Ад псарыязу пакутуе ад 1 да 9 % насельніцтва планеты ў залежнасці ад клімату і геаграфіі рэгіёна. Прычым да захворвання схільныя людзі любога ўзросту і полу. У сярэднявеччы псарыяз часта блыталі з праказай, называючы «ружай д’ябла», а хворых спальвалі на вогнішчы. Чым сёння небяспечны гэты дэрматоз? Якія найноўшыя метады лячэння існуюць? Пра гэта расказала галоўны пазаштатны спецыяліст па дэрматавенералогіі Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Ганна МУЗЫЧЭНКА.
Псарыяз — гэта хранічнае аўтаімуннае неінфекцыйнае захворванне, якое можа прывесці нават да інвалідызацыі. Але сёння яно добра кантралюецца, існуе шмат метадаў лячэння. Многія фактары яго ўзнікнення дастаткова вывучаны, але даследаванні працягваюцца і сёння.
У сувязі з гэтым становяцца даступнымі новыя метады лячэння.
Захворванне дастаткова распаўсюджанае. У Беларусі ад яго пакутуе каля 3 % насельніцтва. Летась каля 30 тысяч пацыентаў з псарыязам звярнулася ў дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя.
— Захваральнасць расце з году ў год, да псарыязу схільныя людзі любога ўзросту і полу. Вядомыя выпадкі яго ўзнікнення ў першыя шэсць месяцаў пасля нараджэння, таксама дыягнаставаць захворванне можна і пасля 70 гадоў. 10 % хворых на псарыяз — дзеці і падлеткі да 18 гадоў. На працягу жыцця хвароба можа мяняць свой характар, і прадбачыць яе ход у шэрагу выпадкаў немагчыма, — расказвае Ганна Музычэнка.
Што датычыцца спадчыннасці, то перадаецца не само захворванне, а схільнасць да яго. Калі хворы адзін з бацькоў, рызыка захварэць складае каля 14–20 %, калі абое, то рызыка — 50 %. Прафілактыкі захворвання не існуе, паколькі яно аўтаімуннае. Аднак пры захаванні здаровага ладу жыцця, выключэнні пэўных шкодных фактараў пацыенты з псарыязам пры выкананні ўсіх рэкамендацый урача могуць жыць доўга.
Фактары рызыкі
Існуе шмат форм захворвання. Часцей за ўсё яно праяўляецца на скуры ў выглядзе бляшачнага псарыязу, яго маюць каля 85 % ад усіх зарэгістраваных пацыентаў. Каля
30 % хворых у будучым могуць мець псарыятрычны артрыт. Часам захворванне пачынаецца з паражэння не скуры, а суставаў. Паколькі псарыяз — сістэмнае захворванне, то ў пацыентаў могуць узнікаць запаленчыя захворванні кішэчніка, сардэчна-сасудзістыя паталогіі, метабалічныя парушэнні. Ёсць і анкарызыкі, хоць раней лічылася, што людзі з псарыязам менш за ўсё ў папуляцыі схільныя да анкахвароб. Таму псарыяз небяспечны не столькі сваімі скурнымі праявамі, колькі ўскладненнямі.
— У 30-гадовага пацыента са скурнай формай псарыязу рызыка развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі, у тым ліку інфаркту міякарда, цягам 10 гадоў павышана ў
7 разоў, — прыводзіць прыклад Ганна Музычэнка.
Адным з асноўных фактараў рызыкі з’яўляецца стрэс. Часам пацыенты самі адзначаюць, што непрыемная падзея ў жыцці прывяла да першага з’яўлення псарыязу. Таксама ўплываюць курэнне і злоўжыванне алкаголем. Усё часцей у якасці «правакатараў» спецыялісты называюць парушэнні харчавання, марбіднае атлусценне (крайне лішняя вага).
Зімовы і летні
Нягледзячы на тое, што ёсць лёгкія формы, сярэднецяжкія і цяжкія, псарыяз у любым праяўленні мае патрэбу ў сваім варыянце лячэння. Часцей за ўсё арганізм чалавека з псарыязам негатыўна рэагуе на змену надвор’я, сустракаюцца абвастрэнні ў асенне-зімовы перыяд. Такім пацыентам падыдзе клімататэрапія ці фотатэрапія, якія прыводзяць да добрай рэмісіі. Радзей сустракаюцца формы, калі псарыяз працякае незалежна ад сезона і надвор’я аднолькава цяжка. Зусім рэдкія летнія формы, калі сонца абвастрае ход хваробы
— Важнымі ў тэрапіі з’яўляюцца вонкавыя сродкі, гэта першая лінія ў лячэнні, у тым ліку для лёгкіх форм псарыязу яны з’яўляюцца абавязковымі. Гэта касметычныя прадукты, якія захоўваюць натуральную вільготнасць скуры і водна-ліпідную мантыю, якая абараняе яе, — звяртае ўвагу Ганна Музычэнка.
Яшчэ адзін элемент тэрапіі — глюкакартыкоіды, вонкавыя стэроідныя гармоны. Аднак яны, дапамагаючы пры лёгкім цячэнні, спалучаны з высокімі рызыкамі ўскладненняў, асабліва пры працяглым выкарыстанні. Такія прэпараты патрабуюць кантраляванага прымянення, бо ў далейшым у пацыента можа з’явіцца залежнасць.
Для лячэння рэкамендуюць прымаць і стэроідазберагальныя прэпараты. Яны валодаюць меншым тэрапеўтычным эфектам, але нізкай рызыкай узнікнення бактэрыяльных ускладненняў. Ёсць сродкі сістэмнай тэрапіі, яны неабходны пацыентам з сярэднім і цяжкім ходам псарыязу. Сёння ў Беларусі даступны і высокатэхналагічныя метады лячэння, напрыклад генна-інжынерныя прэпараты.
Алена КРАВЕЦ