Алена Хацітоўская — у Слаўгарадзе асоба вядомая. Яна загадчыца метададдзела ў раённым цэнтры культуры, а па сумяшчальніцтве — яшчэ і старшыня мікразоны «Чырвонаармейская». Сваю прафесію і грамадскую дзейнасць не падзяляе, па ўсіх кірунках працуе на сумленне. Па выніках мінулага года яе мікразона прызнана найлепшай у раёне. Што датычыцца работы, то яе яна робіць з ухілам у мясцовую гісторыю. Вось ужо амаль пяць гадоў яна разам з калегамі робіць рэканструкцыю рэальных падзей на тэрыторыі Слаўгарадчыны перыяду вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Выхаванне гісторыяй
— Сцэнарый быў напісаны па словах відавочцаў, — расказвае Алена. — Вёска Рабавічы лічыцца ў нас партызанскай. На тэрыторыі раёна дзейнічала 16 партызанскіх фарміраванняў, у тым ліку і знакамітага палка «13», якім камандаваў Сяргей Грышын.
Эпізод якраз адбываецца на тэрыторыі вёскі і звязаны з партызанамі. Да іх прыходзіць маладая пара, якая толькі што пабралася шлюбам. Яна — сувязная, ён — адважны герой, які ўзарваў мост, па каторым рухалася нямецкая тэхніка. Яны разам, і таму вельмі шчаслівыя, хаця адусюль пагражае смерць. Радуюцца сціплым вясельным падарункам у выглядзе мыла, патронаў, кавалачка парашутнага шоўку, які нявеста выкарыстала для вэлюма. Немцы побач, таму лясныя жыхары стараюцца не шумець. Шмат зла натварылі ворагі. Партызаны ўспамінаюць пра востраў Жалезны, дзе хаваліся ад акупантаў жанчыны, дзеці, старыя. Нелюдзі пра гэта даведаліся і разбамбілі востраў з паветра. З трыццаці чалавек у жывых засталася толькі дзяўчынка, якую бабуля прыкрыла сваім целам. Партызаны абяцаюць адпомсціць за невінаватых людзей. Яны нават не сумняваюцца, што перамогуць ворага.
— Гэтую інсцэніроўку шмат хто ведае, мы яе заўсёды паказваем нашым гасцям, дэлегацыям, — расказвае Алена. — Маладыя сужэнцы ў гэтым ваенным эпізодзе — сімвал кахання і непахіснасці. Іх вобразы натхняюць усіх. Рыхтавалі гэты міні-спектакль да Дня вызвалення раёна, ён прыжыўся і цяпер у рабоце. Яго бачылі і нашы сябры з горада-пабраціма Арзамаса, навучэнцы ўсіх раённых школ. Гісторыя чапляе. Мы спецыяльна зрабілі нумар невялічкім, каб лягчэй успрымаць. І ён карыстаецца поспехам.
А ў аснове абраду «Засеўкі» — слаўгарадскія традыцыі. Алена таксама прымала ўдзел у яго падрыхтоўцы. Нядаўна ён ладзіўся ў раёне. Відовішча вельмі прыгожае, прызнаецца суразмоўніца.
— Сабраліся ўсе старшыні аграгаспадарак, прадстаўнікі райвыканкама, — расказвае яна. — Далі ўсім па рэшаце з зернем, і яны пайшлі за канём сеяць. А мы іх натхнялі спевамі. Так працавалі нашы продкі — з песняй, радасцю, добрым настроем.
Кніга добрых спраў
Мікразона «Чырвонаармейская» вялікая — 11 вуліц і 3 завулкі, дзе жыве 860 чалавек. Разам з мясцовымі дэпутатамі Алена Хацітоўская перыядычна абыходзіць гэту тэрыторыю, цікавіцца ў насельніцтва, якія ёсць праблемы.
— Неяк жыхары з вуліцы Янкі Купалы паскардзіліся, што водаканал мяняў трубы, а дарогу пасля сябе не аднавіў як трэба, — расказвае актывістка. — Прыйшлося ўмяшацца. Вырашаем пытанне па ўладкаванні прыпыначнага пункта паміж бальніцай і рынкам. Адлегласць вялікая, людзі просяць, каб зрабілі дадатковы прыпынак. Яшчэ прагучала прапанова ад людзей сталага веку, каб у гарадскім парку аднавілі лесвіцу. Працуем і над гэтым пытаннем.
Алена — жанчына энергічная, заўсёды гатова паказаць прыклад. Пад яе кіраўніцтвам жыхары выходзяць на пазапланавыя суботнікі, наводзяць парадак у парку, у берагавой зоне Сожа, на могілках. Мінулы год наогул быў багаты на добрыя справы. За гэта і адзначылі іх мікразону. Яна з памочнікамі паклапацілася па выніках дзейнасці зрабіць змястоўны фотаальбом. Сваёй драўлянай абгорткай ён нагадвае скарбніцу, у якой нашы бабулі захоўвалі ўсё самае важнае і галоўнае. Тут таксама сабраны найлепшыя прыклады па навядзенні парадку на зямлі. Нехта каля дома такую прыгажосць стварыў, што немагчыма без захаплення прайсці міма, яшчэ на адным здымку — малыя архітэктурныя формы, зробленыя таленавітай рукой майстра-самавучкі, а вунь народ шчыруе талакой, прыбірае смецце і чысціць тэрыторыю ад пустазелля.
— Навокал шмат руплівых людзей, разам мы робім наша жыццё больш прыгожым і цікавым, — кажа старшыня мікразоны. — Я вельмі ўдзячная ўсім за неабыякавасць і стараннасць. Разам мы — сіла.
Фота з архіва Алены ХАЦІТОЎСКАЙ