Top.Mail.Ru

Як праходзіць новы тэатральны сезон прыма-балерыны Людмілы Хітровай

«Не стаяць на месцы, рухацца далей» — пад такім дэвізам жыве прыма-балерына, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова. На сцэне Вялікага тэатра яна ззяе больш за пятнаццаць гадоў. Абаянню, прафесіяналізму, таленту Людмілы Хітровай пакарыліся сцэны самых розных краін.


Самара. «Спартак». Пачатак

Тэатральны сезон для балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі пачаўся... у Самары. У верасні мінулага года аўтарскі балет Ігара Колба «Ілюзіі кахання» адкрыў пяты юбілейны Міжнародны фестываль мастацтваў «Шастаковіч. Над часам». Захопленай самарскай публіцы паказалі і «Спартак» Валянціна Елізар’ева — апошнюю рэдакцыю балета Арама Хачатурана, зробленую пры жыцці кампазітара. Людміла ззяла ў ролі каханай Спартака — Фрыгіі.

— Для мяне харэаграфія Валянціна Мікалаевіча — гэта сучасная класіка. Танчыла практычна ва ўсіх яго спектаклях. Магу сказаць, што купаюся ў іх, у ягонай танцавальнай лексіцы, у створаных ім вобразах. Нават пасля працяглага перапынку дастаткова пяці рэпетыцый, каб цела ўспомніла ўсе нюансы харэаграфіі, — дзялілася эмоцыямі на палях фестывалю Людміла Хітрова. — Першы спектакль Валянціна Мікалаевіча, які я ўбачыла як глядач, быў «Тыль Уленшпігель» Я. Глебава. Тады ён яшчэ ішоў на сцэне Палаца Рэспублікі. Нібы зачараваная, я сачыла за ўзрушаючымі перастраеннямі кардэбалета. Была ў захапленні!

А першым елізар’еўскім спектаклем, у якім танцавала, стаў балет «Стварэнне свету». Спачатку — Анёлаў. Я была проста ўзрушаная прыгажосцю музыкі, харэаграфіі, выканання: мурашкі па целе! Да гэтага часу мяне неверагодна кранае гэтая музыка. А калі гучыць Ave, Eva! — заставацца спакойнай і абыякавай немагчыма. Упэўнена: гледачы таксама гэта адчуваюць...

Вось і гледачоў Самары ўразіў балет «Спартак». Ну як без эмоцый пражыць гэтую гісторыю ў геніяльнай музыцы, аўтарскай харэаграфіі і трапяткім выкананні беларускіх танцоўшчыкаў?

Казань. Фестываль. Выклік прыняты

Казань прымала ў лістападзе VII Фестываль сучаснага балета StagePlatforma. Яго мастацкі кіраўнік заслужаны артыст Татарстана Алег Івенка запрасіў паўдзельнічаць у фестывальных балетах Людмілу Хітрову.

— У Самары, у дзень спектакля, я прачнулася рана: хвалююся перад выступленнем. Узяла ў рукі тэлефон, а там паведамленне з прапановай удзельнічаць у яго праекце «Асобы Мілігана». Мы ж і знаёмыя былі з Алегам толькі завочна, — да гэтага часу не можа суняць хваляванне балерына. — Там былі яшчэ і файлы, але я іх нават не паглядзела, адразу адказала: «Так!» Ужо нашмат пазней Алег Габышаў (харэограф-пастаноўшчык, заслужаны артыст Расіі) мяне пытаўся: «Ты ж паглядзела відэа і добра падумала, перш чым пагадзіцца?» — «Не, вядома! Пагадзілася адразу!» — засмяялася я.

— Ад такіх прапаноў не адмаўляюцца, — кажа Людміла Хітрова. — Ды і «зоркі сышліся»: расклад спектакляў у Мbнску дазволіў прыехаць у Казань крыху раней. Гэта незвычайны балет, вывучыць яго па запісе для мяне было немагчыма. Неабходны былі час і дапамога, каб спектакль уклаўся ў галаве. Ды і сезон пачаўся вельмі актыўна — адна пастаноўка ішла за другой, за адной паездкай — наступная. А мне трэба было поўнасцю аддацца гэтаму праекту, завяршыць адну справу і паступова пагрузіцца ў новую. Так я прывыкла працаваць. Не ведаю, колькі разоў я пераглядала запіс спектакля «Асобы Мілігана». Спрабавала запомніць рухі, як рух ног спалучаецца са становішчам рук, галавы, плячэй, корпуса...

