Top.Mail.Ru

Як мясцовыя ўлады знаходзяць паразуменне з садаводчымі таварыствамі на сваёй тэрыторыі

Яшчэ некалькі тыдняў — і пачнецца актыўны дачны сезон. Клопат не толькі саміх шчаслівых уладальнікаў лецішчаў, але і мясцовых сельсаветаў, на тэрыторыі якіх гэтыя лецішчы, дакладней садаводчыя таварыствы, знаходзяцца. Бо садаводчае таварыства — гэта не вёска і не пасёлак, гэта, так бы мовіць, «дзяржава ў дзяржаве», бо сельсавету яно фактычна не падпарадкоўваецца. У апошні час паўнамоцтвы мясцовай улады адносна садаводчых таварыстваў былі значна пашыраныя, але дасягнуць беспраблемнага суіснавання ўдаецца не заўсёды. Мы пацікавіліся непасрэдна ў старшынь сельсаветаў у розных рэгіёнах, як ім удаецца наладжваць кантакт з дачнікамі, якія нібыта і свае, а нібыта і не.


Газ, электрычнасць і клопат з боку ўлад

Калі ваша дача знаходзіцца ў 10–15 хвілінах язды ад Мінска, дык чым не ідэальны варыянт? Больш падрабязна даведацца аб плюсах і мінусах жыцця ў садаводчых таварыствах прысталічча, іх узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады мы вырашылі ў Бараўлянскім сельсавеце, на тэрыторыі якога налічваецца 12 садаводчых таварыстваў.

Паводле слоў старшыні Бараўлянскага сельвыканкама Кацярыны Хмылковай, многія людзі пражываюць у садаводчых таварыствах прысталічча на пастаяннай аснове: «Гэта, на мой погляд, абумоўлена блізкім размяшчэннем да сталіцы. Акрамя таго, Бараўляны з Мінскам злучаюць выдатныя транспартныя зносіны. У садаводчых таварыствах праведзены святло, газ, электрычнасць і многае іншае. Ды і невялікі домік блізка ад сталіцы — гэта вельмі выдатна. Многія людзі хочуць адпачыць ад гарадской мітусні, пабыць на прыродзе не толькі летам, але і зімой. Што датычыцца старшынь садаводчых таварыстваў, гэта людзі адказныя, якія жывуць сваёй працай. Адзіны мінус — не кожны можа дазволіць сабе перазімаваць на дачы, паколькі тарыфы на ацяпленне досыць вялікія».

Кантакт мясцовай улады з садаводчымі таварыствамі ажыццяўляецца за кошт узаемадзеяння старшыні сельсавета са старшынямі таварыстваў. «Мы даволі цесна ўзаемадзейнічаем са старшынямі садаводчых таварыстваў, некалькі разоў у год праводзім сумесныя рэйды з міліцыяй і МНС. Вядома, не ўсе задаволеныя такімі візітамі. Аднак ёсць і тыя, хто зацікаўлены ў камунікацыі з намі, хто ставіцца да гэтага станоўча. Людзі задаюць пытанні, якія іх цікавяць, і атрымліваюць падрабязныя адказы. Як правіла, кожны старшыня садаводчага таварыства ведае, у якіх дамах грамадзяне пражываюць на пастаяннай аснове. Менавіта на гэтыя дамы і робіцца акцэнт. На пасяджэнні Савета грамадскага правапарадку мы запрашаем суб’екты прафілактыкі, у якія ўваходзяць старшыні садаводчых таварыстваў. Такія сходы адбываюцца два разы на год. На гэтых сустрэчах мы агаворваем надзённыя праблемы. 

Дзесьці мы дзейнічаем сумесна, недзе падказваем кірунак, у якім неабходна рухацца, а калі трэба, то выязджаем на месцы, запрашаем уласніка дадзенага домаўладання на гутарку. Па большай частцы гэта дае станоўчы вынік. Што датычыцца ўзаемадзеяння па будаўнічых нормах, пабудовах, такія скаргі ўжо разглядае Мінскі райвыканкам. Але большая частка заяўнікаў спачатку прыходзіць да нас. Мы размаўляем з людзьмі, стараемся паглыбіцца ў іх праблемы, каб як можна хутчэй вырашыць іх. Часам даходзіць нават да таго, што мы проста запрашаем дваіх суседзяў, якія нешта паміж сабой не падзялілі, і стараемся іх прымірыць».

Не менш цікавым застаецца працэс далучэння садаводчага таварыства да населенага пункта. Паводле слоў старшыні Бараўлянскага сельсавета, для гэтага неабходна выканаць шэраг умоў. І ўмовы такія, што зрабіць са старых садаводчых таварыстваў пасёлкі практычна немагчыма: «Справа ў тым, што ўчасткі, як правіла, заціснутыя, а пажарныя разрывы паміж дамамі не выконваюцца. Мінімальная шырыня вулічна-дарожнай сеткі не дасягае неабходных шасці метраў, што з’яўляецца неадпаведнасцю нормам населеных пунктаў. Немалое значэнне ў гэтым маюць і пешаходныя дарожкі, дакладней іх адсутнасць.

Старшыня адзначыла, што ў Бараўлянскі сельсавет пакуль яшчэ не звярталіся людзі з пытаннямі трансфармацыі садаводчых таварыстваў у населеныя пункты. Зрэшты, тут няма і асаблівай неабходнасці: «У садаводчых таварыствах, размешчаных на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета, людзі пражываюць, як правіла, на пастаяннай аснове. На ўчастках у дачнікаў праведзены газ, электрычнасць і ўсё неабходнае для камфортнага пражывання не толькі ў гарачы сезон, але і ў суровую зіму».

Дзве бяды — смецце і сабакі

Далёка не ўсюды адносіны мясцовай улады з членамі садаводчых таварыстваў можна назваць сяброўскімі. Пра дапамогу дачнікаў у навядзенні парадку на зямлі ці, правільней сказаць, неразвядзенні звалак у месцах агульнага карыстання гаварыць няма чаго. Прынамсі, менавіта так можна сказаць пра сітуацыю, якая склалася ў многіх сельсаветах Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, аднак спынімся на адным — Пальмінскім.

У складзе сельсавета шэсць буйных садаводчых таварыстваў, пяць з якіх — газіфікаваныя. Адным словам, беларуская «рублёўка» на беразе шыкоўнага возера Лосвіда. Аднак тым не менш члены тых самых таварыстваў пастаянна сварацца паміж сабой нават з-за самых дробных пытанняў. Магчыма, таму спрыяе высокая шчыльнасць участкаў: шэсць сотак — вельмі мала, каб адпачыць ад суседскіх вачэй.

З прадстаўнікамі мясцовай улады як старшыні садаводчага таварыства, так і самі дачнікі, амаль не камунікуюць. «Нягледзячы на тое што з уступленнем у сілу абноўленага Указа № 155 „Аб садаводчых таварыствах“ павысіліся роля і ўдзел мясцовай улады ў жыцці дачнікаў, канкрэтна ў нашым сельсавеце сітуацыя не змянілася. Выпадкаў назначэння старшыні садаводчага таварыства намі не было, дачнікі ўвогуле не вельмі любяць, калі хтосьці ўмешваецца ў іх дзейнасць. Зваротаў па прычыне пераводу дачнага дома ў разрад жылога таксама не было. Адзінае, з чым звярталіся дачнікі, — прасілі ўключыць таварыствы ў зону абслугоўвання аўтакрамы. Вядома, пытанне было прапрацавана, і ў сезон нестацыянарная крама забяспечвае дачнікаў усім неабходным», — расказала старшыня Пальмінскага сельскага Савета дэпутатаў Анфія Бярозка.

Наконт старшынь таварыстваў, якіх выбіраюць самі дачнікі, пытанне двухбаковае. Па-першае, людзі на гэтай пасадзе мяняюцца даволі часта, па-другое, народныя выбраннікі нават не апавяшчаюць сельвыканкам аб змяненнях. Фактычна старшыня сельсавета не мае кантактаў, адпаведна, не можа падказаць нумар ахвотным набыць той ці іншы дачны ўчастак. Праз адсутнасць рэгістрацыі на дачах немагчыма падлічыць колькасць сезонных жыхароў.

Праблемы ў Пальмінскім сельсавеце, як і, бадай, ці не ў кожным, дзе ёсць садаводчыя таварыствы, аднолькавыя. Першая — звалкі смецця на прыпыначных пунктах і ўзбочынах дарог у дачны сезон. І, здаецца, арганізаваць вываз смецця трактарам, які збярэ мяшкі ўздоўж брамак, не так затратна і складана, дачнікі аддаюць перавагу ўладкаваць сметнік на прыпынку ці за ім. Хто павінен гэта прыбіраць — пытанне не іх адказнасці.

Другая праблема, з якой мясцовыя ўлады змагаюцца з году ў год, — безнаглядныя жывёлы, якія выходзяць у «самастойнае» жыццё якраз восенню, калі сезон дачных работ ужо скончыўся. Людзі бяруць на лета сабак, якіх пасля забраць у гарадскую кватэру, напэўна, няма магчымасці. Без усялякага сумлення безадказныя грамадзяне пакідаюць сваіх чатырохногіх сяброў на дачах, а сабакі ў пошуках ежы бадзяюцца па суседніх населеных пунктах, збіваюцца ў зграі, пужаюць дзяцей і здзяйсняюць набегі на вясковыя хлявы. «Мы рэгулярна праводзім сходы з удзелам спецыялістаў ЖКГ, заклікаем да сумлення і нагадваем аб адказнасці за жывёл, якіх прыручылі. Але ўсё безвынікова: прыходзіцца арганізоўваць адлоў», — адзначыла старшыня сельскага Савета.

«Садаводы нас чуюць»

На тэрыторыі Магілёўскага раёна 171 садаводчае таварыства, што аб’ядноўвае прыблізна 40 тысяч насельніцтва. Пяць таварыстваў, сярод якіх такое буйное, як «Хімік», дзе 1200 домікаў, знаходзіцца на тэрыторыі Сідаравіцкага сельсавета.

Алена Пшанічная, старшыня Сідаравіцкага сельсавета, заўсёды на прамой сувязі з садаводамі. Нават такое маленькае садаводчае таварыства, як «Лясная паляна», дзе ўсяго 33 домікі, патрабуе ўвагі. Сувязь трымаецца праз старшынь гэтых утварэнняў.

— Ладзім добра, садаводы мяне чуюць, — адзначае старшыня сельсавета. — Людзі звяртаюцца за рэгістрацыяй, з праблемнымі пытаннямі. Даём парады, дзесьці дапамагаем. Напрыклад, падказваем, дзе гной купіць, хто можа дапамагчы з тэхнікай. Звярнуліся неяк да нас з заявай, каб мы пачысцілі пажарную сажалку, але мы пагутарылі з жыхарамі, і яны пагадзіліся, што і самі могуць прыкласці свае сілы. Знайшоўся нават чалавек з трактарам. Прыехала па іх запрашэнні на свята, а ў іх — поўны парадак. Кажу: як прыгожа ў вас стала, не трэба нават дзяржаву напружваць.

Для жыхароў вёсак суседства з садаводчымі таварыствамі толькі ім на карысць — прадаюць ім малочныя прадукты, мяса. Раней малако прапаноўвалі, а цяпер смятану, сыры, масла. І попыт вялікі. На тэрыторыі таго ж «Хіміка» і ў выхадныя дні кірмашы праходзяць. Раней тут нават крама была, але цяпер яе замяніла аўтакрама ад райспажыўкааперацыі.

Аб пераводзе садаводчых таварыстваў у населеныя пункты размовы пакуль няма. Прычыны ўсё тыя ж, найперш — вузкія праезды. «На некаторых так званых вуліцахне тое што дзве машыны не могуць раз’ехацца, а нават веласіпедыст з машынай.

Жыхары яшчэ дрэў і кустоў каля агароджаў панасаджвалі для прыгажосці. Параўняць дарожнае пакрыццё і тое немагчыма — грэйдэр не праедзе. Вулічнага асвятлення наогул няма, нават слупоў — садаводы аб гэтым не паклапаціліся», — расказвае Алена Пшанічная.

Зрэшты, магчыма, з часам самі дачнікі захочуць штосьці памяняць, бо жыццё і адпачынак на прыродзе становяцца ўсё больш папулярнымі.

— Сёлета наогул у «Хіміку» папрасілі, каб аўтобус хадзіў яшчэ і зімой, — аргументуе Алена Пшанічная. — У пятніцу, суботу, нядзелю ён курсіруе пастаянна. Раней ездзіў толькі з вясны да восені.

Між тым прапісацца ў садаводчых таварыствах немагчыма, можна толькі аформіць часовую рэгістрацыю. А людзі ўсё часцей жывуць у гэтых дамах пастаянна і яшчэ нешта прыбудоўваюць. Апошнім часам на гэтых участках сталі з’яўляцца квадрадамы. Дарэчы, гэта вельмі зручна. Нічога будаваць не трэба — купіў, прывёз, паставіў і жыві.

Старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка апісвае карціну ў цэлым:

— Садаводчыя таварыствы ў нас на кантролі, мы іх пастаянна маніторым. У буйныя садаводчыя таварыствы нават аўталаўкі ходзяць. Дзяржава клапоціцца пра людзей. Але шмат пытанняў адкрытыя. Пад’язныя дарогі і тыя, уздоўж якіх стаяць іх дамы, садаводы павінны ўтрымліваць самі — яны ж самастойныя юрыдычныя асобы. Павінны думаць і аб вывазе смецця — заключаць дагавор з абслуговай арганізацыяй. Некаторыя гэтага пазбягаюць, а мы потым здзіўляемся, адкуль звалкі ў лесе. З гэтым сапраўды вельмі складана. Вядома, што сельсаветы не пакідаюць садаводаў без увагі. Стараемся вырашаць іх праблемы. Пачынаецца дачны сезон — пачынаюцца звароты: то па водаадвядзенні, то па падтапленні, то яшчэ што. Просяць, каб прыпынак зрабілі, грамадскі транспарт пусцілі... У Савеце Рэспублікі вывучаюць гэтае пытанне, было даручэнне Наталлі Качанавай маніторыць абстаноўку на месцах. Як толькі садаводы пачнуць заязджаць, ізноў будзем шукаць разам з імі кампрамісныя рашэнні праблем. Трэба пачуць, што яны прапануюць, а потым думаць, як гэта падвесці да рэзультату, прымальнага для ўсіх.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю