Час ад часу, мусіць, кожнага з ветэранаў-настаўнікаў памяць вяртае ў чароўную школьную краіну, да яе жыхароў. Вось і надоечы шмат што ўзгадалася — захацелася расказаць.
...Першага верасня гадоў 20 таму ў школе праводзіўся толькі адзін урок, потым для вучняў, настаўнікаў і бацькоў пачыналася вялікае свята, ладзіўся канцэрт.
Пра тое, з якімі нумарамі найлепей выступіць, мы з маімі шасцікласнікамі думалі загадзя. Дзяўчаткі прапанавалі развучыць новы танец, хлапчукі — зладзіць прадстаўленне.
Для гэтага мы абралі беларускую народную казку «Як пана віншавалі». У яго — нагадаю — нарадзіўся сын. Аканом паклікаў старасту, лёкая і фурмана, папярэдзіў, што галоўныя словы скажа сам, а пасля ўзнеслых «Дык будзь жа здаровы!» «каманда» падхопіць: стараста дадасць — «З усім дваром!», лёкай — «З жонкай і дзецьмі!», фурман — «І з усім сваім набыткам!» А наперадзе ў іх пойдзе парабак з падарункам — рэшатам яек. Па дарозе, паводле казкі, у парабка на лапці развязваецца абора, ён падае, упускаючы рэшата. Раззлаваны аканом крычыць: «Каб ты здох!», стараста, не дачуўшы, працягвае: «З усім дваром!», астатнія героі — свае словы наўздагон. Пан пасля такога «віншавання» траціць прытомнасць.
...Не перадаць, з якім натхненнем мае малыя архараўцы ўзяліся за падрыхтоўку «спектакля», як актыўна падбіралі касцюмы і ўваходзілі ў вобразы!
У ходзе рэпетыцый уносіліся пэўныя карэктывы. «Фурман» Дзімка зрабіў заўвагу, што адных яек у такі ўрачысты дзень пану будзе мала. Вырашылі, што нехта будзе несці кошык з цацачным гусаком, нехта — шасток хатніх каўбас, нехта — бочачку з мёдам ды нізку сушаных грыбоў.
Але ж перад гэтым...
Жэнька (ён жа стараста) для большай праўдзівасці і без майго ведама прыпёр у школу здаравеннага жывога гусака. Той ад стрэсу тут жа «замініраваў» усю падлогу ў класе (праўда, мае жэўжыкі «міны» змялі на кардонку і ўкапалі ў гаршчок з кітайскай ружай, а саму птушку «прад’явілі» мне «запакаванай» у чахол ад камп’ютара і пасаджанай у вялікі кош)...
На гэтым сюрпрызы не скончыліся. У гліняную бочачку з мёдам (і, здаецца, праз адтуліну для лыжкі) заляцела аса. І ёй, мусіць, надакучылі пальцы, якімі мае дуронікі лазілі ў мёд... А таму, абурыўшыся, яна выскачыла з бочачкі і жахнула «аканома» ў нос, прычым так, што той адразу ссінеў і распух.
Апошняй неспадзяванкай быў чыйсьці, выпадкова злоўлены сабачка, якога на матузку ў падарунак пану павінен быў весці «фурман».
У выніку «працэсія» выглядала так: «парабак» Пецька ў лапцях, пазычаных у школьным этнаграфічным кутку, з рэшатам яек; за ім «аканом» Дзімка ў капелюшы, з вялікім сінім носам і злашчасным мёдам; далей — у дзедавых хромавых ботах сорак нейкага памеру — «стараста» Жэнька, сагнуты ў тры пагібелі пад цяжарам гусака ў кашы; услед за ім — «вусаты» «лёкай» Юрка з каўбасамі на шастку і нарэшце «фурман» Дзімка з грыбамі і сабакам, які ўвесь час спружыніста падскокваў, каб пажывіцца каўбасой...
А далей ужо сама дзея: у патрэбны момант Пятрусь з яйкамі досыць удала паваліўся перад «панам», злосны «аканом», пакратаўшы балючы нос, пранікнёна гаркнуў: «А каб ты здох!», астатнія дадалі сваё «З усім дваром!» і г. д.
«Пан» пасля гэтага (чамусьці глянуўшы на гадзіннік на ланцужку, які дастаў з кішэні камізэлькі) схапіўся за сэрца — грымнуў на падлогу і тым самым спалохаў гусака, які гучна загагатаў, і НЕ спалохаў сабачку, які, ухапіўшы такі адну з каўбас, «адарваўся» ад «фурмана» і куляй панёсся з залы.
Усё, фінал. Бурныя авацыі!
Алена Несцяронак, г. Докшыцы.
Вядучая рубрыкі Валянціна Доўнар.