Калі я ў гэтым сезоне рыхтавала сваю Эсмеральду (у кастрычніку Людміла дэбютавала ў балеце Ц. Пуні ў галоўнай партыі. — Заўв. аўтара), мне дастаткова было паглядзець відэа 6-7 разоў, каб запомніць парадак рухаў: яны лёгка ўклаліся ў маю «класічную свядомасць». Я досыць каардынаваная артыстка: без спецыяльнай работы запамінаю рухі, мне лёгка даюцца кручэнні. Тут жа я разоў пятнаццаць усё перагледзела, каб зразумець, як усё працуе. І толькі потым пачала сябе «збіраць». Настолькі насычаная па танцавальнай лексіцы партыя — лексіцы, якая для мяне нязвыклая.

Але ўжо ў Казані, дзякуючы рабоце з двума Алегамі — Івенкам і Габышавым, зразумела, наколькі гэтыя рухі лагічныя. Мы разабралі кожны крок, паварот галавы і корпуса — і аказалася, што гэтую харэаграфію мне танцаваць вельмі камфортна. Так, пасля першых рэпетыцый я прыходзіла на ўрок класічнага танца, і ў мяне балела ўсё цела, адчувала нават дробную дрыготку ў мышцах, што для мяне зусім нязвыкла. Але як гэта цікава! Гэта стала сапраўдным выхадам з зоны камфорту.

З раніцы да вечара рэпетыцыі. А прыходзячы ў гасцініцу, я... уключала відэа спектакля і, аналізуючы ўсе заўвагі пастаноўшчыкаў, зноўку прапрацоўвала сваю ролю. Мне было неабходна сабраць у галаве гэты складаны пазл, каб на сцэне адчуваць сябе гарманічна. Бо калі танцоўшчыку камфортна ў целе яго героя, гэта будзе і глядзецца лёгка.

Няхай у першыя дні я задавала сабе пытанне: «Люда, навошта табе гэта трэба?» Але гэтая думка магла прамільгнуць на секунду, таму што я адразу сабе казала: «Люда, стоп!» Гэта неверагоднае развіццё мяне як танцоўшчыка, гэта мой найцікавы творчы багаж, гэта той неацэнны вопыт, які застанецца са мной. Я была пагружана ў атмасферу, дзе абсалютна кожны гарэў гэтым спектаклем. Бегчы наперад, зрабіць лепш, хацець большага — гэтая аўра вельмі натхняла і зараджала. Шчыра прызнаюся: я шчасліва тварыць!

Рыхтуючыся да партыі Эсмеральды, перачытвала В. Гюго і яго «Сабор Парыжскай Маці Божай». Наступнай у мяне была па плане кніга Д. Кіза «Множныя розумы Білі Мілігана». Я люблю для сябе выпісваць асобныя радкі, прапановы, фразы, словазлучэнні... Яны становяцца для мяне зернямі, якія пасля прарастаюць у выяве маёй гераіні. Нараджаюць думкі, якія знаходзяць сваё адлюстраванне ў рухах. Роля збіраецца па крупінках — ад фільма, кнігі, музыкі — да пэўнага касцюма, грыму, прычоскі. Мне было важна данесці да гледача, як узнікла гэтая асоба — Адэланы, чаму яна з’явілася ў жыцці Мілігана і чаму яна нададзена менавіта такімі якасцямі. Неверагодна цікавая праца!

На рэпетыцыях яшчэ хвалявалася. А ўвечары, ужо на спектаклі, зрабіла першы крок — і ўсё сышло, засталося захапленне і адрэналін, разуменне таго, што я жадаю танчыць, яшчэ і яшчэ... Я нібы растварылася ў партыі, у партнёрах, у сцэне, у музыцы... Сабранасць, поўнае апусканне ў ролю і... адрэналін! Гэты цуд магчымы толькі на сцэне. Спадзяюся, яно ніколі ад мяне не ўцячэ.

На фестывалі было два паказы гэтага спектакля. У адзін з вечароў я сачыла за «Асобамі Мілігана» як глядач, з залы. І злавіла сябе на думцы, што гляджу не як артыстка. Не хацела прапусціць ніводнага моманту. Гэта не проста спектакль, гэта фільм-трылер, дзе зразумелы кожны погляд і паварот галавы... Самы галоўны паказчык паспяховага спектакля — рэакцыя гледачоў. Два вечары быў аншлаг. І публіка глядзела, затаіўшы дыханне. Энергетыку залы немагчыма было не адчуць. Балет насамрэч надзвычайны. Я вельмі хачу, каб яго ўбачыў і мінскі глядач. Я і цяпер часам уключаю і проста слухаю музыку балета (кампазітар Э. Нізамаў. — Заўв. аўтара) — настолькі яна цікавая.

Таджыкістан. Душанбэ. Сонца ў лістападзе​

У Днях культуры Беларусі ў Рэспубліцы Таджыкістан Людміла Хітрова і Канстанцін Белахвосцік паказалі гледачам сцэну з казкі П. І. Чайкоўскага — балета «Лебядзінае возера» і кранальны харэаграфічны нумар «Раманс» на музыку Г. Свірыдава ў пастаноўцы галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба.

— Заўсёды прыемна адкрываць для сябе новыя краіны, — дзеліцца сонечнымі эмоцыямі Людміла Хітрова. — У Таджыкістане я была ў першы раз. За гэтыя некалькі дзён адчула неверагоднае цяпло, гасціннасць, клопат. Нас вельмі горача прымалі гледачы Опернага тэатра. Калі праз апладысменты, рэакцыю публікі табе сто разоў вяртаецца энергія творчасці, якую ты хацеў данесці са сцэны, гэта шчасце.

Быў вельмі кранальны момант, калі пасля адажыо з «Лебядзінага возера» на сцэну выбегла дзяўчынка гадоў сямі і нясмела ўручыла букет. Такое шчырае, непадробнае захапленне юных гледачоў заўсёды кранае самыя патаемныя струны душы. Яркае сонца, усмешкі, радасныя эмоцыі. Такімі засталіся ў памяці Таджыкістан, нашы выступленні там, знаёмства з Душанбэ і яго жыхарамі.

Танец. Лёс. Жыццё

— У Казахстане я нарадзілася, аб Карагандзе і краіне ў цэлым — толькі самыя цёплыя ўспаміны, — Людміла верыць у формулу «геній месца». — У Ніжнім Ноўгарадзе я атрымала адукацыю, там жывуць мае блізкія людзі, туды я прыязджаю кожны год. Мінск — мой трэці дом. Тут я жыву — і шчаслівая. Мяне не цягне з’ехаць у далёкія краіны ці вярнуцца ў Расію. Тут у мяне з’явілася сям’я, тут я танчу, радуюся, усміхаюся... Калі толькі збіралася ехаць у Мінск, баялася, што нічога не зразумею: я ж еду ў іншую краіну! І ўзрадавалася, калі пачула родную рускую мову. Увогуле не ўзгадаю нейкіх вострых момантаў, калі б я адчула, што гэта чужая мне краіна. Вядома, мяне ўразіла чысціня Мінска. Але мабыць, аб гэтым гаворыць кожны (усміхаецца). Але менавіта тут ты сапраўды адчуваеш, што такіх мясцін, камфортных і спакойных, мала на планеце. Мне ўвогуле вельмі пашанцавала, што я прыехала ў тэатр, калі тут ужо заканчвалася рэканструкцыя. Нас адразу ж пасялілі ва ўтульных новых грымёрках. Памятаю, што стаяла каля ліфта на першым паверсе, глядзела, што вакол мяне, і думала: якое ўсё ж такі шчасце працаваць у такім прыгожым тэатры!

У лютым Вялікі тэатр з лёгкай рукі галоўнага балетмайстра Ігара Колба прадстаўляе новы творчы праект з вядучымі балерынамі тэатра — «Жыццё ў прафесіі». 14 лютага — бенефісны спектакль прыма-балярыны Людмілы Хітровай: шэкспіраўская драма — балет С. Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы В. Елізар’ева.

Працягваюцца рэпетыцыі новых спектакляў. У красавіку публіку чакае Вечар аднаактавых балетаў («Балеро» М. Равеля, «Танец смерці» на музыку К. Сен-Санса і «Кармэн» на музыку Ж. Бізэ).

Галоўныя партыі рыхтуецца выканаць і Людміла Хітрова: «Гэта зусім іншы падыход да танца. Але цяжкасці развіваюць цябе як артыста і прафесіянала. Я выходжу на нейкі новы ўзровень у танцы. І гэта вельмі цікава».

Алена БАЛАБАНОВІЧ

Фота з архіву Вялікага тэатра Беларусі, асабістага архіва Л. Хітравы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю