У канцы мінулага года Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон, які спрашчае рэгістрацыю зямельных участкаў і здзелкі з імі, а таксама прадоўжыў да 1 студзеня 2028 года так званую зямельную амністыю. Тэма гэта ў беларусаў надзвычай надзённая, бо яшчэ цягам трох гадоў можна будзе па спрошчанай сістэме ўзаконіць самавольна занятыя кавалкі зямлі. А падобных выпадкаў па многіх прычынах (галоўная з якіх — што зямля побач з участкамі руплівых гаспадароў пуставала) у нашых вёсках нямала. І гэта пытанне — менавіта легалізацыя занятай калісьці нікому не патрэбнай на той момант зямлі — для нашых законапаслухмяных людзей надзвычай актуальнае. Прынамсі, на нядаўнім адзіным дні прыёму, які члены Савета Рэспублікі праводзілі ў Мінскай вобласці, «зямельная амністыя» была ў топе самых папулярных зваротаў.
Зямля не павінна пуставаць, яна павінна быць у руплівых гаспадарлівых руках, неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт. «Я хачу, каб кожны беларус меў гэты кавалак зямлі», — дзяліўся ён сваёй запаветнай марай. Дзеля таго, каб кожны ахвотны мог набыць гэту зямлю, і спрашчаецца на дзяржаўным узроўні заканадаўства.
Аб тым, як працуе «зямельная амністыя» на месцах, высвятлялі нашы карэспандэнты.
У чарзе на «амністыю»
У Магілёўскім раёне больш як паўтысячы чалавек звярнуліся, каб легалізаваць сваю маёмасць. Тое, што парушальнікаў хапае, — факт неаспрэчны.
Па інфармацыі ўпраўлення землеўпарадкавання Магілёўскага райвыканкама,
толькі ў раёне іх болей за тысячу.
Землеўпарадчыкі райвыканкама сведчаць, што, нягледзячы на іх намаганні, справы з легалізацыяй самавольна занятай зямлі рухаюцца не вельмі хутка. З тысячы парушальнікаў зямельнага заканадаўства з моманту дзеяння «зямельнай амністыі» звярнулася ўсяго палова. Найбольшая колькасць зваротаў паступіла ад жыхароў Кадзінскага сельсавета — на 10 сакавіка іх было 52.
Прыём зацікаўленых грамадзян вядзецца ў сельсавеце кожны чацвер, менавіта па такім графіку працуюць землеўпарадчыкі з райвыканкама. Але летам, калі адбываецца наплыў насельніцтва, колькасць такіх прыёмаў павялічваецца.
— Калі прывязкі да спадарожнікавай здымкі, якую цяпер праводзіць «Белгіпразем», не было, людзі ўзводзілі гаспадарчыя пабудовы без аглядкі на межы свайго ўчастка і спадзяваліся, што гэта ніхто не заўважыць, — кажа старшыня Кадзінскага сельсавета Андрэй Шароў. — Калі нехта з суседзяў пачынаў скардзіцца на самавольства або парушэнні выяўляліся іншым чынам, пабудову зносілі. Дзяржава дала магчымасць легалізаваць пабудовы. Плаці грошы і ўзаконьвай сваю маёмасць. Нехта сцяну дома сабе перасунуў, лазню або павець пабудаваў — прыкладаў хапае. Разам з землеўпарадчыкамі выязджаем па адрасах, каб ацаніць памеры самабуду, выявіць парушэнні іншых норм. Ва ўсім павінен быць парадак.
Кошт паслугі па легалізацыі залежыць ад месца знаходжання ўчастка і яго кадастравага кошту. Укладваць грошы ў пустэчу, вядома, няма сэнсу. Але, калі ўчастак або пабудова паспяхова выкарыстоўваюцца, іх, бясспрэчна, трэба ўзаконіць, каб потым не было ніякіх пытанняў. Дэпутаты нагадваюць пра гэта на сельскіх сходах, адзіных днях дэпутата, іншых сустрэчах.
— Закон дзейнічае трэці год, а ўсё роўна знаходзяцца людзі, якія пра яго не ведаюць, — гаворыць старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка.
— Неяк прыйшла на прыём грамадзянка і, ледзь не плачучы, прасіла дапамогі, каб легалізаваць неўзаконеныя метры. Калі даведалася, што такая магчымасць існуе, вельмі ўзрадавалася, прызналася, што нават не чула пра закон.
Наогул, людзям вельмі пашчасціла, што такая магчымасць ёсць. Не трэба звяртацца ў суд, адказваць перад законам за самавольны захоп зямлі — пішы заяву і афармляй сваю маёмасць.
Семукацкі сельсавет — самы аддалены ў Магілёўскім раёне, тут з легалізацыяй зямлі праблем няма. За ўвесь час дзве такія зая-
вы было.
— Нядаўна звярнуліся людзі, каб узаконіць гараж, які на два метры выйшаў за межы іх участка, — прыводзіць прыклад старшыня сельсавета Тамара Укружская. — Мы дапамаглі сфарміраваць заяўку і сабраць неабходны пакет дакументаў. Чакаем землеўпарадчыкаў, каб яны правялі замеры і выдзелілі дадатковыя метры.
люс «зямельнай амністыі» ў іншым, лічыць суразмоўніца. Дзякуючы ёй больш за дзясятак дамоў на тэрыторыі сельсавета атрымалі статус жылых і болей як 200 зямельных участкаў набылі афіцыйны статус.
— Яны ўжо значыліся ў пагаспадарчых кнігах, але не былі аформлены яшчэ з савецкіх часоў, — кажа старшыня сельсавета. — Пры сумеснай рабоце з райвыканкамам па выяўленні самавольна занятых зямельных участкаў гэта высветлілася. Разам абышлі кожны населены пункт і папярэдзілі ўсіх, каго гэта датычылася. Пытанні па афармленні былі аператыўна вырашаны.
«Калі маю права, то я яго рэалізую»
Старшыня Азяцкага сельвыканкама Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, у які ўваходзіць 11 населеных пунктаў, Алена ЗІНКЕВІЧ расказала, што вырашэннем праблем па так званай «зямельнай амністыі» зацікавіліся многія вясковыя жыхары.
У асноўным людзі хочуць узаконіць участкі зямлі, якімі яны карысталіся шмат гадоў.
— Так склалася гістарычна, што, напрыклад, бацькі грамадзяніна К., а можа, яшчэ і яго дзед з бабуляй садзілі на гэтым участку бульбу, сеялі збожжавыя. Зямля гадамі апрацоўвалася, але ні ў якіх дакументах не значылася за гэтай сям’ёй. Бо раней жа толькі 25 сотак дазвалялася запісваць ва ўчастак пры жылым доме. Вось і звяртаецца названы грамадзянін у сельвыканкам з заявай. Мы яе прымаем, далей прыязджаюць спецыялісты землеўпарадкавальнай службы, праводзяць абмеры, вызначаюць кадастравы кошт зямлі. І пасля аплаты намі прымаецца канчатковае рашэнне, на падставе якога грамадзянін можа звярнуцца ў агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры па атрыманне дакумента на права валодання ўказанай зямлёй.
Зямля ў названым сельсавеце мае попыт, відаць, яшчэ і таму, што аграгарадок Азяты размешчаны недалёка ад райцэнтра, а таксама — ад Кобрына і Брэста. Вось і ў мінулым годзе брастаўчанін купіў старую хату з участкам, потым падаў заяву, узяў у арэнду гектар зямлі пад вырошчванне клубніц, аформіў вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі. Яму выдзелілі пустку, што гадамі зарастала травой ды дробным кустоўем. Новы гаспадар зямлю апрацаваў, прывёў у парадак і ўжо высадзіў расаду ягад.
Кіраўнік мясцовай улады лічыць, што дзякуючы падпісанаму нядаўна закону многія больш уважліва паставіліся да пытанняў афармлення зямельных участкаў. «Напрыклад, у нас ёсць людзі, якія купілі дамы ў Азятах. Папярэднімі ўласнікамі жылля былі грамадзяне краін блізкага замежжа, — расказвае старшыня сельскага Савета. — Паводле закона, замежнікам прадаецца ва ўласнасць толькі жылы дом, а зямля на ўчастку перадаецца ў арэнду. На такіх умовах яны і прадалі свае сядзібы нашым грамадзянам. Але нашы людзі пачалі звяртацца з заявамі, каб перавесці ўчасткі з арэнды ва ўласнасць».
Як сказала аўтарам гэтых радкоў жыхарка Азятаў Святлана С., дом, які яна набыла летась, належаў раней грамадзяніну Казахстана: «Пры здзяйсненні здзелкі мне таксама аформілі ўчастак зямлі пры доме ў арэнду. Але ж я грамадзянка Беларусі і хачу жыць па нашых законах. Калі маю права на гэты кавалак зямлі, то і рэалізую яго. Падала заяву ў сельсавет, а яны ўжо перадалі яе далей па інстанцыях. Працэдура гэтая бясплатная. Мне застанецца толькі заплаціць за новае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Хоць, на мой погляд, такі пераход маглі б праводзіць адразу аўтаматычна пры набыцці дома з участкам грамадзянінам нашай краіны. Можа, так і будзе ў далейшым. Заканадаўства ж мяняецца, удасканальваецца».
«Ёсць магчымасць — трэба рабіць»
«Часцей за ўсё людзі да нас звяртаюцца з сітуацыямі, калі пры будаўніцтве на зямельным участку, прадстаўленым раней ці нядаўна, недзе памыліліся, не разлічылі правільна і паставілі капітальны будынак з парушэннем мяжы свайго ўчастка».
Аб практыцы работы з насельніцтвам у гэтым кірунку распавяла старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў
Гомельскага раёна Жанна Бізня: «У кагосьці вылез вугал альтанкі, гаража ці іншай гаспадарчай пабудовы. Даволі часта ў нас людзі хочуць узаконіць капітальныя агароджы, якія ўстаноўлены з парушэннем межаў», — патлумачыла кіраўнік сельскага Савета.
— Сярод тых, хто да нас ужо звярнуўся па зямельнай амністыі, пераважная большасць людзі, якія хочуць легалізаваць факт частковага самавольнага заняцця. Усе канкрэтныя выпадкі разглядаюцца індывідуальна, — падкрэсліла Жанна Бізня. — Людзей інфармуем, што галоўная ўмова, каб іх выпадак самавольнага заняцця зямельнага ўчастка быў разгледжаны, — сам факт яго заняцця павінен быць не пазней за 1 верасня 2022 года. У тым ліку гэты факт мусіць быць пацверджаны.
— У нас ёсць выпадкі, калі ў ранейшыя гады пры афармленні дакументаў на зямлю людзям усталёўвалі межы ўчастка па прамой з разліку 25 «сотак» дапушчальнай максімальнай плошчы, а за мяжой участка пакідалі лазню. Цяпер пры жаданні людзі могуць узаконіць гэты будынак, — звярнула ўвагу суразмоўца.
Сельсавет прымае заяву на легалізацыю і пакет неабходных дакументаў, а пасля накіроўвае даручэнне на разгляд камісіі пры райвыканкаме, дзе ўжо прымаецца станоўчае ці адмоўнае рашэнне. Калі прынята станоўчае рашэнне, сельвыканкам атрымлівае заключэнне і інфармуе грамадзяніна аб тым, што яго справа накіроўваецца далей у праектную арганізацыю. Так што чалавеку ўжо не трэба паўторна хадзіць па інстанцыях, ён проста чакае званка з сельсавета.
— Хтосьці з тых, хто звяртаўся на гэту тэму, прызнаваўся, што разлічваў легалізаваць, як кажуць, «самаволку» абсалютна бясплатна. Мы тлумачым людзям, што закон дазваляе скарыстацца растэрміноўкай аплаты, — распавяла дэпутат. — Але большасць тых, хто ўжо звярнуўся, вырашылі ісці да канца, кажуць, што цягнуць не хочуць. Пакуль ёсць магчымасць зарэгістраваць свае будынкі і зямлю па законе, трэба рабіць.