Top.Mail.Ru

Як пазбегнуць наяўнасці пратэрмінаваных прадуктаў на прылаўках нашых крам?

Пытанне на засыпку! У Магілёве пасля нядаўніх праверак МАРГ шэраг крам вымушаны былі зрабіць часовы перапынак у рабоце, каб прыбраць з прылаўкаў пратэрмінаваныя прадукты.



У сацсетках адразу ж пасыпаліся каментары. «Не было парадку і не будзе!» — піша адзін. «Куды толькі дзяржава глядзіць!» — падтаквае другі. «Зноў бедным прадаўцам аддзімацца...» — падлівае масла ў агонь трэці. Магчыма, кагосьці шакірую, але ў той жа Францыі «пратэрміноўку» сталі называць далікатэсам. Тэлеканал BFMTV заявіў, што насельніцтва перайшло на танныя прадукты — са скончаным тэрмінам прыдатнасці. У нас, як бачыце, гэта катэгарычна забараняецца.

Ігра на публіку

Ну з кім, дарэчы, такога не бывала: зашлі ў краму пасля цяжкага працоўнага дня і толькі дома заўважылі, што тавар пратэрмінаваны. Рэакцыя прадказальная: адзін вернецца і разбярэцца непасрэдна на месцы, а другі пачне выплюхваць негатыў у інтэрнэце.

Як ў той гісторыі з прадаўцом, якая нядаўна прамільгнула ў адным з папулярных меседжараў. Жанчына паскардзілася ў прафсаюз, што наймальнік некалькі месяцаў утрымліваў грошы з яе зарплаты невядома за што. Факт праверылі і высветлілі, што парушэнні сапраўды былі. Але прадавец таксама ў гэтым вінаватая. З-за яе крама панесла страты, а наймальнік пачаў утрымліваць сродкі з заробку работніцы, не паклапаціўшыся пісьмова яе аб гэтым папярэдзіць і ўзяць згоду. Прыйшлося ўмяшацца.

Як патлумачылі ў прафсаюзе, парадак кампенсавання страты рэгулюе артыкул 408 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца, што пакрыццё ўрону ў памеры да трох сярэднямесячных заробкаў работніка робіцца шляхам утрымання гэтай сумы з яго заробку па распараджэнні наймальніка. Але перад гэтым наймальнік павінен разабрацца, ці сапраўды вінаваты прадавец, і пісьмова папярэдзіць яго не пазней чым за два тыдні са дня выяўлення факта парушэння. Калі работнік не згодны пакрываць страты, канфлікт вырашаецца ў судзе.


Нельга. І кропка

Па гандлёвым заканадаўстве пратэрмінаваны тавар адназначна забаронены да продажу. І гэты парадак строга рэгламентуецца.

— Кожны суб’ект гаспадарання ў службовай інструкцыі прапісвае, якая існуе адказнасць прадаўца або іншых асоб за рэалізацыю пратэрмінаванага тавару, — расказвае намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Вераніка ЦІТОВА. — І задача кіраўніка яшчэ на пачатковым этапе растлумачыць гэта тым, хто будзе працаваць з таварам, і замацаваць гэта загадам, пад якім работнік пакіне свой подпіс. Бывае, што па нядбайнасці прадаўца або таму, што заказалі многа і не змаглі прадаць, тавар са скончаным тэрмінам прыдатнасці застаўся ў рэалізацыі. Такое недапушчальна, і мы пастаянна нагадваем пра гэта суб’ектам гаспадарання. Да пратэрмінаванага тавару можа прывесці толькі парушэнне службовых абавязкаў. І вінаваты павінен панесці адказнасць. Дзеянні наймальніка ў гэтым выпадку рэгулюе Працоўны кодэкс. Калі вінаваты не выяўлены, суб’ект гаспадарання бярэ выдаткі на сябе.

«Чырвоная лінія»

Летась тэма пратэрміноўкі закраналася і Прэзідэнтам: «Няма тавару — дрэнна, але пратэрміноўка — гэта чырвоная лінія». Нагляд за станам у суб’ектах гандлю быў узмоцнены. Задачу адсочваць гэты момант узялі на сябе кіраўнікі гар- і райвыканкамаў, дэпутаты і сенатары. Такі кантроль дагэтуль вядзецца. Ды і кіраўніцтва гандлёвага ведамства зацікаўлена папярэджваць такія факты.

— Мы штоквартальна разглядаем гэта пытанне на калегіях і па меры неабходнасці праводзім семінары, — удакладняе Вераніка Цітова. — На свае калегіі запрашаем усе зацікаўленыя службы, у тым ліку органы санітарнага нагляду. Мы пастаянна працуем на папярэджанне падобных фактаў, але ёсць такое паняцце як чалавечы фактар. Таму нават у самых узорных крамах здараюцца негатыўныя моманты.

Найлепшае выйсце — зрабіць зніжку

Загадчык магілёўскай сеткі ААТ «ГРЫНрозніца» Максім КАВАЛЁЎ прызнаецца, што пратэрміноўка і ў іх здараецца. Напрыклад, спажывец пакінуў батон каўбасы сярод прамтавараў, і яна там сапсавалася. Былі выпадкі, калі марожанае знаходзілі каля мыйных сродкаў. Плошчы вялікія, каля кожнага стэлажа работніка не паставіш. Добра яшчэ, калі нехта са спажыўцоў убачыць і папярэдзіць персанал.

— Але за 15 гадоў маёй работы ў гэтай сетцы ніводны прадавец яшчэ не плаціў за пратэрміноўку са сваёй кішэні, — кажа Максім Кавалёў. — Мы працуем па спецыяльнай праграме, якая ўстаноўлена ў кожнага супрацоўніка на тэлефоне. Яна адсочвае, на які тавар заканчваецца тэрмін і калі яго трэба зняць з рэалізацыі і занесці ў пакой браку. Там у нас захоўваецца ўся пратэрміноўка. Адтуль яна трапляе на спісанне. Ёсць дамова з прыватнай арганізацыяй, якая яе забірае і ўтылізуе.

Некаторыя рытэйлеры спрабуюць пазбегнуць страт ад пратэрміноўкі за кошт правядзення акцый продажу па зніжках. І чым менш застаецца да канчатковай даты прыдатнасці прадукту, тым ніжэй цана. Часам зніжка даходзіць нават да 70 %. Гэта пакуль адзіны самы эфектыўны спосаб барацьбы з пратэрміноўкай.

Нэлі ЗІГУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю