Тэма закінутых дамоў і ўчасткаў у невялікіх населеных пунктах, якіх, на жаль, нямала, пастаянна ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. Літаральна нядаўна, падчас рабочай паездкі ў Салігорскі раён, Аляксандр Лукашэнка зноў яе закрануў. Прэзідэнт заявіў, што сельгасугоддзі пад будаўніцтва больш выдзяляцца не будуць — хапае занядбаных участкаў з закінутымі хатамі ў вёсках. З імі трэба наводзіць парадак — калі не для карыстання жадаючым, дык уключаць у сельгасабарот. «Каб усё зааралі, непатрэбнае прыбралі», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Нашы карэспандэнты пацікавіліся на месцах, як вырашаецца пытанне. Вядома ж, мясцовыя саветы дэпутатаў прымаюць у гэтым самы актыўны ўдзел.
На месцы быльнягу — кукуруза
Як расказаў старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, у раёне рэгулярна праводзяцца выязныя дні сельсавета. Гэта дае магчымасць адсочваць праблемы, якія ёсць, а таксама аператыўна вырашаць пытанні і звароты грамадзян. На сходах прысутнічаюць усе старшыні сельсаветаў (іх у раёне сем) і кіраўнікі гаспадарак. Фарміруецца маршрут, па якім дзейнічае група. І адно з прыярытэтных пытанняў — знос або продаж пустых дамоў. На Зэльвеншчыне па гэтым кірунку працуюць вельмі шчыльна.
— Пасля зносу дамоў, якім так і не знайшлі гаспадара, мы праводзім рэкультывацыю зямель і бяром іх у сельскагаспадарчы абарот, — расказаў Вадзім Панасік. — Навошта, каб дарма зямля прападала. З пачатку года ўжо знесена больш за 70 дамоў, яшчэ шэсць удалося прадаць за адну базавую. Мы стараемся ісці на апярэджанне і перавыконваць матрыцу, вядома, зыходзячы з бюджэтных магчымасцей. Але план — адпрацоўваць па 100 дамоў штогод, няхай гэта будзе знос або продаж. Добра, калі ўдаецца знайсці хаце новага ўладальніка. Як правіла, гаспадары адказна ставяцца, даглядаюць участак. І знешні выгляд населенага пункта адразу пераўтвараецца, становіцца прыгажэйшым.
Вынікі праведзенай работы удалося на свае вочы убачыць у Дзярэчынскім сельсавеце. Атрымліваецца вельмі цікава. Едзеш па вёсцы — хаты, хаты, хаты, а потым раз — і ўчастак з кукурузай, потым зноў хаты. Адразу відаць, колькі ўжо зямлі не пустуе, не зарастае бур’янам. Як кажа старшыня, няхай там расце кукуруза ці жыта каласіцца, чым будзе стаяць непрывабны і нікому не патрэбны дом. Калі мясцовасць балоцістая, сеюць траву на ўкос. Каб сапраўды ні метра квадратнага дарма не прапала. Бывае, што на месцы зносу няма ўрадлівай глебы, тады яе завозяць.
— Праца па зносе дамоў у асноўным праводзіцца ў асенне-зімовы перыяд. Загадзя рыхтуем усе неабходныя дакументы, якія дазволяць нам знесці хату. У зносе і ўборцы дапамагаюць нашы гаспадаркі. а мы асвойваем бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца райвыканкамам. Сёлета асвоена больш за 20 000 беларускіх рублёў, — расказаў старшыня Дзярэчынскага сельсавета Аляксандр Белекала.
Але, як аказалася, перш чым на ўчастку вырастуць сельгаскультуры, трэба вельмі пастарацца, бо знос — гэта не так проста, як можа падацца. Вось, напрыклад, у тым жа Дзярэчынскім сельсавеце якраз ішлі работы па падрыхтоўцы дамоў да зносу. Адзін быў ужо амаль гатовы, з вычышчаным участкам. А непадалёк закінутая хата, работы толькі пачаліся. Які ж там быльнёг і хмызняк! Глядзіш і думаеш: як гэта ўсё прыбраць?! Ледзь прайшлі ўглыб двара, добра, што рабочыя ўжо пратапталі сцяжынку. Цяжка паверыць, што на гэтым месцы будзе поле з кукурузай. Але ўсё магчыма дзякуючы працы чалавека!
На адзін дом — шэсць жадаючых
«Званок. Падымаеш — на тым баку радасны голас: «Дзякуй, Генрыхаўна, за суседзяў!» Не адну такую зваротную сувязь ад суседзяў-вяскоўцаў, калі закінутыя дамы знаходзяць новых дбайных гаспадароў, за 12 гадоў кіравання атрымала старшыня Цярэніцкага сельвыканкама Гомельскага раёна Алена Козырава.
