У Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў — дэжавю. На вуліцы канец верасня, уступная кампанія ў мінулым, а каля парога навучальнага корпуса — натоўп усхваляваных людзей. Па тым, як часта гучыць слова «экзамен», зразумела, што тэма для абмеркавання ў іх агульная, і падзея таксама — працоўныя мігранты здаюць іспыт па веданні адной з дзяржаўных моў нашай краіны. Антураж і ўсё, што адбываецца ў БДУЗМ, вельмі нагадвае цэнтралізаванае тэсціраванне: і камісія, якая рэгіструе тых, хто прыбыў на выпрабаванне, і шыльда «Ціха, ідзе экзамен», і талончыкі з нумарамі пасадкі ў аўдыторыі, і збор за паўгадзіны да пачатку экзамену.
Ёсць упэўненасць, ёсць і хваляванне
Пакуль зала запаўнялася, пагаварылі з некаторымі з тых, хто прыйшоў на іспыт. Аляксандр (імёны герояў зменены) прыехаў з Латвіі, у Мінску ўжо два гады, працуе ў будаўнічай кампаніі. Размаўляем на рускай мове.
— Сам я этнічны рускі, але за доўгія гады жыцця ў Латвіі яна стала для мяне роднай краінай, — дзеліцца суразмоўца. — На жаль, для яе ўлад я родным так і не стаў, відаць, таму што карыстаўся рускай мовай. Пераехаў сюды, уладкаваўся на працу і ўсім задаволены. У Мінску ў мяне з’явіўся блізкі чалавек, на рабоце — добры калектыў. Што тычыцца іспыту — упэўнены, што здам.
Рустам прыехаў з Азербайджана. У Беларусі жыве 17 гадоў, працуе ў гандлі. У Мінску ў яго сям’я — жонка і трое дзетак: два хлопчыкі і дзяўчынка. Жонка выхоўвае дзяцей, а ён забяспечвае сям’ю.
— Беларусь — выдатная краіна, — дзеліцца ўражаннямі Рустам. — Тут так спакойна і чыста!
На пытанне, ці вывучае ён беларускую мову, адказвае ўсмешкай.
— Я стараюся, але добра пакуль ведаю толькі два словы — «калі ласка» і «дзякую».
Ён таксама ўпэўнены, што паспяхова здасць экзамен.
А вось у трэцяга нашага суразмоўцы — Амана з Туркменістана было больш пытанняў, чым адказаў: «Які ўзровень ведаў павінен быць, каб чалавек мог працаваць? Ён павінен свабодна размаўляць або дастаткова проста разумець мову?» і гэтак далей.
Агульная сусветная практыка
Гэтыя і іншыя пытанні мы пераадрасавалі начальніку Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргею ПІШЧОВУ і папрасілі яго пракаментаваць сітуацыю.
— На першае тэсціраванне зарэгістравалася каля 200 працоўных мігрантаў, — расказаў ён. — У асноўным гэта жыхары краін постсавецкай прасторы — Туркменістана, Узбекістана і іншых. Іспыт для іх насамрэч сур’ёзны, нават лёсавызначальны, але ж ніякай асаблівай падаплёкі тут шукаць не трэба, усё проста — калі ты працуеш, камунікуеш з жыхарамі краіны, то павінен ведаць хаця б элементарнае — мову гэтай краіны. І гэта агульная сусветная практыка. А для працоўных мігрантаў, якія няхай часова, але хочуць асталявацца ў Беларусі, задача спрашчаецца тым, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Дарэчы, ад іспыту вызваляюцца грамадзяне краін ЕАЭС.
Каму абавязкова?
Начальнік Галоўнага ўпраўлення заўважыў, што ёсць і пералік прафесій, і пералік пытанняў для іспыту. Усе прафесіі ён пералічваць не стаў, але падкрэсліў: гэта тыя сферы, дзе трэба разумець людзей, мець зносіны з імі, — пасажырскія перавозкі, гандаль, медыцынскае абслугоўванне і іншыя. Што тычыцца пытанняў, то іх — 20, і ўсе яны дазваляюць ацаніць узровень ведаў рускай або беларускай мовы.
Пра пытанні, заданні і рэгістрацыю
Сяргей Пішчоў адзначыў, што пытанні, на падставе якіх складаліся заданні, зацверджаны Міністэрствам адукацыі, а да распрацоўкі заданняў былі прыцягнуты вядучыя спецыялісты краіны ў галіне рускай і беларускай моў як замежных.
— Тэсты прайшлі апрабацыю, была падрыхтавана спецыфікацыя, — падкрэсліў прадстаўнік Мінадукацыі. — Самі ж пытанні накіраваны на пазнаванне слоў у тэксце, элементарныя граматычныя правілы. Заданні адлюстроўваюць усе неабходныя патрабаванні для паўсядзённых зносін. Праверку тэста будзе ажыццяўляць камісія, у склад якой увойдуць не толькі выкладчыкі, але і прадстаўнікі Дэпартамента па міграцыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Крытэрый ацэнкі «здаў — не здаў» экзамену такі: 50 і больш працэнтаў правільных адказаў на тэсціраванне дазволіць камісіі канстатаваць, што замежны грамадзянін здаў экзамен; калі менш — не здаў.
Дарэчы, спісаць на экзамене не атрымаецца — пры правядзенні ацэнкі ведаў будуць прымяняцца практычна ўсе тыя ж меры, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні ЦЭ і ЦТ.
А калі не здаў?
— З тымі, хто не здасць экзамен, работадавец дагавор не заключыць, — канстатаваў Сяргей Пішчоў. — Рашэнне прыйдзецца прымаць наймальніку — адпраўляць замежнага грамадзяніна на дадатковае навучанне, курсы або прымаць іншыя меры. А потым даць яму магчымасць здаць экзамен зноў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД