Беларусы нясуць асаблівую адказнасць за захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Наша краіна як ніякая іншая пацярпела ад нацызму. І маштабы гэтай трагедыі яшчэ цалкам не вывучаныя. Над гэтым сёння працуюць і Генеральная пракуратара, і пошукавікі. Шмат чаго для захавання памяці робіць Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру». За 30 гадоў існавання яго байцамі ўзнятыя і перапахаваныя астанкі 1737 салдат і камандзіраў, па медальёнах і асабістых рэчах устаноўлены імёны 156 з іх, паводле архіўных звестак — больш за 27,5 тысячы прозвішчаў...
Па слядах герояў
Сёлетні 31-ы пошукавы сезон клуба «Віккру» пачаўся з удзелам 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Узброеных Сіл з вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна, што ў некалькіх кіламетрах ад легендарнага Буйніцкага поля. Там з 3 па 26 ліпеня 1941-га трымалі абарону 388-ы стралковы полк на чале з палкоўнікам Сямёнам Куцепавым і 340-ы артполк пад камандаваннем палкоўніка Івана Мазалава. У 2020 годзе віккруўцы ўпершыню пасля заканчэння вайны арганізавалі там «Вахту Памяці». Тады былі паднятыя астанкі
14 герояў, пры якіх знайшлі 11 медальёнаў. Ніводны, на жаль, не адкрыў імя свайго ўладальніка. Крохкі ад часу метал літаральна рассыпаўся ў руках.
Летась у ходзе разведкі на полі каля Цішоўкі атрымалася ўстанавіць месца каманднага пункта Сямёна Куцепава. Сёлета непадалёк ад яго былі паднятыя астанкі чатырох чырвонаармейцаў, пры якіх знойдзены тры металічныя медальёны-ладанкі. Іх таксама не атрымалася прачытаць.
— Для нас сёння Буйніцкае поле — гэта месца № 1 для пошукавай работы, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавга клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Сюды мы цяпер будзем вяртацца штогод. Буйніцкае поле нараўне з Брэсцкай крэпасцю стала сімвалам мужнасці для нашай Айчыны. У абароне Магілёва і яго наваколля ўдзельнічала каля 60-65 тысяч чалавек, а імёнаў вядома крыху больш за 6 тысяч. Наш доўг — вяртаць ім імёны.
Ахвярам нацызму прысвячаецца
Клуб «Віккру» шчыльна працуе і з пракуратурай вобласці па ўстанаўленні фактаў генацыду. Некалькі тыдняў таму на ўскрайку Казіміраўскага лесу па вуліцы Раўчакова ў Магілёве быў афіцыйна адкрыты помнік. Гэта памяць пра тых мірных грамадзян, якія былі знішчаны бязлітаснымі гітлераўцамі.
— Пра расстрэльны лес у Казіміраўцы мы даведаліся ў канцы 90-х, — удакладняе Мікалай Барысенка. — У пачатку 2000-х пачалі актыўна праводзіць там пошукавыя работы. Усяго ў гэтым месцы ў розныя гады паднялі астанкі больш як 450 мірных жыхароў, з якіх 150 — сёлета.
У Магілёве ёсць яшчэ некалькі месцаў, звязаных з масавымі расстрэламі мірных грамадзян. Разведкі пройдуць у ваколіцах Старога Пашкава, Палыкавіч і Любужа. Іх імёны невядомыя, іх подзвіг неўміручы
На чавускай зямлі праліта шмат крыві савецкіх байцоў. Усяго ў баях за Чавускі раён аддалі жыцці 18 тысяч 600 байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі. Астанкі загінулых знаходзяцца ў 122 воінскіх пахаваннях.
На мінулым тыдні ў Чавускім раёне з ушанаваннямі перапахавалі астанкі пяці чырвонаармейцаў, якія былі знойдзеныя сёлета падчас Вахты Памяці на месцах кровапралітных баёў 41-га і 43–44 гадоў на Проні. На жаль, устанавіць іх імёны таксама не атрымалася. Пошукавікам хацелася б аднавіць імя яшчэ аднаго байца, які чакае свайго перапахавання.
— Жыхарка вёскі Самулкі Еўдакія Лукашова паказала месца прыкладнага пахавання забітага гітлераўцамі сувязіста, — расказвае падрабязнасці Мікалай Барысенка. — Па яе словах, у ліпені 1941 года немцы перабілі сувязь і савецкае камандаванне накіравала сюды двух сувязістаў. Адзін з іх загінуў,
калі палез на слуп, каб злучыць правады. Немцы расстралялі яго з аўтамата. Праз некаторы час жыхары тайком прыкапалі яго на месцы. Дзякуючы жанчыне, мы знайшлі гэтага байца. Ён ляжаў на глыбіні паўметра, заціснуўшы ў адной руцэ кавалак дроту і пасатыжы. Яшчэ адны пасатыжы мы знайшлі ў яго кішэні. Другі сувязіст выжыў. Ён быў паранены і схаваўся. Ёсць меркаванне, што хлопцы былі мясцовыя. Вельмі спадзяемся, што нехта падкажа нам іх імёны. Вядома, што маці загінулага жыла ў вёсцы Забалацце Чавускага раёна. Сёння гэта вёска ўваходзіць у склад Чавус. Па словах Еўдакіі Лукашовай, жанчына пасля вайны нават прыязджала ў Самулкі на месца гібелі сына.
Легендарная брыгада
Вельмі мала захавалася інфармацыі па 214-й паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая ў пачатку вайны дыслацыравалася, вяла баявыя дзеянні і страціла ў акружэнні асноўную частку асабовага складу ў Асіповіцкім раёне. Яна была сфарміравана ў Мар’інай
Горцы і з яе пачалося стварэнне 4-га паветрана-дэсантнага корпуса, які гераічна абараняў Магілёўшчыну ў ліпені 1941-га. У пачатку 2000-х жыхары вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёна знайшлі ў былым калодзежы закапаныя ў 1941 годзе дакументы 214-й брыгады. Яны былі перададзены ў школьны музей аграгарадка Дараганава, а пазней частка з іх — у магілёўскі пошукавы клуб «Віккру» і сучасную брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы. Для пошукавікаў гэта інфармацыя стала падказкай, бо там былі канкрэтныя імёны. Сёлетнія пошукі на месцы баёў, на жаль, аказаліся малавыніковыя.
— За два дні знайшлі шэсць байцоў, чацвярых з якіх ля вёскі Чучча, — удакладняе Мікалай Барысенка. — Відавочна, гэта воіны 214-й паветрана-
дэсантнай брыгады. Рэчаў, з дапамогай якіх можна было б устанавіць імёны, пры іх не знайшлі. Хлопцаў, хутчэй за ўсё, пахаваюць у брацкай магіле ў пасёлку Татарка, дзе ляжаць байцы гэтага воінскага падраздзялення.
Дапамагла ўзнагарода
І ўсё ж сёлетні пошукавы сезон можна лічыць удалым. Падчас работы ў Кіраўскім раёне ў кіламетры ад вёскі Парэчча віккруўцы атрымалі шчодрую узнагароду: побач з астанкамі байца знайшлі баявы медаль «За адвагу». Як атрымалася даведацца, узнагарода належала чырвонаармейцу Сяргею Міхайлавічу Агібекяну, ураджэнцу Сісянскага раёна Армянскай ССР. Кулямётчык 1320-га стралковага палка 413-й стралковай дывізіі атрымаў яе 22 чэрвеня 1944 года, а 28 ліпеня гэтага ж года гераічна загінуў у баі.
— З дапамогай армянскай дыяспары ў Мінску адшукалі сына і пляменніка героя, — падзяліўся навіной Мікалай Барысенка. — Цяпер вядуцца перамовы аб перадачы ім узнагароды і запрашэнні іх на перапахаванне ў Кіраўскі раён.
Зазірнуць у твар нацызму
Як любіць казаць Мікалай Барысенка, нельга глядзець на пошук толькі праз лязо рыдлёўкі. Маўляў, гэта вельмі вузка. Трэба яшчэ расказваць моладзі пра вайну і паказваць яе на месцы баёў праз раскопы ў зямлі. Так гэта робіць сёння магілёўская пракуратура, якая водзіць жыхароў Магілёва цэлымі калектывамі на экскурсіі да раскапаных ям у Казіміраўскі лес: туды, дзе ляжаць астанкі мірных грамадзян, знішчаных гітлераўцамі. Па скурчаных шкілетах можна зразумець, што людзей атруцілі ў душагубцы, па адарваных частках ног, рук — што іх закідвалі гранатамі, па дзірках у чарапах — што іх расстрэльвалі. Ад убачанага — мароз па скуры. З гэтых ям глядзіць сапраўдны твар нацызму — жахлівы і крывавы.
— На працягу некалькіх гадоў мы праводзім сярод навучэнцаў конкурс «Навучыся помніць», — расказвае метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, начальнік штаба гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Святлана Барысенка. — Трэба не проста зрабіць даклад з інтэрнэту, а правесці сапраўдную даследчую работу — распытаць сваіх родных пра сваякоў, якія ваявалі, даведацца пра воінскія пахаванні пасёлка, раёна, горада, знайсці інфармацыю пра героя на абеліску. Мы рэгулярна сустракаемся з маладзёжнымі калектывамі, выязджаем у школы і іншыя навучальныя ўстановы з перасовачнымі выставамі. Возім дзяцей у свае экспедыцыі, расказваем на месцах раскопак, што там адбывалася, і бачым, як моцна гэта ўздзейнічае. Значыць, наша місія выканана. Можна не сумнявацца, што такія дзяўчаты і юнакі ніколі не забудуць.