— У нас, дасць Бог, зусім хутка будзе свой чаканы «юбілей» з гэтай нагоды — 30 дамоў знайшлі новых гаспадароў, — дзеліцца Алена Генрыхаўна. І для кіраўніка сельадміністрацыі і для мясцовых жыхароў, вядома, вялікая радасць, калі дамы не пустуюць, прыязджаюць, жывуць людзі. Весялей!
На тэрыторыі — 19 населеных пунктаў і крыху больш за 1400 жыхароў. Хоць Цярэніцкі сельсавет адносна недалёка ад абласнога цэнтра, але безгаспадарнае жыллё ёсць.
Бывае, канстатуе Алена Козырава, калі адзінокі ўласнік дома спачыў, кіраўніку сельвыканкама не адзін год даводзіцца шукаць спадчыннікаў, праводзіць цэлае расследаванне.
— Быў выпадак, — працавала з безгаспадарным домам, маёмасць была зусім занядбаная, без гаспадара, і дом трухлеў, і ўчастак зарастаў. Цяжка глядзець, — узгадвае Алена Козырава. — Доўга шукала спадчыннікаў. Урэшце знайшла дзяцей апошняга спачылага ўласніка дома. Пры жыцці ён не падтрымліваў ніякіх сувязяў з былой жонкай, з дарослым дзецьмі. Яны не чакалі нават, што могуць атрымаць у спадчыну бацькоўскі дом. Уступілі ў правы. Прывялі ў парадак і дом, і ўчастак. І да гэтага часу радуюся за іх — добрыя гаспадары.
Цяпер 30 домаўладанняў на тэрыторыі Цярэніцкага сельсавета — у рэестры пустуючых дамоў. Па некалькіх зроблены запыты ў адпаведныя службы для прызнання гэтага статусу. Прычына падобных фактаў з жыллём часцей за ўсё — смерць уласніка. Калі праз год спадчыннікі не ўступілі ў правы на дом, жыллё лічыцца вымарачнай маёмасцю, і сельвыканкам можа прыступаць да працэдуры прызнання статусу безгаспадарнага жылля праз суд. Але перад падачай дакументаў у суд абавязкова вядзецца пошук спадчыннікаў. Даводзіцца сустракацца з дадатковымі складанасцямі ў гэтым плане, калі спадчыннік пражывае на тэрыторыі іншай дзяржавы.
Калі ўсё ж спадчынніка ўдаецца знайсці і ён адмаўляецца ўступаць у правы на жыллё, сельвыканкам бярэ на сябе абавязак разбірацца з занядбанай маёмасцю. У залежнасці ад стану дома прымаецца рашэнне аб яго зносе ці рэалізацыі.
— Летась у населеных пунктах нашага сельсавета пяць дамоў набылі новых гаспадароў, — расказвае старшыня Цярэніцкага сельвыканкама. — Сёлета па шасці дамах прынята рашэнне аб зносе, а сем рэалізавана. Сярод апошніх новых уласнікаў некаторыя ўжо зарэгістравалі сваё жыллё. Зараз, дарэчы, у пасёлку Жытоўля выстаўлены на продаж дом за адну базавую велічыню, але на працягу месяца набыць яго захацелі шэсць жадаючых, таму прызначаны аукцыён, — дадае кіраўнік сельвыканкама.
Па законе пасля набыцця дома на працягу года новыя ўласнікі павінны прывесці ў парадак дом, прысядзібную тэрыторыю, усталяваць агароджу, а на працягу паўгода — аформіць дакументы на дом.
Сярод тых, хто набывае жыллё ў нашым сельсавеце, кажа кіраўнік сельвыканкама, — у тым ліку маладыя пары, сем’і з дзецьмі. Адразу бяруцца прыводзіць жыллё ў парадак. Ніхто не пужаецца вясковага быту, што ў такіх дамах, зразумела, няма выгод. І электраацяпленне праводзяць, і ваду — усё вырашальна для тых, хто сапраўды хоча мець дом у вёсцы.
За гады практыкі работы з кінутымі дамамі Алена Генрыхаўна пераканалася, — нават калі ўсё робіш па літары закона, варта абавязкова памятаць, што гэта ўсё не пра сцены, а пра людзей.
— У падобнай дзейнасці, лічу, трыста разоў усё трэба праверыць, — пераканана кіраўнік сельвыканкама. — Стопрацэнтна пераканацца, што жыллё без гаспадароў, што няма спадчыннікаў ці яны адмаўляюцца ўступаць у правы, бо наша работа па любому нават старэнькаму кінутаму дамку можа вызначыць чыйсьці лёс.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА