўнікі іншых дзяржаў, паслы, гандлёвыя саветнікі, дыпламаты, бізнесмены... Трэба трымаць высокую планку, бо мы прадстаўляем не проста раён, а ўсю Беларусь.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА