Top.Mail.Ru

Як працуе Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» і якія змяненні ў ім плануюцца

Адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнага будаўніцтва ў нашай краіне з’яўляецца ўдасканаленне работы на мясцовым узроўні. Куды звычайна звяртаюцца людзі са сваімі праблемамі і прапановамі? У органы мясцовай улады. І нярэдка менавіта па іх рабоце грамадзяне мяркуюць і аб эфектыўнасці дзяржавы ў цэлым. Гэтым і прадыктавана пільная ўвага, якая ўдзяляецца ў нашай краіне ўдасканаленню дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання.



У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Старшыня Пастаяннай камісіі Валянцін СЕМЯНЯКА расказаў пра яго падрабязнасці, у тым ліку і пра тое, чым абумоўлены запланаваныя змяненні ў заканадаўстве.

Цэнтральнай тэмай выязнога пасяджэння сталі аспекты ўзаемадзеяння органаў мясцовага самакіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Ад іх зладжанай работы залежыць канчатковы вынік — якасць жыцця нашых людзей.

Дэпутаты вывучалі практыку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь». Выязное мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве члена Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Алы Навуменка.

— Кіраўнік дзяржавы нязменна падкрэслівае важнасць павышэння ролі мясцовых органаў улады ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, — адзначыў Валянцін Семяняка.

Паводле яго слоў, работа з людзьмі, забеспячэнне зваротнай сувязі і даверлівага дыялогу з’яўляюцца вызначальнымі ў дзейнасці як дэпутацкага корпуса, так і ўсёй вертыкалі ўлады. І сёння органы мясцовага кіравання і самакіравання маюць дастаткова эфектыўны прававы інструментарый, які дазваляе вырашаць задачы, што стаяць перад імі.

— Асновы прававога рэгулявання дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», — дадаў Валянцін Семяняка. — У чэрвені 2023 года быў прыняты Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання», якім быў вызначаны прававы механізм рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. Асабліва актуальныя гэтыя змены ў Год добраўпарадкавання. У той жа час практыка прымянення ўказанай нормы абумоўлівае неабходнасць унясення пэўных змяненняў, якія палегчаць іх рэалізацыю.

Акрамя таго, Указам Прэзідэнта № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» ад 21 лютага 2025 года былі вызначаны новыя інструменты для павышэння дабрабыту рэгіёнаў і дабрабыту грамадзян праз узмацненне статусу мясцовых выканкамаў і іх старшыняў, больш эфектыўнае мясцовае кіраванне.

— Праектам плана падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год, які цяпер рыхтуецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі, прадугледжана падрыхтоўка праекта Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», — дадаў Валянцін Семяняка. — Мяркуецца карэкціроўка закона з улікам практыкі прымянення Указа № 74, а таксама ўнясенне шэрагу іншых змяненняў.

У прыватнасці, плануецца скарэкціраваць паўнамоцтвы выканкамаў усіх узроўняў і іх старшыняў, дапоўніць кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканкамаў паўнамоцтвамі па ўстанаўленні ўзнагарод, ганаровых званняў, іншых форм заахвочванняў мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама па арганізацыі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі конкурсаў (аглядаў, спаборніцтваў) за кошт сродкаў мясцовага бюджэту; аптымізаваць парадак дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Аднак, акрамя пастаяннага ўдасканалення нарматыўнай прававой базы ў мэтах яе адпаведнасці запытам часу, сёння таксама вельмі важна больш актыўна далучаць грамадзян у працэсы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, прадстаўляць ім усебаковую інфармацыю аб дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання, магчымасцях іх удзелу ў вырашэнні мясцовых пытанняў, падтрымліваць канструктыўныя лакальныя ініцыятывы і развіваць практыку іх фінансавання. Органы мясцовай улады, сістэматызуючы патрэбы жыхароў у кожным населеным пункце, павінны сумесна з грамадзянамі працаваць над развіццём тэрыторый.

Пры гэтым, адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, работа парламентарыяў не абмяжоўваецца толькі падрыхтоўкай і прыняццем канкрэтнага закона. Размаўляючы з выбаршчыкамі ў акругах, узаемадзейнічаючы з правапрымяняльнікамі, вывучаючы звароты грамадзян, яны адсочваюць асаблівасці прымянення законаў.

— Гэта дазваляе зрабіць заканатворчы працэс бесперапынным, гэта значыць, прымаючы законы, ацэньваць эфектыўнасць рэалізацыі іх норм на практыцы і пры неабходнасці ўносіць у іх запатрабаваныя жыццём карэкціроўкі, — дадаў Валянцін Семяняка.

Пры наведванні шэрагу аб’ектаў Лельчыцкага раёна парламентарыі змаглі на свае вочы ўбачыць прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння органаў мясцовага самакіравання з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне паміж органамі мясцовага кіравання і самакіравання, як захоўваецца гістарычная памяць, працуюць прамысловыя прадпрыемствы, кантралюецца бяспека, а таксама асаблівасці функцыянавання сацыяльнай сферы, — з гэтым мы азнаёміліся ў ходзе выязнога мерапрыемства ў Лельчыцкі раён. Нам не проста паказалі, чым жыве раён, але і расказалі аб той рабоце, якая праводзіцца цяпер, і аб планах на будучыню. У працэсе работы мы таксама абмяняліся некаторымі меркаваннямі зыходзячы з таго вопыту, які ўжо бачылі ў іншых раёнах, у сваіх акругах. Акрамя таго, пераканаліся, што заканадаўчыя механізмы, якія функцыянуюць у нашай краіне, на гэтай тэрыторыі працуюць дастаткова эфектыўна. 

У ходзе мерапрыемства паступалі некаторыя прапановы, якія мы ўлічым у далейшай заканатворчай дзейнасці. Напрыклад, даць органам мясцовай улады больш шырокае поле дзейнасці ў плане рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Усё гэта будзе ўлічана ў рабоце над законам, — рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: Законапраект па пытаннях рэгулявання зямельных адносін разгледзяць у другім чытанні да новага года

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю