Уладзімір Паўлоўскі, нягледзячы на свае 30 гадоў, мае вялікі вопыт грамадскай дзейнасці. Быў кіраўніком Горацкага райкама БРСМ, потым абласнога камітэта гэтай арганізацыі, уваходзіў у склад Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Сёння ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў клапоціцца пра дабрабыт жыхароў Горацкай выбарчай акругі № 82. Для яго гэты раён вельмі блізкі і зразумелы, бо тут яго малая радзіма.
Дэпутат правёў прыём грамадзян у Горацкім райвыканкаме. Жыхарку Горак цікавіла будаўніцтва водаправода ў вёсцы Тосна Паршынскага сельсавета, дзе яна жыве летам. У населеным пункце ўсяго 33 чалавекі, амаль палова з іх — працаздольнага ўзросту. Па словах заяўніцы, людзі не супраць паўдзельнічаць у будаўніцтве сістэмы водазабеспячэння.
Старшыня райсавета дэпутатаў Максім Патапенка, які прысутнічаў на прыёме, пацвердзіў, што гэта пытанне падымалася на сустрэчах з насельніцтвам не ўпершыню, але будаўніцтва водаправода патрабуе вельмі вялікіх фінансавых укладанняў. Пытанне ўзятае на кантроль, вывучаюцца шляхі яго вырашэння.
Яшчэ адна жанчына пахадайнічала ад раённага прафкама работнікаў адукацыі аб унясенні паправак у заканадаўства. Справа ў тым, што педагогі, калі працаўладкоўваюцца на месца работніка, які часова не выконвае свае абавязкі, напрыклад знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, не маюць магчымасці заключыць кантракт. Гэта значыць, што ў іх няма права і на важкую надбаўку да зарплаты. «Сярод тых, хто прыходзіць на падмену, у тым ліку і маладыя настаўнікі. Хацелася б, каб яны замацаваліся ў прафесіі. А для гэтага павінна быць годная зарплата», — аргументавала заяўніца.
Акрамя гэтых пытанняў, на кантроль узятыя звароты наконт чэкаў «Жыллё» і набыцця маёмасці.
— Людзі прыходзяць з надзеяй, што іх праблемы вырашацца на іх карысць, але, бывае, што па аб’ектыўных прычынах гэта немагчыма, бо закон прадугледжвае іншае вырашэнне пытання, — кажа парламентарый. — Радуе, што ёсць людзі, якія ўдзельнічаюць у жыцці рэгіёна, прапаноўваюць нешта для яго развіцця.
У вырашэнні грамадскіх праблем задзейнічаны ўсе: мясцовая ўлада, дэпутаты, суб’екты гаспадарання. Атрымалася вырашыць пытанне, як той казаў, «з барадой». На працягу дзесяці гадоў прыхаджане праваслаўнага храма ў Горах звярталіся ў розныя інстанцыі, каб ім зрабілі ацяпленне. Дзякуючы сумесным намаганням там цяпер устаноўлена сістэма «цёплая падлога». І народны выбраннік асабіста пераканаўся, што функцыянуе яна спраўна.
Пяцігодка якасці абавязвае больш дасканала адсочваць сітуацыю ў акрузе. На мінулым тыдні Уладзімір Паўлоўскі выяўляў, якія праблемныя пытанні ёсць сёння ў камунальнай сферы і сістэме адукацыі. На горацкім прадпрыемстве «Камунальнік» яму расказалі, як ідзе работа са зваротамі грамадзян. На працягу месяца ў адзіную інфармацыйную службу «115» з Горацкага раёна паступае ў сярэднім 150 заявак. На фоне вобласці гэта трэці вынік пасля Магілёва і Бабруйска. Парламентарыю расказалі, з якімі праблемамі звяртаюцца жыхары і што пажадана зрабіць на заканадаўчым узроўні, каб работа камунальнай службы стала больш эфектыўнай.
На сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі таксама прагучалі прапановы. Педагогі выказаліся за тое, каб у новым законе па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей, які нядаўна быў разгледжаны ў першым чытанні ў Палаце прадстаўнікоў, была прадугледжана адказнасць бацькоў за супрацьпраўныя дзеянні іх нашчадкаў у сетцы інтэрнэт. Настаўнікі таксама звярнулі ўвагу на сацыяльныя выплаты на дзяцей-сірот. На тых, якія ўсыноўлены, грошы пералічваюцца да 16 гадоў, а на неўсыноўленых — на два гады даўжэй, да іх паўналецця. На думку настаўнікаў, трэба было б зраўнаваць тэрміны гэтых выплат. Народны выбраннік паабяцаў агучыць іх прапановы ў парламенце.
Фота: “Горецкий вестник”