Top.Mail.Ru

Як логіка канфрантацыі б’е па жыхарах Прыбалтыкі

У мінулую пятніцу, 20 лістапада, эстонскі ўрад зацвердзіў рашэнне аб закрыцці з 1 снежня на паўгода ўсіх пяці аўтамабільных пунктаў пропуску з Расіяй — «Нарва-1», «Нарва-2», «Койдулу», «Лухамаа» і «Саатсе». Фармальная падстава — прадухіленая, па сцвярджэнні эстонскіх улад, спроба падпалу абароннага прадпрыемства Threod Systems, якое вырабляе ваенныя дроны. Праўда, як высветлілася, усе восем затрыманых па гэтай справе — грамадзяне Латвіі, аднак паліцыя бяспекі Эстоніі ўжо заявіла, быццам бы за падпалам стаіць расійская разведка (ГРУ). Зразумела, не прад’явіўшы грамадскасці ніякіх доказаў. Але хто сёння ў Еўропе затлумляецца такімі дробязямі, як доказная база! Бо там, на радзіме тэорыі прававой дзяржавы, цяпер пануе галоўны доказны тэзіс: «Хайлі лайклі!» Ну, вядома ж, калі гаворка ідзе пра Расію ці Беларусь.



Праўда, прымаючы ў сваім русафобскім чадзе гэта антырасійскае, па задуме, рашэнне, урад Эстоніі на чале з прэм’ерам Крыстэнам Міхалам не ўлічыў, што галоўны ўдар будзе нанесены па саміх эстонцах. Для расіян эстонская граніца была закрытая задоўга да гэтага: Талін ужо некалькі гадоў не выдае візы грамадзянам Расіі, а з 2025 года нават не прызнае іх небіяметрычныя пашпарты. А зараз пад забарону трапляюць і ўласныя грамадзяне: міністр унутраных спраў Ігар Таро наўпрост заявіў, што гуманітарных калідораў і выключэнняў не будзе, а эстонцам, якія знаходзяцца ў Расіі, рэкамендавана вярнуцца дадому да снежня. Для прыгранічных раёнаў, дзе сем’і разрэзаныя лініяй граніцы напалову, гэта катастрофа: толькі за 2026 год эстонска-расійскую граніцу перасеклі каля 760 тысяч чалавек, у асноўным якраз грамадзяне Эстоніі.

Супраць рашэння ўрада імгненна ўзнялася хваля абурэння. Жыхарка Нарвы Ксенія Агар запусціла петыцыю на партале Rahvaalgatus.ee з патрабаваннем захаваць права паездак да пажылых і хворых сваякоў — за лічаныя дні яна сабрала больш за дзве тысячы подпісаў. Паралельна на сайце Change.org размешчана англамоўная петыцыя да Еўрапарламента і ўрадаў пагранічных краін ЕС: аўтары пішуць, што забеспячэнне бяспекі не павінна ператварацца «ў калектыўнае пакаранне простых людзей». Супраць закрыцця граніцы выступілі мэр Нарвы Яан Тоотс, які дабіваецца гуманітарных калідораў, і нават новы прэзідэнт Эстоніі Юле Мадзізэ, якая заклікала не закрываць граніцу «пад уплывам эмоцый». Аднак прэм’ер-міністр Крыстэн Міхал не толькі зацвердзіў закрыццё, але і дапусціў, што гэта мера стане бестэрміновай, ацаніўшы пры гэтым недаатрыманыя прыгранічнымі самакіраваннямі даходы ў 500-600 тысяч еўра ў год. Колькі страціць прыгранічны прыватны бізнес (атэлі, кафэ, пункты абмену валют, перавозчыкі і інш.), ён не ўдакладніў.

На жаль, Эстонія не адзінокая ў сваіх русафобскіх гульнях з граніцай, а ідзе па наезджаным шляху. Восенню 2025 года Літва, спаслаўшыся на міфічныя «гібрыдныя пагрозы» ў выглядзе налётаў метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, чамусьці закрыла аўтадарожную граніцу з Беларуссю — спачатку часова, затым бестэрмінова. Наступствы былі імгненнымі: каля граніцы затрымаліся сотні літоўскіх фур, а асацыяцыя перавозчыкаў Linava ацаніла страты сектара да 1 мільярда еўра ў год, папярэдзіўшы аб выцясненні літоўскіх кампаній з усходняга рынку перавозак. Летам 2026-га дайшла чарга і да Латвіі: 31 ліпеня Рыга часова закрыла адзіны дзейны пераход на граніцы з Беларуссю «Патэрніекі» — «Грыгароўшчына». Афіцыйна — з-за «тэхнічнага збою», фактычна — на фоне прыдуманай «гібрыднай міграцыйнай вайны» і росту спроб нелегальнага перасячэння граніцы.


Крытыкі гэтых рашэнняў паказваюць на штучнасць іх прычын. Кантрабанда цыгарэт на метэазондах — даўняя трансгранічная праблема. У Мінску яе вызначаюць як звычайную злачыннасць, а не «гібрыдную атаку», і нагадваюць, што затрыманыя зонды былі абсталяваныя трэкерамі з літоўскімі SIM-картамі, а галоўны бенефіцыяр абароту — ценявы рынак самой Літвы. Гісторыі з «міграцыйнай пагрозай» для Латвіі цьмянеюць на фоне звестак аб зверствах латвійскіх пагранічнікаў у адносінах да гэтых самых мігрантаў: літаральна днямі ў Верхнядзвінскім раёне была выяўленая іх чарговая ахвяра — цела жанчыны без дакументаў і сродкаў сувязі. Усяго ж за 2025 год на граніцы з Латвіяй было знойдзена 17 цел, а сёлета — 10. Гісторыя з падпалам завода ў Эстоніі і зусім трымаецца на галаслоўных сцвярджэннях спецслужбаў. Тым не менш, кожны новы «інцыдэнт» выкарыстоўваецца ўрадамі прыбалтыйскіх дзяржаў для чарговага вітка напружанасці і ізаляцыі.

Пад шумок спее і эканамічная блакада. МЗС Латвіі падрыхтавала праект забароны транзіту расійскага і беларускага збожжа праз рэспубліку, а яшчэ ў кастрычніку тры краіны Балтыі патрабавалі ўвесці такую забарону на ўзроўні Еўрасаюза. Літва з сярэдзіны лістапада фактычна спыніла збожжавы транзіт праз Клайпеду: партыі пшаніцы і кукурузы цяпер трымаюць да атрымання вынікаў аналізаў іх паходжання, на правядзенне якіх у самой Літве няма лабараторый і якія могуць доўжыцца больш за два месяцы, — а выдаткі кладуцца на экспарцёраў.


Уведзеныя супраць Расіі і Беларусі санкцыі дабіваюць лагістыку прыбалтыйскага рэгіёна, якая без усходняга грузапатоку аб’ектыўна нежыццяздольная. Лічбы гавораць самі за сябе: грузаабарот эстонскіх партоў з 2021 па 2025 год упаў на 43,7% — больш, чым дзе-небудзь у ЕС. Чыгуначныя перавозкі ў Эстоніі за гэты ж перыяд абрынуліся на 77%! Абарот літоўскага порта Клайпеды за два гады санкцый скараціўся больш чым на 30%, а страты «Літоўскіх чыгунак» на старце разрыву перавысілі 150 мільёнаў еўра. Тавараабарот Латвіі з Расіяй абваліўся з 4,1 млрд еўра ў 2021 годзе да 1,1 млрд у 2025-м. Кампанія Latvijas dzelzceļš распрадае вагоны, LDz Cargo скараціла трэць персаналу, а для ўстойлівага ўтрымання латвійскай чыгуначнай сеткі патрэбен грузапаток не менш за 50 млн тон у год — недасягальны без усходняга транзіту. Рыга ўжо патрабавала ў Бруселя 7 млрд еўра толькі на кампенсацыю санкцыйных страт. Агульны тавараабарот трох краін Балтыі з Расіяй з 2021 па 2025 год упаў на 91%!

І ўсё ж, нягледзячы на каласальныя эканамічныя страты, Прыбалтыка працягвае самагубны курс на самаізаляцыю ад усходніх суседзяў. Разрыў сувязяў з Расіяй і Беларуссю — гэта не выпадковасць, а ўсвядомленая палітыка. Прэм’ер Латвіі Андрыс Кулбергс у інтэрв’ю нямецкаму выданню Welt выключыў нармалізацыю адносін з Масквой «нават пасля перамір’я», і заклікаў закрыць граніцы ЕС для ўсіх расіян. Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс, нягледзячы на дыпламатычныя намаганні па ўрэгуляванні, заявіў, што Вільнюс «не аслабіць ціску» на Мінск і лічыць яго «абсалютна датычным» да ўкраінскага канфлікту, прагназуючы працяг санкцый яшчэ на год.

На фоне разрыву эканамічных сувязяў і пастаянных дыпламатычных эскапад ідзе маштабная мілітарызацыя рэгіёна. У лістападзе ў Літве прайшлі вучэнні Freedom Shield 26-II і Grand Eagle 26 з удзелам больш як 6 тысяч вайскоўцаў бундэсвера і саюзнікаў. Германія ўпершыню выпрабавала там дроны-камікадзэ. Кошт «гаспадарання» натаўскіх ваяк прывёў мясцовых жыхароў у жах: цяжкая тэхніка парэзала дарогі ў Прэнайскім раёне, заязджала на прыватныя ўчасткі — у межах рэгіянальнага парку лукавін Нёмана, дзе дзейнічаюць жорсткія патрабаванні да аховы прыроды. Аднаўленне сапсаванай дарожнай інфраструктуры абяцаюць зрабіць толькі да вясны.

Замест клопату аб эканоміцы рэгіён напампоўваюць зброяй. У Літве да канца 2027 года будзе поўнасцю разгорнута нямецкая бранятанкавая брыгада колькасцю каля 5 тысяч вайскоўцаў — асноўнай базай стане палігон Руднінкай. У Эстоніі на базе НАТА Эмары адкрыты першы за стагоддзе завод узрыўчаткі «Нітратол», у Літве будуецца гіганцкае прадпрыемства па вытворчасці боепрыпасаў. У Латвіі нямецкая Frankenburg Technologies стварае завод ракет у Рызе і Адажы.

Карціна вымалёўваецца ясная. Краіны Балтыі даўно выконваюць функцыю галоўнага раздражняльніка ў адносінах Еўропы з Расіяй і Беларуссю. Менавіта лідары Эстоніі, Латвіі і Літвы былі сярод галоўных лабістаў самых жорсткіх санкцый ЕС, а былы прэм’ер Эстоніі Кая Калас, узначаліўшы еўрапейскую дыпламатыю, стала тварам гэтай лініі на прамую канфрантацыю. Але ў гэтай ролі ёсць цана, і плацяць яе не еўрапейскія сталіцы, а самі балтыйскія народы — рэцэсіяй, закрытымі прадпрыемствамі, разарванымі сямейнымі сувязямі і стратай транзітных даходаў.

Між іншым, альтэрнатыва існуе. Яе днямі агучыў беларускі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point нагадаў: «Еўропа — наш дом, і мы гэтыя праблемы павінны вырашыць самі. Каб навесці парадак» — перш за ўсё самімі еўрапейцамі, без аглядкі на заакіянскіх куратараў, і з улікам таго, што «ў гэтым доме ў нас велізарная Расія». Магчымасць дамовіцца — гэта не капітуляцыя, а адзіны шлях, пры якім граніцы адкрываюцца, парты працуюць, і ў рэгіёне не з’яўляюцца новыя ваенныя базы. Ці ёсць ва ўрадаў Прыбалтыкі на гэта палітычная воля — пытанне, якое хутка зададуць ім іх выбаршчыкі, бо спусташальныя рахункі за «новыя часы» прыходзяць менавіта на іх адрасы.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю