Top.Mail.Ru

Як цяга да вялікай нажывы ламае лёсы польскіх і літоўскіх грамадзян

У сярэдзіне чэрвеня акруговы суд польскага Беластока вынес абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да трох палякаў 22-26 гадоў. Пазбаўленне волі на 2,5 года, забарона на кіраванне транспартнымі сродкамі на 5 гадоў, ды яшчэ амаль 15 тысяч еўра штрафу — вось так польскае правасуддзе ацаніла ўдзел галоўнага фігуранта справы ў кантрабандзе цыгарэт і спробу ўцёкаў ад паліцэйскага патруля ў момант перавозкі нелегальнага грузу. Астатнія ўдзельнікі злачыннай групы абышліся, што называецца, лёгкім спалохам — атрымалі ўмоўныя тэрміны.


Здавалася б, урок усім кантрабандыстам! Але не, урок гэты засвоены не быў. Літаральна праз пару дзён пасля вынясення прысуду польскім аматарам лёгкай нажывы ўжо ў Літве Службай аховы дзяржаўнай граніцы была затрыманая жанчына пры спробе перагрузіць з аднаго транспартнага сродку ў іншы скрынкі з кантрабанднымі цыгарэтамі. Усяго ў грамадзянкі Літвы было канфіскавана 33 370 пачкаў цыгарэт без акцызных марак, агульным коштам больш за 170 тысяч еўра! Як аказалася, менш за год таму кантрабандыстку-рэцыдывістку ўжо затрымлівалі за такое ж злачынства. Тады кошт незаконнага грузу ацанілі ў амаль чвэрць мільёна еўра! Заканамерны вынік — жанчыну чакае пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі на тэрмін да васьмі гадоў.


Паведамленні аб затрыманні ў Польшчы ці краінах Балтыі кантрабандыстаў з той ці іншай колькасцю беларускіх цыгарэт з’яўляюцца дастаткова часта. Толькі за апошнія некалькі месяцаў, апроч ужо названых, быў затрыманы шэраг арганізаваных груп, якія зараблялі нелегальным бізнесам. Так, польскія праваахоўнікі ў сакавіку знайшлі сховішча з кантрабанднымі тытунёвымі вырабамі (1,8 млн штук цыгарэт) і затрымалі двух грамадзян Польшчы, якім цяпер пагражае да 3-х гадоў пазбаўлення волі. Таксама 29 мая за цыгарэтную кантрабанду было арыштавана сем грамадзян Польшчы, 12 чэрвеня — шэсць палякаў і адзін грамадзянін Арменіі. У Літве ў канцы мая былі затрыманыя аж 27 кантрабандыстаў, прычым 10 з іх аказаліся мясцовымі паліцэйскімі, а 3 — пагранічнікамі! У Латвіі нядаўна завяршылася следства па справе двух латышоў і шасцярых грамадзян Літвы, якіх абвінавацілі ў нелегальнай перавозцы 120 тысяч цыгарэт. Дарэчы, літоўская Служба аховы дзяржаўнай граніцы адзначае, што больш за палову тытунёвай кантрабанды ў краіну зараз паступае не праз літоўска-беларускую граніцу, а якраз з тэрыторыі Латвіі.

Зыходзячы з вышэйпрыведзеных фактаў, няцяжка зразумець, што арганізатарамі і галоўнымі выгадаатрымальнікамі злачынных схем з’яўляюцца грамадзяне сумежных з Рэспублікай Беларусь дзяржаў. Удзел у кантрабандзе цыгарэт не толькі звычайных літоўцаў і палякаў, але і прадстаўнікоў праваахоўных органаў і службовых асоб Літвы, сім-карты літоўскіх і польскіх аператараў, убудаваныя ў gps-трэкеры метэазондаў, якія выкарыстоўваліся для перамяшчэння грузаў праз мяжу, нарэшце, шырокая сетка мясцовых «перакупаў», што прымалі нелегальны тавар і займаліся яго перапродажам у іншыя краіны Еўрасаюза, — усё гэта сведчыць аб маштабе і значэнні нелегальнага гандлю беларускімі цыгарэтамі менавіта ў ценявых эканоміках Польшчы і Літвы.

Корань праблемы закапаны не так ужо і глыбока. Калі параўнаць кошт тытунёвых вырабаў у Беларусі і краінах ЕС, то становіцца зразумела, каму і навошта гэта патрэбна. У нас пачак цыгарэт у сярэднім каштуе каля 1,3-1,5 еўра. У Польшчы — у дыяпазоне ад 4 да 6 еўра, а ў Літве нават крыху больш — ад 5 да 6,5 еўра. Але найболей выгадна збываць кантрабандны тавар у Германію, дзе цэны на тытунь не тое што кусаюцца, а становяцца прама завоблачнымі: пачак цыгарэт каштуе ад 7,5 да 8,5 еўра! Вось і імкнуцца замежныя нелегальныя барыгі-капіталісты атрымаць свае 300-500 працэнтаў прыбытку, усё, як Карл Маркс апісваў. І не баяцца дзеля гэтага рызыкнуць і грашыма, і рэпутацыяй.
Тым больш, што асноўныя рызыкі падаюць на плечы радавых выканаўцаў, якіх вярбуюць з ліку неўладкаванай польскай і літоўскай моладзі, асоб з крымінальнымі схільнасцямі і інш. Ну, часам і беларусаў падключаюць, павінен жа нехта ім тут цыгарэты купіць! Хоць купля ў нашай краме цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі і злачынствам і нават правапарушэннем, па сутнасці, не з’яўляецца. А з’ехаць у Еўропу ў якасці кур’ера беларускім грамадзянам (нават калі б хацелі) не дазваляе візавая палітыка ЕС, бо атрымаць запаветны «шэнген» для беларуса сёння той яшчэ квэст! Так што асноўны цяжар крымінальных дзеянняў даводзіцца браць на сябе еўрапейцам, якія ступілі на слізкі шлях несумленнай нажывы.


Цікава адзначыць, што кошт цыгарэт на літоўскім рынку стабільна расце з-за абавязацельстваў афіцыйнага Вільнюса перад ЕС і павышэння падаткаў для фінансавання абароннага бюджэту. Так што кожная выкураная літоўцам цыгарэта — гэта чарговы ўклад у мілітарызацыю краіны, лішні патрон у абойме, дадатковая супрацьпяхотная міна на мяжы, чарговы нямецкі салдат у Руднінкаі і да т. п. Гэта пры ўмове, што набыта яна афіцыйна і з яе ўсе падаткі ў літоўскую казну выплачаны. Бо акцыз на тытунь у Еўрасаюзе можа складаць да 84 % ад кошту пачка! А вось кантрабанда — гэта ўжо ўдар па дзяржбюджэце, гэта грашовы ручай міма касы!

Таму і шалеюць літоўскія (ды і польскія) чыноўнікі, калі сутыкаюцца з масавымі выпадкамі ўвозу нелегальных цыгарэт. І не знаходзяць нічога лепшага, чым абвясціць вінаватай у такім становішчы Рэспубліку Беларусь. Істэрыкі пачынаюць закочваць, пра нейкія гібрыдныя пагрозы казаць, нават граніцу спрабавалі закрываць (праўда, чамусьці сухапутную, што абсалютна не замінае метэазондам па паветры працягваць яе перасякаць).

Вядома, перакладаць з хворай галавы на здаровую і вінаваціць у сваіх бедах каго заўгодна, акрамя сябе — значна прасцей і лягчэй. Лягчэй, чым кантраляваць уласных хабарнікаў і карупцыянераў з урада, паліцыі і пагранічнай службы, якія бяруць пад свой дах кантрабандны бізнес у такіх маштабах, якія прыватным кантрабандыстам-адзіночкам і не сніліся. Бо цэлымі фурамі часта вязуць цыгарэты! І фуры гэтыя цудоўна праходзяць мытны і пагранічны кантроль. Таму што прыбытак трапіць хоць і не наўпрост у дзяржаўную казну Літвы ці Польшчы, але хаця б у прыватную кішэню тых афіцыйных асоб, хто за гэту казну адказвае. Канешне, так прасцей і выгадней, чым звязацца з адпаведнымі службовымі асобамі Беларусі, надзеленымі паўнамоцтвамі, сустрэцца і ў нармальным дыялогу абмеркаваць і вырашыць усе пытанні, без «гвалту», як неаднаразова прапаноўваў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Але беларусы — народ цярплівы. І хоць не мы гэту кантрабандную дзейнасць развялі, але дапамагчы суседзям у яе спыненні (калі ў іх, суседзяў, будзе на тое жаданне) зможам.

Аляксей Бяляеў, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю